Змагаўся з нябачным ворагам. Бераставічанін Анатолій Саевіч удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС

Лента новостей Общество

Сёлета спаўняецца 35 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС – беспрэцэдэнтнага здарэння ў гісторыі атамнай энергетыкі. Навучыўшыся выкарыстоўваць атам у мірных мэтах, людзі палічылі, што такім спосабам здабылі самую танную электраэнергію. Але яе сапраўдную цану чалавецтва пазнала 26 красавіка 1986 года: у выніку выбухаў на 4-м энергаблоку рэактар Чарнобыльскай АЭС быў цалкам разбураны, і 50 тон ядзернага паліва было выкінута ў паветра, што ў 10 разоў перавысіла паказчыкі сумна вядомай Хірасімы. Радыеактыўнае воблака прайшло над значнай часткай былога Савецкага Саюза, Скандынавіяй, Усходняй Еўропай і закранула больш за 20 краін. Радыеактыўнаму апрамяненню падвергліся больш за 8 мільёнаў чалавек, у найбольшай ступені пацярпелі Беларусь, Расія і Украіна. Дарэчы, забруджванне тэрыторыі Беларусі склала 23% агульнай плошчы. Наступствы трагедыі маглі быць яшчэ больш цяжкімі, калі б не мужнасць, прафесіяналізм і адвага паднятых па трывозе дзясяткаў тысяч грамадзянскіх і ваенных людзей, якія з першых хвілін аварыі на ЧАЭС падняліся на барацьбу з нябачным ворагам – пранікальнай радыяцыяй. У ліквідацыі наступстваў аварыі прымалі ўдзел каля 600 тысяч чалавек з усяго Савецкага Саюза. Гэта цэлая армія, кожны салдат якой унёс свой уклад у перамогу над радыяцыйнай небяспекай.

У ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС прымаў удзел і Анатолій Саевіч, жыхар Вялікай Бераставіцы. У лістападзе 1986 года ён быў прызваны на ваенныя зборы і накіраваны ў вайсковую частку 11905 для вядзення дэзактывацыйных работ у 10 і 30-кіламетровай зоне Чарнобыльскай АЭС.

-Я нарадзіўся ў вёсцы Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, — расказвае Анатолій Вітальевіч. — Пасля заканчэння школы паступіў у Брэсцкае вучылішча сувязі, затым два гады адслужыў у арміі. У 1985 годзе вярнуўся на радзіму, уладкаваўся на працу ў Камянецкі вузел сувязі. У лістападзе 1986 года атрымаў павестку з ваенкамата, што прызываюць на зборы, куды і для чаго, ніхто адразу не сказаў. Прывезлі нас у Баранавічы, і ўжо там аб’явілі, што мы паедзем на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС. Я трапіў у хімічныя войскі, быў вадзіцелем на ЗІЛ-131, на гэтай машыне я паліваў дарогі вясной, каб прыбіваць радыеактыўны пыл.
Стаяла наша часць за два кіламетры ад Брагіна, ля вёскі Гдзень. Мы трапілі ў другую хвалю ліквідатараў, бо тыя, хто першымі прыехалі змагацца з наступствамі чарнобыльскай аварыі, праз паўгода вярталіся дадому. Можна сказаць, што нам яшчэ пашанцавала, бо за гэтыя паўгода самае страшнае засталося ззаду.
Анатолій Саевіч успамінае, што салдаты былі і на самім рэактары, і “абкапвалі” многія вёскі ў зоне адсялення.

-У некаторых вёсках людзі ўсё роўна засталіся пасля высялення, вось там мы вакол калодзежаў выкопвалі зямлю, прыкладна да ўзроўню калена, а потым закладвалі ўсё гэта глінай, утрамбоўвалі, каб радыяцыя не трапляла ў грунтавыя воды. Заставаліся ў вёсках, у асноўным, старэйшыя людзі, пенсіянеры, яны часам прасілі нешта дапамагчы зрабіць, салдаты ніколі не адмаўляліся, напрыклад, дроў насекчы.
І калі спачатку хоць дзе-нідзе людзі сустракаліся, то ўжо бліжэй да ЧАЭС, у 10-кіламетровай зоне, нікога не было, вёскі стаялі пакінутыя. Мы абкошвалі траву пры дарозе, здымалі верхні слой зямлі, каб завесці другую. Вельмі жудасна было бачыць, што на стале стаяць талеркі, як быццам гаспадары на хвілінку выйшлі з хаты, ці бялізна вісіць на вяроўцы. Здаецца, звычайная справа, але калі на працягу некалькіх месяцаў ты бачыш гэтую бялізну, то становіцца сапраўды страшна.
Мы тады маладыя зусім былі, мне, напрыклад, толькі 21 год споўніўся, усёй небяспекі не разумелі. Нам ужо потым гаварылі, што нежанатых маладых хлопцаў не павінны былі прызываць, бо з-за ўздзеяння радыяцыі яны маглі б у будучыні не мець дзяцей. З Уралу дык адразу прыехалі мужчыны ўжо гадоў па 40-45.
Перад адпраўкай на рэактар нас пастроілі і адбіралі поўнасцю здаровых, у каго была раней паламаная рука ці нага, ці траўмы пазваночніка – такіх не бралі, бо казалі, што дадуць свінцовую форму кілаграмаў пад 70, і яны не вытрываюць. А як прыехалі, то як былі ў форме хімабароны — толькі гумовыя боты, рэспіратары і пальчаткі, так і пайшлі.
Уразіла, што на пляцоўцы, дзе размяшчаўся рэактар, усё было заліта нібы вадкім цэментам. На сам рэактар я не трапіў, а іншыя нашы хлопцы там былі, скідвалі адтуль усё, што засталося ад выбуху. А я працаваў на адміністрацыйным будынку, які непадалёку стаяў, метраў 100 ад рэактара, мы там прыбіралі, наводзілі парадак. Запомнілася, як прывезлі японскага робата, каб ён прыбіраў асколкі на рэактары, а ён новенькі адразу і зламаўся, відаць, атрымаў такую дозу радыяцыі, што перастаў працаваць. А людзі, нават без належных сродкаў абароны, усё вытрымлівалі.
Калі прыйшла вясна, мы залівалі ваду ў машыны і палівалі дарогі, каб не падымаўся радыяцыйны пыл. Працавалі ў Брагінскім раёне, усе дарогі палівалі, дзе людзі жылі ў вёсках.
Служылі са мной хлопцы з Камянецкага раёна, мы жылі ў адной палатцы, сябравалі.

Радыяцыя, яна ж нябачная, а мы маладыя былі, не ўсведамлялі ўсёй яе небяспекі, рыбу лавілі, у лес хадзілі, часам нехта з мясцовых жыхароў пачастуе агурком са свайго агароду, дык елі, не задумваліся. Часам нехта казаў, што ў роце горыч з’яўляецца, а я дык і не адчуваў яе. Паўгода мы правялі ў Чарнобыльскай зоне, ехаць туды ніхто не адмаўляўся, бо ведалі, што абаранялі свой народ, сваю зямлю ад нябачнага ворагу — радыяцыі. І ведаеце, крыўдна бывае, што пра нас забываюць, што многія ільготы, якія мы мелі, цяпер скасавалі…
У маі 1987 года Анатолій Саевіч вярнуўся на сваё працоўнае месца ў Камянецкі вузел сувязі, праз некаторы час на вяселлі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Святланай, якая аказалася родам з Бераставіцы, яна і перацягнула мужа на сваю радзіму. У 1990 годзе Саевічы прыехалі на Бераставіччыну, пабудавалі тут дом. Анатолій Вітальевіч уладкаваўся на працу электрамеханікам у Бераставіцкі вузел электрасувязі, а апошнія дзевяць гадоў працуе рабочым у Бераставіцкім ліцэі.
Вядома, цяжкі чарнобыльскі след застаўся ў сэрцы Анатолія Вітальевіча, як і ў кожнага ліквідатара, але разуменне таго, што дзякуючы і яго намаганням былі прадухілены найгоршыя наступствы экалагічнай катастрофы, не дае падставы лічыць гэты перыяд страчаным і непатрэбным, бо цаной свайго здароўя ён са сваімі таварышамі зберагалі будучыню для сваіх дзяцей, свайго народа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *