Дзяцінства бераставічанкі Веры Станкевіч прайшло ў акупацыі

80 лет Великой Победы Лента новостей Общество

Бераставічанка Вера Станкевіч сустрэла Вялі­кую Айчынную вайну дзеся­цігадовай дзяўчынкай. Вядома, за даўнасцю гадоў многія падзеі тых часоў ужо сцерліся з яе памяці, але некаторыя моманты, якія прынеслі найбольшыя эмацыянальныя перажыванні, яшчэ і сёння як бы стаяць у яе перад вачыма.

— Нарадзілася я 12 снежня 1930 года ў вёсцы Калеснікі, — расказвае Вера Міхайлаўна. – Да вайны нават паспела закончыць адзін клас польскай школы ў Малой Бераставіцы. А потым, у 1937 годзе, мае бацькі пераехалі ў Гродна. Я і цяпер помню, што ехалі мы возам, я задрамала, і калі пад’язджалі да горада, ужо вечарэла. Мама мяне разбудзіла і кажа: “Паглядзі, якая прыгажосць!” Горад увесь свяціўся агнямі, для мяне гэта было вельмі дзіўна, бо ў нашай вёсцы ў той час электрычнасці яшчэ не было. Бацька прадаў карову і свінаматку, якую мама атрымала ў прыданае ад сваіх бацькоў, і адкрыў невялікі магазін у Гродне. Але гэты бізнес закончыўся вельмі хутка: у 1939 годзе пачалася Другая сусветная вайна, яго забралі ў польскую армію, а потым прыйшло і вызваленне Заходняй Беларусі. Ад бацькі не было аніводнай вестачкі, мы не ведалі, дзе ён і ці жывы. Тады дзед, мамін бацька, прыехаў канём у Гродна, забраў нас з маці і з усёй маёмасцю назад да сябе ў Калеснікі.
Там мы і сустрэлі нямецкую акупацыю. У дзеда было 12 гектараў зямлі, але і дзяцей поўная хата: тры сыны ад першай жонкі, і трое дзяцей ад другой — мая маці і два яе браты, а яшчэ ён сам з бабуляй і я.
Дзед быў моцным гаспадаром, трымаў карову, свіней, былі ў яго куры і пчолы, таму не скажу, галадоўкі ў нас у час вайны не было. А яшчэ дзед ішоў на розныя хітрыкі, каб захаваць сваю маёмасць ад немцаў: яны не дазвалялі людзям свіней рэзаць, каб потым сабе забраць, дык дзед прыдумаў заносіць свінню ў хату ў склеп: жывёлу там спецыяльна душылі, каб яна не вішчала і каб немцы не пачулі, а потым смалілі не агнём, а накаленным жалезам. А мяса разбіралі і хавалі, каб немцы не знайшлі. Вядома, рабілі гэта пад вялікім страхам, але куды было дзецца, есці штосьці трэба было.
У саміх Калесніках немцы не стаялі, да нас яны толькі час ад часу заязджалі, а штаб іх быў у Мураване.
А яшчэ панскі маёнтак, што знаходзіўся ў Мураване, заняў нейкі цывільны немец, які вёў там сваю гаспадарку: трымаў кароў, садзіў бульбу. Людзі з вёсак хадзілі да яго на працу. Нас, дзяцей, таксама прымушалі збіраць бульбу. Памятаю, бульбу тады капалі не капалкай, а круглай “швыралкай”, як мы яе называлі, яна па адной баразне выкідвала бульбу, а мы, малыя, збіралі, за ёй, а немец ззаду ідзе і глядзіць, каб не пакідалі бульбы, а як заўважыць дзе бульбіну, дык нам кульбакай падкідвае.
Потым немцы сталі вывозіць нашых людзей на працу ў Германію. Спачатку забралі мамінага брата Канстанціна, а праз некаторы час у спісы трапіла і мая мама разам са мною. Нам трэба было ўжо назаўтра з’явіцца ў Малую Бераставіцу, але людзі падказалі, каб мы схаваліся, пакуль цягнік на Германію не адправіцца. Мама так і зрабіла, яна забрала мяне, і мы ноччу пайшлі пешшу ў Кулі, да мамінай дваюраднай сястры, у яе гумне і хаваліся два тыдні, на вуліцу нават і не паказваліся, каб суседзі не заўважылі, а цётка нам непрыкметна есці прыносіла. Так і ўдалося пазбегнуць Нямеччыны.
Ад бацькі майго ўсю вайну не было вестачкі, бывае, бабуля вечарам з маці сядуць і варожаць на свечцы, ці хоць жывы ён. Мама вельмі перажывала, а бабуля яе супакойвала, казала, што жывы.
А потым прыйшло вызваленне, помню, што каля Малой Бераставіцы вяліся сур’ёзныя баі паміж савецкімі салдатамі і немцамі.
Жыхарам Калеснікаў сказалі перабрацца са сваёй вёскі ў Хілякі, каб не знаходзіцца ў раёне баявых дзеянняў. Дзед запрог каня, карову прывязаў да воза, узялі мы з сабой запас адзення і ежы і паехалі. Памятаю, што калі мы былі ў Хіляках, якраз тады загінуў у Малой Бераставіцы савецкі камандзір Цітаішвілі. Праз вёску яго труну вязлі на лафеце пушкі да месца пахавання, за ёй ішла працэсія ваенных, і ўсе людзі з Хілякоў таксама выйшлі з ім развітацца.
І хоць нашу мясцовасць моцна бамбілі, але, на шчасце, хата ўцалела, толькі за гумном і на выгане ўпала некалькі снарадаў. Таму нам было куды вярнуцца і пачаць свабоднае жыццё.
Другі мамін брат, Міхаіл, быў прызваны ў армію і пайшоў ваяваць з фашыстамі, пад Кёнігсбергам быў паранены, а Канстанцін, якога вывезлі ў Германію, таксама пасля вызвалення служыў у савецкай арміі, ваяваў у Манголіі.
Я пайшла ў школу ў Малую Бераставіцу. Памятаю, што вясной 1945 года пад школу прыехаў салдат на кані і крыкнуў: “Перамога!” Уся школа тады выйшла на вуліцу, мы пайшлі калонай па Малой Бераставіцы і таксама крычалі: “Перамога! Перамога! Перамога!”
У 1946 годзе вярнуўся і мой бацька, аказалася, што ён быў у польскай арміі Андэрса, прайшоў паўсвету, пакуль дабраўся дадому…

Ля дома ў родных Калесніках
У час працы ў сяльпо

У 1948 годзе Вера закончыла 7 класаў Малабераставіцкай школы, потым пайшла ў 8-ы клас у Вялікую Бераставіцу, але правучылася там не вельмі доўга, прыйшлося пакінуць, бо здымаць кватэру і плаціць за яе ў бацькоў не было магчымасці. У гэты час набіралі на курсы бухгалтараў у Гродна, дзяўчына закончыла іх і прыехала працаваць бухгалтарам у Вялікую Бераставіцу ў райпо, а потым яе перавялі ў сяльпо ў Малую Бераставіцу. Там яна пазнаёмілася з будучым мужам, Пятром Станкевічам, які працаваў у вучылішчы ў Мураване, яны пажаніліся, у сям’і нарадзіліся сын і дачка.

На экскурсіі ў Маскве, Вера Станкевіч — апошняя справа

Калі адкрылася вучылішча ў райцэнтры, Станкевічы пераехалі ў Вялікую Бераставіцу, Вера Міхайлаўна  стала працаваць у вучылішчы бухгалтарам.

— Пяць дырэктараў змянілася пры мне, — гаворыць жанчына, — працавала тут да пенсіі і яшчэ 10 гадоў пасля, праўда, ужо не бухгалтарам.  Доўгае жыццё пражыла, розных выпрабаванняў хапіла,  але час нямецкай акупацыі і той  страх, які нёс вораг, памятаю да гэтых пор. Дай Бог, каб больш нікому не давялося перажыць таго, што перажылі мы, дзеці вайны…

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара і з архіва Веры Станкевіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *