З любімай справай — усюды цікава

Лента новостей

IMG_0023Так мяркуе малады аграном СВК “Пархімаўцы” Станіслаў Пінюта. Нядаўна ён яшчэ быў студэнтам, у 2011 годзе закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Вясковага хлопца са Свіслацкага раёна цікавіла раслінаводства і прымяненне сваіх ведаў на практыцы. Выбар яго быў свядомы, а пра тое, каб застацца ў абласным цэнтры, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, ён і не думаў. Не сакрэт, што так робіць нямала выпускнікоў, якіх літаральна захапілі ў палон “агні вялікага горада”, а дзяржава між тым выдаткоўвае немалыя грошы на іх адукацыю. І нават тады, калі нехта адпрацоўвае два гады, а потым пакідае вёску, праблема не вырашаецца, таму што спецыялісты гаспадаркам патрэбны. Аднак той, хто выбраў вёску, не прагадаў.
Чаго варты толькі адзін такі важкі “бонус” для маладых спецыялістаў, як прадстаўленне жылля? У буйных гарадах бяс­платна атрымаць кватэру ўжо не атрымаецца, як гэта было ў гады існавання Савецкага Саюза, ці пазней, калі будавалі жыллё з выкарыстаннем льготных крэдытаў. А ў аграгарадках маладым сем’ям даюць камфорт­ныя асабнякі. Вось і Станіславу ў СВК “Пархімаўцы” паабяцалі ў перспектыве вырашыць жыллёвую праблему, калі ён будзе жанаты. Выдатна, калі маладая сям’я пачынае сумеснае жыццё з добрага ўтульнага жылля, гэта трывалы падмурак таго, што яна будзе дружнай і моцнай. Як цікава расказвае Станіслаў пра сваю работу! Магчыма, некаму цяжка будзе знайсці рамантыку ў такім празаічным занятку, напрыклад, як унясенне мінеральных і арганічных угнаенняў у глебу, а малады чалавек бачыць у гэтым сакрэт яе эфектыўнага акультурвання і выкарыстання, залог будучага шчодрага ўраджаю. Без належнага “харчавання” для раслін нічога не будзе, яны як і ўсё жывое, маюць патрэбу ў пажыўных рэчывах. Затое як прыемна бачыць, што намаганні аграрыяў недарэмныя, даюць плён, а ніва рунее і каласіцца. Якасць глебы ў СВК “Пархімаўцы” сярэдняя, нямала плошчаў займае суглінасупесак. Збалансаванае ўнясенне ўгнаенняў, захаванне новых тэхналогій дапамагае атрымаць, нягледзячы на капрызы надвор’я, чаканы добры вынік.
Належная ўвага ў гэтай гаспадарцы надаецца і сева­зваротам. Тут трэба ўлічваць і своеасаблівыя “густы” раслін, правільныя папярэднікі. Калі ігнараваць навуковыя дадзеныя, наўрад ці ўдасца дасягнуць мэты.
Вельмі цікава расказаў мне малады аграном і пра ахову раслін. Ніхто ўжо не поле, напрыклад, цукровыя буракі ўручную, як гэта рабілі раней у калгасах нашы бабулі, ды і мы самі. Што і казаць, вельмі цяжкая была работа! А зараз замест тупой матыкі выкарыстоўваецца разумная хімія. Правільнае прымяненне адпаведных прэпаратаў абараняе пасевы ад пустазелля. Паведаміў аграном і цікавую інфармацыю пра некаторыя іх віды. Нават цяжка паверыць, што насенне лебяды, напрыклад, захоўвае сваю жыццёвую сілу ў глебе на працягу аж 300 гадоў!
Спыніўся мой субяседнік і на абароне раслін ад шкоднікаў. Маленькія рапсавыя кветаед і даўганосік могуць знішчыць цэлае вялізнае поле, калі іх своечасова не заўважыць і не знішчыць.
І работай, і людзьмі, якія працуюць з ім побач, малады чалавек задаволены. Старт у самастойнае жыццё ў яго ўдалы.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *