Занесены на раённую Дошку гонару

Происшествия Человек и его дело

Больш за 22 гады працуе камандзірам аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г.п. Бераставіца Алег Затаўка. Працуе паспяхова: яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару.
Нарадзіўся Алег на Бераста­віччыне, у вёсцы Пархімаўцы. У свой час вучыўся ў Бераставіцкай сярэдняй школе, атрымаў спецыяльнасць “Вадзіцель” у Бераставіцкім ПТВ №194.
Потым была служба ў арміі ў Ленінградзе, у музычным узводзе. Два гады з захапленнем іграў юнак на трубе. Ішлі гады, а цікавасць да музыкі не згасала… Цяпер рэдка, але з вялікім задавальненнем, грае для блізкіх і сяброў. Часта ўспамінае Алег Генадзьевіч тыя моманты з дзяцінства, калі ён упершыню ўзяў у рукі трубу.
– Памятаю, калі яшчэ быў адзінаццацігадовым хлапчуком, – гаворыць ён, – пачаў захапляцца музыкай. Мой былы настаўнік музыкі Васіль Міхайлавіч Макарчук пабудзіў цікавасць да гэтага музычнага інструмента.
Вярнуўшыся пасля арміі ў Бераставіцу вясною 1991 года, Алег уладкаваўся на працу ў Бераставіцкую пажарную аварыйна-выратавальную часць №1. І па сёняшні дзень служыць тут камандірам аддзялення.
Калі я запыталася ў Алега Генадзьевіча, якімі якасцямі павінен валодаць выратавальнік, то ён адказаў:
“Галоўнае – быць чалавекам. Немалаважнымі якасцямі з’яўляюцца смеласць, гатоўнасць да рызыкі. Як кажуць дэсантнікі: «Ніхто акрамя нас!». Прыязджаеш на пажар і кажаш сам сабе: “Ніхто акрамя мяне! Толькі я магу патушыць пажар і вынесці чалавека з агню”.
Вельмі паважае Алег Ге­надзье­віч сваіх “баявых таварышаў”: “Калі здарыцца якая-небудзь бяда – заўсёды дапамагаем адзін аднаму. Я часта лаўлю сябе на думцы, што не ведаю больш вясёлых і добрасумленных людзей, чым мае калегі”.
– Выратавальнікі – гэта людзі, якія разумеюць сваю адказнасць за жыццё іншых, – лічыць ён. – Кожны няшчасны выпадак выклікае ў іх горыч і шкадаванне.
Сёлета, пасля заканчэння Мінскага камандна-інжынернага інстытута, прыехалі на адпрацоўку ў часць два лейтэнанты. І адзін з іх – сын Алега Генадзьевіча, якім бацька вельмі ганарыцца.
– У нас ужо сямейная дынастыя. Сын з вялікай годнасцю і павагай ставіцца да нашай працы. Нават адзінаццацігадовая дачушка Вольга марыць пайсці па маіх слядах, – з гонарам заўважае Затаўка старэйшы.
Сям’я для яго заўсёды з’яў­ляецца надзейным тылам. Жонка Тамара працуе аператарам у адной з фірм.
– Я разумею, што не заўсёды магу ўдзяляць час маім родным, але па-іншаму не магу, бо ўжо настолькі звыкся са сваёй працай. А мая жонка мяне разумее і падтрымлівае ва ўсім, — заўважае напрыканцы нашай размовы Алег Генадзьевіч.
Ці не гэта ж ёсць сапраўдная сямейная ідылія?

Анастасія Сіняк,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *