З аптымізмам ідзе па жыцці бухгалтар СВК “Цецяроўка” Алена Мармыш

Лента новостей

IMG_2986Бухгалтар СВК “Цецяроўка” Алена Мармыш нядаўна адсвяткавала свой юбілей. І хаця пра ўзрост жанчыны гаварыць не прынята, тут выпадак зусім іншы. Алена Мар’янаўна выглядае молада, хаця ёй споўнілася ўжо 55 гадоў. А захаваць такую маладосць, безумоўна, нягледзячы на розныя турботы, якіх так шмат у нашым жыцці, магчыма пры адпаведным душэўным настроі. І такая выдатная здольнасць, з аптымізмам ісці па жыцці, уласціва вясковым жанчынам. А карані такога таленту – у спрадвечнай сялянскай працы, якая ў іх літаральна “ў крыві”. Алена была малодшай з пяці дзяцей, бацькі яе жылі ў Шчучынскім раёне. Бацька быў вартаўніком, маці паляводам. Зарплат у іх вялікіх, вядома, не было, а хацелася, каб дзеткам жылося не горш, чым у іншых сем’ях, таму трымалі дзве кароўкі, свіней, іншую жыўнасць, садзілі бульбу, працавалі на прысядзібным участку. Дзеці змалку прывыкалі да руплівай працы, спачатку бачылі ў гэтым гульню, потым патроху вырасталі сапраўднымі гаспадарамі. А той чалавек, які вырас на сваім кавалку зямлі, песціў яго сваімі рукамі, захавае любоў да вёскі на ўсё жыццё.
— Вы былі старэйшая сярод дзяцей, Алена Мар’янаўна? – цікаўлюся.
— Не, я была малодшая, — адказвае жанчына.
— О, дык Вам, мусіць, было з усіх іх найлепш? Усе Вас нянчылі, любілі?
— Вядома! – згаджаецца су­бяседніца. — Ніхто не крыўдзіў, усе мяне глядзелі. Увагі мне шмат было.
Затым цікаўлюся, што пад­штурхнула жанчыну выбраць прафесію, звязаную з сухімі лічбамі. Як правіла, яе калегі гавораць, што любілі ў школе матэматыку, што і паўплывала на іх выбар.
Але ў Алены Мар’янаўны быў іншы адказ:
— Матэматыка ў школе ў мяне ішла добра, але ў прафесію я трапіла зусім выпадкова, можна сказаць, “за кампанію”. Я закончыла тады базавую школу, а мая старэйшая сястра сярэднюю. Яна захацела быць бухгалтарам і мяне таксама падбухторыла заадно паступаць у Ашмянскі тэхнікум, каб ёй сумна не было. Паехалі, падалі дакументы, здалі экзамены, і яна не паступіла, а мне прыйшоў выклік. Вельмі я разгубілася, бо гэтага ў маіх планах зусім не было. А бацькі ўзрадаваліся – бо дачка паступіла! І сказалі: едзь, вучыся. Так і паехала, у 15 гадоў пайшла з дома назаўсёды ўжо, самастойнай стала.
Пасля заканчэння тэхнікума захацела Алена ўладкавацца ў Гродне на паспяховае прадпрыемства бухгалтарам, зарплата там добрая была. Але сяброўка сястры зноў “за кампанію” прапанавала іншае месца работы, у калгасе “Шлях да камунізму” Бераставіцкага раёна, дзе сама працавала. Вядома, нявопытнай сціплай дзяўчыне хацелася, каб нехта знаёмы быў побач, каб больш упэўнена рабіць першыя крокі ў прафесію, так і застаўся горад без яе. У вёсцы Паплаўцы Алене спадабалася, мясціны там маляўнічыя, прыгожыя. А каханне яшчэ больш сагрэла сэрца. Загадчыкам майстэрні быў малады прыгожы хлопец. Пасля вяселля спачатку жылі на хутары ў Ваўкавыскім раёне, паспрабавалі пераехаць у Свіслацкі раён, але вярнуліся на Бераставіччыну. У Кватарах сям’і далі трохпакаёвую кватэру, і ўжо 31 адзін год працуе Алена Мар’янаўна ў СВК “Цецяроўка”.
— Калі пачынала працаваць, лічыла на “счётах”, зараз прагрэс пайшоў наперад, — адзначае жанчына.
— Лягчэй стала? – пытаюся.
— Лічыць лягчэй, — усміхаецца субяседніца. – Але дакументацыі прыбавілася. Тады працаваць значна лягчэй было, зрабіў сваю справу, і ты спакойны.
Абавязкаў у бухгалтара нямала, і трэба быць вельмі ўважлівым. Гэта неабходная якасць у такой дакладнай прафесіі. Бо за кожнай лічбай – жывы чалавек, і яго настрой таксама залежыць ад таго, як ацэнена яго праца.
Знаходзіцца час у Алены Мар’янаўны і на грамадскае жыццё. Яна член прафкама, групорг адміністрацыі гаспадаркі, удзельнічала ў сандружынах, клапацілася, каб адметны падворак быў у сельгаскааператыва на Дзень сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. І сапраўды, хто быў летась на свяце ў РДК, сваімі вачамі пабачыў, як своеасаблівая маленькая сімвалічная выстава сялянскага жыцця, дзякуючы творчай фантазіі гэтай жанчыны, сапраўды прыцягвала вока.
А дома радуюць нядаўняга юбіляра сын і дачка, а таксама чацвёра ўнукаў. Любяць яны збірацца ў сваёй маладой і прыгожай бабулі, шчодра адорвае яна іх сваім цяплом.
А пра захапленне “для душы” расказала жанчына, што яно ў яе ўжо больш празаічнае, чым у маладосці, такое, як і ў іншых сяльчанак – чым парадаваць сям’ю, як вырасціць сваю натуральную, без хіміі прадукцыю на агародзе, паглядзець мастацкі фільм або цікавую перадачу па тэлевізары. А ў маладосці, як і ўсе жанчыны, любіла яна чытаць раманы пра любоў замежных класічных і сучасных цікавых аўтараў.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *