Дзяцінства жыхаркі Вялікай Бераставіцы Алены Ерамейчык кранула вайна

80 лет Великой Победы Лента новостей Общество

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны для большасці з нас сталі ўжо гісторыяй, якую мы вывучаем па кнігах. А для жыхаркі Вялікай Бераставіцы Алены Ерамейчык яны з’яўляюцца першымі дзіця­чымі ўспамінамі, якія на­заўж­ды засталіся ў сэрцы.

Нарадзілася Алена Уладзімі­раўна ў Малой Бераставіцы 5 студзеня 1938 года. У сям’і яе бацькоў – Уладзіміра Антонавіча і Марыі Аляксандраўны Граеўскіх выхоўвалася чацвёра дзяцей – тры дачкі і сын. Алена была самай малодшай.
Вядома, дзіця, якому на пачатак вайны было няпоўных чатыры гады, не можа памятаць дакладных фактаў і падзей таго часу, але пэўныя сітуацыі дзіцячая памяць маёй субяседніцы ўсё-такі захавала.
— Мой бацькоўскі дом яшчэ і цяпер стаіць у Малой Бераставіцы, хоць мы яго ўжо і прадалі, — расказвае Алена Уладзіміраўна. – Як едзеш на Гродна, дык ён перад мостам адразу направа. У гэтым доме мы і сустрэлі вайну. Памятаю, што бацькі гаварылі пра немцаў, баяліся іх, і мяне заўсёды хавалі ў невялікім пакойчыку з печкай, які размяшчаўся ў глыбіні дома за кладоўкай. Я помню, што да нас прыходзіў радавы немец і забіраў яйкі з курніка. Куры крычаць, лапочуць крыламі, разлятаюцца, а ён рагоча на ўвесь падворак, а мы ўсе плачам, бо ведаем, што ўжо есці не будзе чаго. Той гідкі смех і сёння стаіць у маіх вушах.
А яшчэ да нас заходзіў таксама і афіцэр, я з самага дзяцінства запомніла яго слова “кіндар”, бо ён хацеў, каб я пайшла да яго на рукі. Але я – ні за што! Схавалася да мамы пад фартух і колькі мяне не выцягалі, я не давалася. Сядзела ўгнуўшыся і вельмі баялася. Потым мне мама растлумачыла, што ў гэтага нямецкага афіцэра ў Германіі засталася маленькая дачка прыкладна майго ўзросту, ён вельмі сумаваў па ёй, і таму хацеў узяць мяне на рукі, а калі я не пайшла, то нават слёзы выціраў.
Яшчэ помню, як немцы моцна білі майго бацьку. Ён быў ужо старэйшага ўзросту, таму на вайну яго не забралі, ён заставаўся дома з намі. Я так думаю, што немцам яго хтосьці выдаў, бо мама пякла хлеб партызанам. Вядома, мне аб гэтым ніхто не расказваў, лічылі, што малому дзіцяці не трэба ведаць. Але аднойчы ноччу я сама бачыла, як нехта пастукаў у акно, і маці перадавала незнаёмым мужчынам закручаны ў абрус хлеб. Я выглядала ў шчыліну дзвярэй, бачыла, як незнаёмыя людзі аб нечым шапталіся з маімі бацькамі, але калі я спытала аб гэтым, мяне толькі прагналі спаць і сказалі: “Маўчы, малая!” А потым я таксама чула, як маці з бацькам гаварылі, што трэба зноў пячы хлеб, так я здагадалася, што да нас прыходзяць з лесу партызаны.
Дык вось, відаць нехта данёс пра гэта немцам, яны прыйшлі да нас на падворак і вельмі моцна білі бацьку, мяне тады закрылі дома, а старэйшыя на вуліцы былі, яны так плакалі, што здаецца, увесь свет чуў…
Помню таксама момант, калі бацькі пакідалі дом, яны вельмі спяшаліся, толькі паадкрывалі вокны, каб выбухам не выбіла шыбы. Мама подбегам цягнула мяне за руку, а з коміна дома Емяльянчыкаў ад выбуху зляцела цэгла і ледзь не патрапіла ў нас – гэта немцы ўзрывалі мост, які знаходзіўся каля нашай хаты.
А перад гэтым яшчэ помню, што немцы сагналі ўсіх людзей з вёскі ў адно месца: у Малой Бераставіцы там цяпер паклонныя крыжы стаяць. У натоўпе стаялі і дарослыя, і дзеці. Казалі, што немцы, збіраючыся адыходзіць, недалічыліся адной каскі, яна недзе прапала. Яны вырашылі, што ўкраў нехта з нашых людзей і ўжо нават збіраліся расстрэльваць усіх. Але раптам у небе з’явіўся савецкі самалёт, і немцам ужо стала не да нас, яны разбегліся і кінулі нас. А потым і зусім адышлі з вёскі, узарваўшы за сабой мост. У нашай хаце ад выбуху поўнасцю адарваўся шчыт…
Пакуль ішлі баявыя дзеянні, мы хаваліся ў падвале сваіх сваякоў Сягоднікаў, помню, што там было вельмі холадна, нам кідалі нейкія тканыя дзяругі, каб накрыцца трохі. Так і прасядзелі ў гэтай яме аж пакуль немцы не адышлі. А потым мы яшчэ некаторы час жылі ў мамінай сястры Соф’і ў Канчанах, яе муж быў на фронце. У іх малюсенькі пакой быў, нам на падлозе слалі нейкія лахі, а падлога там была земляной, ноччу прачнешся, а холад страшны, немагчыма спаць. Я ўжо калі вырасла, гаварыла заўсёды: колькі буду жыць, буду купляць коўдры і пакрывала, каб у нас было чым накрыцца дзецям.
А потым праз вёску ад Каменкі на конях ехалі нашы, савецкія, салдаты. Помню, як усе крычалі: «Ура! Нашы!”, абдымаліся, цалаваліся, мяне, малую, ціскалі.
А яшчэ на нашым двары размяшчалася салдацкая палявая кухня, тады ўсе дзеці з вёскі практычна не выходзілі ад нас, толькі калі сцямнее, ішлі дахаты. Елі пярловую салдацкую кашу, помню, яе “бранябойкай” называлі, і хлеб. Бо пасля вайны нічога не было ні ў каго…
Калі мы вярнуліся дадому, у нашай хаце нават ні ложкі, ні міскі не засталося. Хто ўсё забраў, невядома: можа, немцы, можа, уласаўцы- яны ўсё падбіралі. Я помню, як мы плакалі, каб не забіралі карову, на каленях стаялі, прасілі, а яны ўсё роўна павялі яе.
Дык вось, прыйшлі мы ў хату, селі, і не ведаем, што рабіць. Потым нехта з суседзяў ложку прынёс, хтосьці нешта іншае, а потым паціху ўсё набывалі самі.
Бацька памёр у 1954 годзе, ён шмат хварэў пасля таго, як яго немцы збілі, а яму толькі 56 гадоў тады было….
У 1955 годзе Алена Уладзіміраўна скончыла Малабераставіцкую сярэднюю школу і паспрабавала паступіць у Гродзенскі педінстытут, але не хапіла бала па нямецкай мове. Тады яна вярнулася ў Малую Бераставіцу і пайшла працаваць бібліятэкарам у Дом культуры, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, потым год адвучылася на курсах у тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску, атрымала спецыяльнасць “кіраўнік сельскіх драматычных калектываў”, стала дырэктарам Дома культуры.
На танцы ў клуб часта прыхо­дзілі маладыя выкладчыкі з Мураванскага вучылішча, так яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Ерамейчыкам, у 1961 годзе яны пажаніліся.
Потым Алену Уладзіміраўну выбралі сакратаром выканкама, і гадоў восем яна працавала ў Малабераставіцкім сельсавеце.
У 1975 годзе вучылішча з Мураваны пераводзілі ў Вялікую Бераставіцу, пераехалі сюды і Ерамейчыкі. Алену Уладзіміраўну прынялі на працу выхавацелем у вучылішча, потым яна завочна закончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум і ўжо працавала майстрам — да выхаду на пенсію і яшчэ два з паловай гады на заслужаным адпачынку.
У 2011 годзе муж і жонка Ерамейчыкі адзначылі залатое вяселле, а праз паўгода Аляксандра Аляксандравіча не стала – памёр праз два дні ад свайго дня нараджэння. Смерць мужа Алена Уладзіміраўна перажывала цяжка, доўгі час знаходзілася ў дэпрэсіўным стане, дачка Святлана нават брала адпачынак, каб быць пры маці. Алена Ерамейчык нават на сем гадоў адмовілася ад свайго любімага занятку — удзелу ў хоры ветэранаў.
Дочкі, а іх у Алены Уладзіміраўны дзве, нават прапаноўвалі маці пераехаць жыць да іх.
— Але я не згадзілася, не хачу ў горад, — кажа жанчына. – У Вялікай Бераставіцы я жыву ўжо 45 гадоў, я тут у акно выгляну – усе свае людзі вакол. У мяне вельмі добрыя суседзі, на дапамогу прыйдуць і ў горы, і ў радасці, дзякуй ім за гэта. Градку сажу каля дома, корпаюся паціху, вяжу сурвэткі, нават удзельнічаю ў выставах. Час паціху залечвае раны, стала зноў хадзіць у хор ветэранаў, наведваю клуб “Здравушка”, сумаваць няма калі. А яшчэ ўнук прывёз камп’ютар і навучыў ім карыстацца, так што я ў курсе ўсіх навін. Крыўдна толькі, калі маладыя гавораць, што ім цяжка жыць, я ад гэтых слоў плакаць хачу, бо не ведаюць яны, што такое цяжка. Ды і, дай Бог, каб не ведалі ніколі…
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *