“Жывая класіка” – вуснамі бераставіцкіх школьнікаў: у Бераставіцы прайшоў конкурс юных чытальнікаў

Культура Образование

29 красавіка ў актавай зале Вялікабераставіцкай сярэдняй школы адбыўся раённы этап рэспубліканскага творчага  конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.


Старт гэтага конкурсу быў дадзены 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, да ўдзелу ў ім запрашаліся навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі  і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсёй Беларусі. Сёлета конкурс прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і мае на мэце адраджэнне цікавасці да беларускай літаратуры і культуры ў сучасных школьнікаў.

Першы этап конкурсу прайшоў непасрэдна ва ўстановах адукацыі Бераставіччыны, а ўжо лепшыя з юных чытальнікаў былі запрошаны да ўдзелу ў раённым конкурсе.

Больш за 30 школьнікаў з 12 устаноў адукацыі раёна на працягу амаль дзвюх гадзін дэкламавалі свае любімыя творы такіх беларускіх класікаў, як Янка Купала, Якуб Колас,  Максім Танк, Ніл Гілевіч, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Вярцінскі,, Пятрусь Броўка і іншыя. Беларускае слова з вуснаў юных чытальнікаў гучала пранікнёна і кранаюча, а часамі і з добрым гумарам.

Ацэньвалі выступленні ўдзельнікаў конкурсу Святлана Сунэлік, намеснік начальніка  аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама,  Таццяна Таберка, намеснік дырэктара Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі,  Вольга Карпуць, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета, і Аксана Кумпель, загадчык філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.Кавалеўскага.

Юныя чытальнікі спаборнічалі ў чатырох узроставых катэгорыях: 1-4 класы, 5-6 класы, 7-8 класы і 9-10 класы.

Журы ацэньвала глыбіню пранікнення ў вобраз і сэнс твора, артыстызм выканання і выбар тэксту твора.

У малодшай узроставай катэгорыі пераможцам стала Маргарыта Карпач (Алекшыцкая СШ), другое месца прысуджана Юліі Шока (Макараўскі яслі-сад-СШ),  трэцяе месца заняла  Ганна Станеўская (Вялікаэйсмантаўская СШ).

Сярод юных чытальнікаў 5-6 класаў першае месца атрымала Вераніка Кавальчук (Старадварэцкі яслі-сад-БШ),  другое —  Валерыя Бесько (Вялікабераставіцкая СШ), на трэцім месцы    — Анастасія Лапаног (СШ аг.Пагрнаічны).

Ва ўзроставай катэгорыі 7-8 класы лепшым чытальнікам стала Караліна Анджаеўская (Вялікаэйсмантаўская СШ), другое месца  —  у Агаф’і Тапарыўскай (Вялікабераставіцкая СШ), трэцяе месца заняла Дар’я Крыцкая (Паплаўскі яслі-сад-БШ).

Найбольш моцная барацьба за перамогу разгарнулася ў старэйшай узроставай групе: тут былі настолькі яркія ўдзельнікі, што журы вырашыла раздзяліць першае месца паміж Надзеяй Каровінай і Анжалікай Каровінай (Алекшыцкая СШ)  і Арсеніем Сідаркевічам (Вялікабераставіцкая СШ), трэцяе месца было  прысуджана  Вользе Кузьме (Малабераставіцкая СШ).

Падводзячы вынікі раённага конкурсу юных чытальнікаў, старшыня журы Святлана Сунэлік падзякавала ўсім яго ўдзельнікам за тое, што яны ператварылі конкурс  у  сапраўднае свята жывога беларускага слова, і ўручыла пераможцам і прызёрам конкурсу граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Пераможцы сваіх узроставых катэгорый будуць прадстаўляць Бераставіччыну на  абласным этапе конкурсу, а вынікі рэспубліканскага этапу  будуць падведзены ў Дзень беларускага пісьменства і друку ў Полацку. 

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *