Збожжа – крыніца энергіі

Лента новостей

Галоўная задача аграрыяў – эфектыўнае развіццё раслінаводства і нарошчванне вытворчасці збожжа. Асаблівая ўвага надаецца і якасці зерня. Для гэтага выкарыстоўваюцца высокаўраджайныя гатункі і гібрыды, удасканальваецца структура пасяўных плошчаў, праводзіцца падкормка, даглядаюцца пасевы.
Азімыя злакавыя культуры даюць больш высокі ўраджай. Яны паспяваюць прарасці да зімы, упрыгожыўшы поле густой шчотачкай, а потым адпачываюць і набіраюцца сіл пад снежнай коўдрай, каб вясной пад цёплымі сонечнымі промнямі пайсці ў рост і раскрыць свой генетычны патэнцыял. Яравыя культуры хутчэй праходзяць цыкл свайго развіцця і таксама даюць добры ўраджай. Безумоўна, клопату злакавыя патрабуюць шмат, і патрэбна сапраўднае майстэрства, каб яны потым парадавалі.
Актуальная задача зараз для гаспадарак Бераставіччыны – падрыхтаваць якаснае насенне для веснавой сяўбы. Насення яравых збожжавых і зернебабовых пад поўную патрэбу ў раёне неабходна мець 1130,1 тоны. На праверку ў Бераставіцкую раённую інспекцыю па насенняводству, каранціну і ахове раслін здалі пасяўны матэрыял усе гаспадаркі. У КСУП “Варанецкі”, “Пагранічны-Агра”, РУСП “Масаляны”, РСУП “Алекшыцы” насенне раслін кандыцыйнае да поўнай патрэбы. На яго люба глянуць – якасна ачышчанае на аўтаматычных лініях, зерне адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У час праверкі ў інспекцыі ў полі зроку чысціня, усходжасць, вільготнасць насення. Звяртаецца таксама ўвага на тое, ці ёсць прымесі насення культурных раслін і пустазелля.
А ўсяго ў гаспадарках Бераставіччыны трэба будзе пасеяць у гэтым годзе 7300 гектараў збожжавых і зернебабовых (з кукурузай на зерне). Нашых аграрыяў чакае немалы “фронт работ”. Як і кожны год, рыхтуюцца яны да яго загадзя.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *