Жывёлагадоўля на Бераставіччыне развіваецца

Сельское хозяйство Человек и его дело

img_8307Памятаю, як у маіх руплівых вясковых бабулі і дзеда былі свінні мажныя і вельмі тлустыя, а дойная карова прыемнага “чырвонага” колеру. Зараз падыходы да аграрнай вытворчасці, і, у прыватнасці, да перспектыўнай жывёлагадоўчай галіны кардынальна памяняліся. Напрыклад, ва ўсім свеце цэняцца зусім не тлустыя свінні, а мясныя “беконныя”. “Чырвоныя” карміцелькі саступілі месца дастойным прадстаўніцам малочнай галшцінскай пароды. Парода жывёлы вельмі важная для дасягнення добрых вынікаў у сельскай гаспадарцы.
Стаўка робіцца на планамернае раскрыццё генетычнага патэнцыялу жывёлы. У малочнай жывёлагадоўлі ёсць свае выдатныя здабыткі. Знакамітую галшцінскую пароду кароў вывелі ў Галандыі, а ўдасканалілі ў Амерыцы і Кана­дзе. У Галандыі на працягу многіх стагоддзяў мясцовую звычайную чорна-пярэстую пароду кароў вельмі добра кармілі і даглядалі, для вывядзення цялят выбіралі самых лепшых рагуль. Так паступова з’явіліся адметныя экзэмпляры буйной рагатай жывёлы.
Каровы галшцінскай пароды важаць да 700 кілаграмаў, а быкі – да 1200. У сённяшніх умовах пры захаванні сучасных эфектыўных тэхналогій такія рагулі могуць даваць нават да 60 кілаграмаў малака ў суткі. Сярод кароў галшцінскай пароды ёсць у розных краінах свету свае вядомыя адметныя рэкардсменкі. А наогул самы высокі надой давала кубінская карова Убрэ Бланка – Белае вымя. Рэкордны надой склаў звыш 27 тысяч кілаграмаў малака, а яго ўладальніца ўвайшла ў гісторыю малочнай жывёлагадоўлі.
Самыя першыя “галшціны” з’явіліся ў Беларусі прыкладна 30 гадоў таму. За апошнія 20 гадоў была праведзена вялікая работа ў аграрным сектары рэспублікі. Зараз буйная рагатая жывёла ў нас выдатнай галшцінскай пароды.
У нашым раёне вопытныя і адказныя спецыялісты, дзякуючы якім малочная жывёлагадоўля эфектыўна развіваецца. У гаспадарках праводзіцца пастаянная планамерная работа па ўзнаўленні статка. Работа заатэхнікаў-селекцыянераў – гэта работа не аднаго дня, працаёмкая і карпатлівая. Для асемянення выкарыстоўваецца генетычны матэрыял ад быкоў, чые цудоўныя “мамы” давалі па 11 тысяч кілаграмаў малака ў год. Цялят добра даглядаюць, кожная цялушка пад пільным наглядам прафесіяналаў. “Біяграфія” кожнай з іх ў полі зроку дасведчаных спецыялістаў. Вя­дзенне адпаведнай дакладнай дакументацыі – адзін з напрамкаў няпростай работы заатэхнікаў-селекцыянераў. Яны кантралююць увесь тэхналагічны працэс, стараюцца дабіцца, каб павышалася эфектыўнасць вытворчасці.
Самыя добрыя словы, напрыклад, можна сказаць у адрас вядучага заатэхніка-селекцыянера СВК імя Варанецкага Ірыны Кашэвіч (на здымку). Яна закончыла сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, а любімай прафесіі аддала ўжо амаль чвэрць стагоддзя. Жанчына любіць жывёлу, прыкладвае ўсе намаганні, каб год ад года ўзрастаў дабрабыт гаспадаркі.
— На 1 снежня ў нас атрымана 1245 цялят, гэта значна больш, чым за такі ж мінулагодні перыяд, — з задавальненнем адзначае Ірына Міхайлаўна. — Дойны статак у нас павялічыўся і складае зараз 1240 кароў. Далейшае планамернае раскрыццё генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы і захаванне эфектыўных сучасных тэхналогій дазваляе нам разлічваць на стабільную аддачу ад такой прыярытэтнай галіны ў аграрнай вытворчасці.
Пры доглядзе любой кароўкі няма дробязей. Як жывёлу даглядаюць, залежыць ад гаспадароў. Клопат аб “карміцельках” і аб тым, каб аптымальна праяўляўся іх генетычны патэнцыял, дынамічна раслі надоі, залежыць літаральна ад адносін кожнага працаўніка да сваёй справы. Работа ў жывёлагадоўлі камандная. І ў добрых гаспадароў непрыярытэтных пытанняў няма, бо яны клапоцяцца пра жывёлу, як пра сваю. Гэта найлепшы стыль гаспадарання, самы аптымальны і выніковы. Нездарма кажуць, што хто стараецца, той і мае…
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *