Зарубкі ў памяці

Лента новостей

08Маёй маці, Веры Андрэеўне Шымавалос, на пачатак вайны было трынаццаць гадоў. Страх, што скаваў усю вёску нядзельным ранкам 22 чэрвеня, чужыя салдаты на вуліцы і ў дварах, гул варожых самалётаў – усё гэта ўрэзалася ў яе дзіцячую памяць назаўсёды… Вельмі часта ўспамінала, як у верасні 1939-га па гасцінцы міма яе родных Каленікаў рухалася на захад Чырвоная Армія -вызваліцельніца. Не адзін дзень ішлі байцы, ехалі машыны, танкі, цяжкую артылерыю цягнулі коньмі і нават вярблюдамі. Калона рухалася без перапынку зранку да заходу сонца: падлеткі, неяк здолеўшы перабегчы цераз гасцінец, назад ужо не маглі вярнуцца і сядзелі на абочыне галодныя. Дарослыя ківалі галовамі: “Якая сіла ідзе!”. І ў першыя дні вайны ніхто з вяскоўцаў не хацеў нават верыць, што немец адважыўся развязаць вайну супраць гэткай сілы.
Эпізодаў з ваеннага часу матуліна памяць утрымлівае безліч. Два з іх датычацца самага пачатку вайны і адзін яе канца.

Эпізод першы
… Раніца ў нядзельку. Сонца паднялося ўжо даволі высока. Мама і я яшчэ снедалі, а мой шаснаццацігадовы брат Аляксандр ужо паехаў на кані ў Пархімаўцы (старэйшы мой брат, Ваня, служыў у войску на Кубані). На лаўцы перад хатай гаманілі наш тата, дзядзькі Пракоп і Ёзік. Яны адпачывалі ад паўсядзённай працы, гаварылі пра тое, які ўраджай расце ў полі. Над далёкім ад вёскі лесам раптам пачуўся гул самалётаў. Ніхто з мужчын не звярнуў на гэта асаблівай увагі, бо да гулу ў небе ўсе прывыклі – за лесам быў аэрадром Барысаўшчына. Але на гэты раз самалёты паводзілі сябе дзіўна: то куляліся ў паветры, то свечкай ўзляталі ў неба. Некаторыя раптам рэзка падалі ўніз і знікалі за лесам, адкуль неўзабаве нешта цяжка вухкала, і ў неба ішоў слуп чорнага дыму.
Мужчыны дзівіліся: “Пагля­дзіце, як лётчыкі гарэзнічаюць!” І ніхто з іх не здагадваўся, што далёка ў небе ідзе страшны паветраны бой.
Людзі цэлымі сем’ямі выйшлі на поплаў і назіралі за самалётамі. Там круціліся і мы, дзяўчаткі і хлапчукі. І тут да натоўпу падбег мой брат, які вярнуўся з Пархімаўцаў – а ў гэтай вёсцы быў сельсавет. Брат крыкнуў: “Людзі, гэта вайна!” Усе азірнуліся і засмяяліся, маўляў, што выдумаў. А татка падышоў да яго і стаў сварыцца: “Што ты кажаш? Захацеў, каб забралі?!”
Усе пачалі разыходзіцца па хатах. Аднак праз кароткі час з Пархімаўцаў прыскакаў на кані сельсаветчык: ён, казалі, прывёз мужчынам павесткі на вайну. Толькі стаць салдатам ніхто не паспеў, бо праз два ці тры дні па гасцінцы на матацыклах з каляскамі, а па вясковай вуліцы на раварах ужо ехалі чужыя ўзброеныя салдаты. Я іх надта баялася: чамусьці ўсе яны былі рыжыя, з рабаціннем на твары, а рукавы – стаяла спёка – закатаныя па локаць.
Эпізод другі
Мінула тыдні два. Вёска стала маўклівай, народ у ёй быццам выгалеў: дарослыя стараліся самі лішні раз не выходзіць на вуліцу і дзяцей баяліся пускаць.
Аднойчы наранку маці паслала мяне чагосьці ў гумно – яно, як і хлеў, стаяла цераз дарогу. Каля гуменнай сцяны я пачула сцішаны голас: “Девочка, подойди поближе…». Гэта быў нехта чужы, бо гаварыў не па-вясковаму, і я моцна спалохалася. Пабегла дахаты, каб расказаць маме.
Потым высветлілася, што на дровах, пад самай страхой гумна, хаваюцца два маладзенькія чырвонаармейцы. Яны расказалі маме, што родам з Расіі, і што заставу, дзе служылі, немцы разбілі ў першы ж дзень вайны. Многія байцы загінулі, а яны, хоць і раненыя, прабіраюцца на ўсход, да лініі фронту. Мама пераапранула хлопцаў у вопратку маіх братоў. Я насіла ім ежу.
Пра салдацікаў мы нікому не гаварылі, нават тату. Але аднойчы раніцай праз вакно ўбачылі: па вуліцы ідуць двое немцаў з аўтаматамі, а з імі наш вясковы стараста. І накіроўваюцца яны ў бок нашага гумна. Мама войкнула: “Бедныя хлопчыкі…” і заплакала. Чырвонаармейцаў вялі па вёсцы пад аўтаматамі. Потым тата казаў, калі б іх знайшлі ў нашым гумне, расстралялі б і ўсіх нас. Але перад дарогай чырвонаармейцы трэніравалі сябе ў вялікім пясчаным кар’еры за гумнамі. Нехта, а хутчэй за ўсё дзеці, і заўважыў іх, і разнёс чутку па вёсцы. Казалі потым, што расстралялі салдацікаў пад Хмеліскам.
Эпізод трэці
Назад у сваю Германію нямецкія ваякі беглі праз нашы Каленікі бягом. Абарваныя, галодныя. На нашым падворку пералавілі ўсіх курэй і каб абсмаліць і зварыць іх, пачалі распальваць у хаце пліту. А якраз перад гэтым мама загадала мне сабраць усе фотаздымкі, што да вайны прысылаў з войска наш Ваня і схаваць іх у пліце ў попел. Я так і зрабіла. І вось цяпер у нас абедзвюх сэрцы сціскаюцца ад болю: за дровамі ў пліце гараць тыя фотаздымкі …
Яшчэ помню, як на падворку нямецкі салдат, які чамусьці добра размаўляў па-польску, чарціў на пяску падворка круг. Пры гэтым не злучыў лінію ў адным вузкім месцы, і салдат паказваў тату рукой, што якраз праз гэтую вузкую гарлавіну акружэння яны і ўцякаюць. Яшчэ казаў, што хоча здацца ў палон, і прасіў схаваць яго да прыходу Чыровонай Арміі. Тата круціў галавой: “Не, не!”.
А праз некаторы час мы ледзь не страцілі сваю матулю. Было так. Яна пайшла да хлява карміць свіней. Брат глядзеў у вакно і раптам войкнуў. Мы з татам падбеглі да вакна і бачым: нямецкі салдат выводзіць з хлява нашага каня. А мама махае на яго вядром, перагароджвае дарогу і хапае каня за вуздэчку. Немец злуецца, нешта крычыць, потым штурхае яе ў грудзі. Мама падае. Тады немец прыстаўляе да яе грудзей дула аўтамата.
Усё гэта адбылося імгненна.
– Во дурніца!!! – зрываецца з месца татка і – да дзвярэй. Я, плачучы, бягу за ім.Не ведаю, што было б далей, калі б брат не крыкнуў: “Стойце! Мама паднялася!”
Мы – да вакна. Бачым, каля немца стаіць яшчэ адзін, відаць, старэйшы па званні і нешта гаворыць. Мама ж заводзіць каня ў хлеў.
…Вайна моцна пакрыўдзіла нашу сям’ю: старэйшы мой брат загінуў, а меншы вярнуўся дамоў цяжка паранены.
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *