Дзіцячыя ўспаміны захавалі гэты дзень…

Лента новостей

З кожным годам усё далей адыходзіць ад нас Вялікая Айчынная вайна. А час няўмольна забірае апошніх удзельнікаў і сведкаў яе трагічных падзей. Ужо 73 гады наша бераставіцкая зямля жыве пад мірным небам. І ўсё менш тых, хто памятае ваенныя часы, сам перажыў фашысцкую навалу і дачакаўся вызвалення. Таму тым больш каштоўныя іх успаміны, якія не даюць усім нам забыць, якім коштам здабыта наша незалежнасць і перамога над ворагам.

Юзаф Казіміравіч Іадкоўскі з Малых Ёдкавічаў нарадзіўся ў 1937 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў яшчэ зусім невялікім хлапчуком. Але нават сёння, праз больш як сем дзесяцігоддзяў, ён з хваляваннем успамінае тыя часы, якія зусім не сцерліся з дзіцячай памяці.
— Пачатак вайны я памятаю слаба, бо быў яшчэ зусім малы, — пачынае свой аповед Юзаф Казіміравіч, — а вось апошнія дні, калі ішлі баі за вызваленне нашых мясцін ад немцаў, назаўсёды ўрэзаліся ў памяць. У час вайны нямецкіх салдат у вёсцы не было, яны з’яўляліся толькі праездам, і на гэты час жыхары вёскі стараліся схавацца, каб не трапляцца ім на вочы. А хаваліся па падвалах, капалі зямлянкі. А вось ужо напрыканцы вайны тыдні са два каля Каенеўцаў стаялі нямецкія танкі і адтуль абстрэльвалі наваколле. Калі падышлі савецкія войскі, іх абоз размясціўся каля нашай вёскі, у хляве нашага суседа стаялі іх коні з амуніцыяй і возам. А непадалёк пад гарою, — Юзаф Казіміравіч паказвае рукой убок, — стаяў нямецкі танк і адтуль абстрэльваў савецкі абоз.
Я добра памятаю, што гэта была нядзеля (16 ліпеня 1944 года) — мы прыехалі з бацькамі з касцёла, і тата пайшоў у адрыну, каб прылегчы заснуць на саломе, і мяне з сабой палажыў. Але ж, вядома, мне, малому, зусім не хацелася днём спаць. Я ляжу і чую, як нешта ўсё свішча на вуліцы. Я выйшаў з адрыны на двор і ў гэты час якраз два снарады ў той суседскі хлеў, дзе стаялі коні, бухнулі, і ён палыхнуў агнём. А далей, каля магазіна, вулей быў, дык і туды асколак снарада трапіў, раз’юшаныя пчолы вылецелі, дык людзі з-за іх не маглі на вуліцу выйсці. Яшчэ трохі далей, у садзе, дзяўчына спала. Калі снарады пачалі падаць, дык яна схавалася пад коўдру, але і там ёй асколкам снарада сцягно параніла.
Затым танк паехаў у бок Эйсмантаў, а калі нашы гэта заўважылі, дык яны пусцілі наўздагон яму двух салдат з гранатамі. Вы, можа, ведаеце, за Барыскамі ёсць лужок, і гэты танк даязджаў да таго лужка і паварочваў на Каенеўцы. У гэты час салдаты дагналі яго і кінулі гранаты пад гусеніцы. Нямецкія танкісты адкрылі люк, каб глянуць, што здарылася, а салдаты нашы і туды гранату закінулі. Вось так і разарвала той танк, ён там яшчэ доўгі час стаяў, яго толькі з дарогі адцягнулі ўбок, а пасля вайны каваль наш разабраў яго на жалеза.
А танкі, што стаялі ў Каенеўцах, пераехалі бліжэй да Магілянскай гары і сталі адтуль страляць па Жукевічах. У Жукевічах аднаму чалавеку ў час абстрэлу нагу адарвала. Калі нашы салдаты іх там агледзелі, яны пабеглі на Ярмолічы, зайшлі з другога боку Магілянскіх гор і ўзарвалі тыя танкі гранатамі. Вось так савецкія войскі прагналі немцаў, і ад той пары іх ужо ў нашай вёсцы не было.
— Цяжкія былі ваенныя часы, выжывалі на хлебе і вадзе, у пастаянным страху, — ледзь стрымліваючы слёзы працягвае Юзаф Казіміравіч. – У сям’і майго бацькі Казіміра Юльянавіча і маці Гэлены Юзэфаўны было пяцёра дзяцей, малодшы брат нарадзіўся ў 1946 годзе. Што гэта было за жыццё, цяпер страшна ўспамінаць. Але калі ворага прагналі, жыццё пачало нала­джвацца. Хоць і пасляваенныя гады таксама былі нялёгкія, але гэта ўжо было мірнае жыццё на свабоднай зямлі…
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *