Заўтра — Дзень беларускага пісьменства

Актуально

Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў мэтах папулярызацыі дасягненняў айчыннай пісьменнай культуры, захавання пераемнасці духоўных традыцый Беларусі. Гэтае свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, з удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства штогод змяняе сваю сталіцу. Сёлета ёю стануць Хойнікі—радзіма Івана Мележа. Правядзенне святочных мерапрыемстваў стане новай вяхой у адраджэнні гэтага прыгожага палескага куточка, у свой час пацярпелага ад чарнобыльскай навалы.
“Вяршыні без асновы не бывае, як і кроны без каранёў…” Дзень пісьменства мае за плячыма салідную гісторыю. Ён святкуецца ўжо у сямнаццаты раз. Значыць, яго аднагодкі—тыя хлопцы і дзяўчаты, якія з’явіліся на свет у 1994 годзе,—выпускнікі школ. Гэта людзі, якія нарадзіліся ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і ад якіх залежыць яе будучыня. Цяперашняй моладзі ўласцівыя патрыятызм, адказнасць, унутраная культура, выхаваныя на моцнай духоўнай аснове.
Асвета, інфармацыя і культура—вось тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснае і будучае. Таму у Дзень беларускага пісьменства мы аддаем даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і культуры. Невыпадкова і тое, што свята гэтае праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. На ўроках ведаў традыцыйна ўзгадваецца гісторыя айчыннага кнігадрукавання, праводзяцца паралелі ў дзень сённяшні з багатай і якаснай палітрай разнастайных кніжных выданняў, газет, часопісаў.
У нашым раёне настаўнікі сумесна са школьнымі і сельскімі бібліятэкарамі праводзяць гутаркі, вусныя часопісы, віктарыны, гістарычныя ўрокі і панарамы, літаратурныя і краязнаўчыя гадзіны і г.д. У бібліятэках раёна арганізаваны адпаведныя кніжныя выставы.
На здымку: бібліятэкар аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Казіміраўна Рожка знаёміць вучняў 7 “А” класа Вялікабераставіцкай СШ (кл.кіраўнік А.С.Петух) з гісторыяй беларускага слова, з сённяшнім жыццём Беларусі і перспектывамі далейшага навуковага, эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця нашай краіны.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *