Казка жыве ў двары Гурынаў

Лента новостей

Аляксандр Анатольевіч Гурын—вадзіцель сельгаскааператыва “Цецяроўка”, яго жонка, Галіна Іванаўна,— у недалёкім мінулым настаўніца пачатковых класаў, любімай справе яна аддала каля 30 гадоў. Іх прасторны, светлы цагляны дом у Пагранічным выдзяляецца сярод іншых рукатворнай прыгажосцю як унутры, так і знешне. А двор, без перабольшвання, нагадвае казачную краіну. Тут хочацца пабыць даўжэй, хочацца любавацца дзівоснымі, маляўнічымі куточкамі.
Яе, казку, стваралі сумесна гаспадыня і гаспадар. Не адставалі, вучыліся ў бацькоў і абодва сыны. А цяпер да малодшага, які жыве ва ўласным доме ў Гродна, прыязджаюць прадстаўнікі мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, каб не толькі палюбавацца хараством у двары, але і сфатаграфаваць яго, паставіць у прыклад іншым, як можна аздобіць уласную сядзібу.
… Пачыналася ж усё так. Галіна Іванаўна, бываючы ў суседняй Польшчы, ахала ад здзіўлення і замілавання, любуючыся падворкамі мясцовых жыхароў. Там расло не толькі мноства кветак, але і – незвычайныя паўднёвыя дрэўцы ў вазонах, якія на зіму ўносіліся ў хату (як потым жанчына даведалася–гэта бругмансія). Улетку яны радуюць такім цвіценнем і такім цудоўным пахам! Пасярод гэтага хараства “разгульвалі” керамічныя птушкі, звяркі, жывёліны…
— Хачу, каб і ў нашым двары была такая прыгажосць!—рашыла Галіна Іванаўна. Муж зразумеў яе і падтрымаў. А неўзабаве двор Гурынаў пачаў непазнавальна мяняцца. Перад вокнамі, у палісадніку, зацвіло мноства кветак. Сёння тут 60 кустоў ружаў, цэлая плантацыя гладыёлусаў, ёсць гіяцынты, ліліі, званочкі… Я не бяруся нават пералічыць усё.
Усюды, дзе толькі можна, вісяць гаршочкі з рознага колеру петуніяй. У двары мноства зон адпачынку. У адной журчыць фантан, у другой над калодзежам “прыселі” ў гнёзды буслы, у трэцяй—альпійская горка, у чацвёртай буйствуюць кветкамі пышныя бругмансіі… І ўсюды керамічныя фігуркі птушак, звяркоў. Унукам тут заўсёды цікава! Паехаць да бабулі з дзядулем—гэта значыць трапіць у прыгожую казку. А маленькая Ангелінка дык сябруе з усімі казачнымі героямі, прачынаецца ранкам—і адразу да іх.
Я сама, не паверыце, перш-наперш таксама іду ў свае любімыя мясцінкі,— прызнаецца Галіна Іванаўна.—Усё, што зроблена тваімі рукамі, прыносіць і задавальненне, і асалоду. А ўвечары прысядзем з мужам у адным са сваіх куточкаў—і адыходзяць усе клопаты, уздымаецца настрой. Лепшай рэлаксацыі і не трэба.
Вядома, работы шмат: і хата, і падворак патрабуюць пастаяннай увагі ды клопату. Але для Галіны Іванаўны любая праца, а тым больш на зямлі—у радасць. І гэта, бадай, перадалося ёй ад маці, Ніны Емельянаўны, якая ў 85 гадоў даглядае вялікі агарод, і прадукцыю з яго нават закупляюць нарыхтоўшчыкі.
… Калі пасёлак Пагранічны адзначаў юбілей, дваром Гурынаў любаваліся ганаровыя госці з раённага цэнтра, з Гродна. Гаспадарам прынародна ўручылі Падзячнае пісьмо Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Прыемна было адчуць такое прызнанне уладальнікам двара ўзорнага парадку, а землякам прыемна было парадавацца за іх.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *