Жыццё праляцела ў штодзённых клопатах

Лента новостей

Жыццё пражыць – не поле перайсці. Але тым больш яно і цэніцца, што не вельмі лёгка нам даецца.  Усё бывае ў ім: і радасці, і няшчасці, і ўзлёты, і падзенні, і поспехі, і памылкі. А колькі ўсяго гэтага было, калі за плячыма… 100 год. Так, менавіта 100-гадовы юбілей адзначыў 7 ліпеня жыхар в.Лапенеўцы Іосіф Канстанцінавіч Каржанеўскі.
Усё яго жыццё прайшло ў родных мясцінах: тут, у Лапенеўцах, з’явіўся на свет, тут і пражыў свае гады, не шукаў шчасця на чужыне.
Нарадзіўся Іосіф Канстанцінавіч у вялікай сям’і: у яго бацькі было 9 дзяцей. Жылі на сваёй гаспадарцы, працавалі на зямлі, а яе ў бацькі было 12 гектараў. Працы хапала ўсім: і дарослым, і дзецям.  Але і ў школу дзяцей адпраўлялі – сем класаў польскай школы закончыў Іосіф у Вішнеўцы. Настаўніца была з Польшчы і дзяцей вучыла, вядома ж, па-польску. Чытаць і пісаць на рускай і беларускай мовах Іосіф Канстанцінавіч навучыўся самастойна,  ужо ў дарослым узросце, калі працаваў пасля вайны ў калгасе.
Цяжкай навалай прайшла па Беларусі вайна, яна закранула практычна кожную сям’ю. Іосіф Канстанцінавіч на фронце не быў, ён застаўся на акупаванай ворагам тэрыторыі, зведаў увесь цяжар жыцця ў  акупацыі. У самых Лапенеўцах немцаў не было, камендатура размяшчалася ў Адэльску, але не-не ды і наведваліся ворагі ў вёску, збіралі людзей  і вазілі на розныя работы, напрыклад, у Адэльску будавалі дарогу.
Ды  і  на  сваёй  гаспадарцы  даводзілася цяжка працаваць, а заробленае часта забіралі немцы. Толькі ўпотайкі можна было забіць свінню, ды і смаліць яе даводзіла ў хляве, каб часам ніхто не заўважыў.
Успамінае Іосіф Канстанцінавіч, як адзін чалавек з Лапенеўцаў выгадаваў кабанчыка ды і павёз прадаваць у Гродна. Там яго немцы  і прыкмецілі. І хоць кінуў ён яго і ўцёк дадому, немцы знайшлі яго і ў вёсцы. Вечарам ў пошуках “прадаўца” ў Лапенеўцы завіталі ўласаўцы. Хацеў мужчына праз акно ўцячы з хаты, ды хіба ад кулі ўцячэш? Так і загінуў на парозе роднага дому.
Помніць Іван Канстанцінавіч і вызваленне ад ворагаў. Баі ішлі цяжкія, узрываліся снарады, залпы грукаталі так, што здавалася, неба абрынецца на зямлю. А потым усё сціхла. Жанчыны і дзяўчаты нарвалі кветак і з імі выйшлі сустракаць сваіх вызваліцеляў. І што сімвалічна, першай у Лапенеўцы заехала салдацкая кухня, а за ёй ужо ўвайшлі і салдаты. Іосіф Канстанцінавіч успамінае, што тады на градах ужо вырасла першая капуста, і салдацкі кухар рассякаў яе галоўкі на чатыры часткі і варыў салдатам капусту…
Пасля вайны Іосіф Канстанцінавіч ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, Уладзіслава была маладзейшай за мужа на сем год, але працавітая, добрая гаспадыня. Жылі добра, выгадавалі разам 7 дзяцей: 2 дачкі і 5 сыноў. На пачатку цясніліся ўсе ў бацькоўскай хаце і толькі марылі аб сваім куце. А ў 1964 годзе Каржанеўскія пабудавалі свой дом: цагляны, вялікі, каб усім месца хапіла. Два гады яго сам гаспадар будаваў, старэйшыя дзеці па цагліне насілі,  дапамагалі.
Працаваў Іосіф Канстанцінавіч усё жыццё цяжка, не пакладаючы рук. Бо разлічваў толькі на сябе, хацеў, каб дзеці былі не галодныя, мелі ўсё, што трэба. У калгасе быў і брыгадзірам, і  доўгі час даглядаў цялят на ферме. Стараўся заўсёды, добрыя прывагі яго цяляты давалі, за гэта і шанавалі ў     калгасе, і ўзнагароды   давалі.  Нават машыну, “Жыгулі”, адным з першых купіў, тады іх на  калгас мала выдзялялі і толькі лепшым давалі…
Так у працы і што-дзённых клопатах праляцелі гады.  Выраслі дзеці, раз’ехаліся, за-сталіся яны з жонкай адны ў прасторнай хаце. А вось ужо 14 год, як няма і Уладзіславы Міхайлаўны, застаўся Іосіф Канстанцінавіч адзін. Добра толькі, што адна дачка жыве таксама ў Лапенеўцах: ёсць каму бацьку есці зварыць, і кароўку яшчэ разам трымаюць. Ды іншыя дзеці не забываюць бацьку, наведваюць часта, дапамагаюць, агарод садзяць.
На маё пытанне — у чым сакрэт даўгалецця? —  юбіляр паціснуў плячыма: “Усё жыццё працаваў, не шкадаваў сябе. Курыць не курыў, але калі-нікалі і чарку — другую выпіць мог.  А яшчэ стараўся жыць з Богам, як кажуць: без Бога не да парога. Гэта таксама  шмат у чым  дапамагала…”
На развітанне я пажадала Іосіфу Канстанцінавічу добрага здароўя, надалей не  паддавацца  гадам  і  сустрэць яшчэ не адзін юбілей.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *