Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся

Лента новостей Человек и его дело

Для многіх людзей родныя мясціны значаць вельмі шмат. Вось і механізатар СВК “Макараўцы” Станіслаў Вярышка (на здымку), які пасля школы закончыў прафесійна – тэхнічнае вучылішча №119 у Гродне, вярнуўся ў тагачасны калгас “Беларусь”. Горад не стаў для яго больш прывабным, чым малая радзіма. А ў гэтым годзе Станіслаў Мечыслававіч адзначыў своеасаблівы юбілей – 20 гадоў працоўнага стажу. Ды і яшчэ адна “круглая” дата ёсць – 10 сезонаў на ўборцы. Мне не раз даводзілася сустракацца з ім у гарачую пару – і кожны раз гэтага чалавека характарызавалі ў гаспадарцы як вельмі адказнага і стараннага працаўніка. Паказалі мне і яго сядзібу, яна радуе вока, дагледжаны падворак патанае ў кветках. Разам з жонкай Святланай Іосіфаўнай, памочнікам урача Макараўскай урачэбнай амбулаторыі, яны стараюцца, каб сям’і з двума дзецьмі было добра і ўтульна.
Зараз Станіслаў заняты на сяўбе азімых. Сее азімае трыцікале. На добрую тэхніку не нарадуецца – у яго трактар “Джон Дзір” і пасяўны агрэгат “Амазонэ”, які захоплівае 6 метраў. Трактар энерганасычаны, камфортны, працаваць на ім адно задавальненне, у ім добрая амартызацыя і гукаізаляцыя. Перадпасяўная апрацоўка глебы ў гаспадарцы праводзіцца згодна з тэхналогіямі. Пра механізатараў клапоцяцца, гатуюць ім смачныя каларыйныя стравы. Задаволены Станіслаў і аплатай. Калі ўсё гэта ёсць, ды яшчэ і надзейны тыл – любячая жонка і дзеці, дык і працуецца добра, і настрой прыемны.
Сям’я вядзе хатнюю гаспадарку. Дарослыя стараюцца і дзяцей прывучаюць, каб дапамагалі. Сыну Андрэю 14 гадоў, ён захапляецца тэхнікай, матацыкламі. Дачка Аня, ёй 16 гадоў, вучыцца на прыкладзе сваёй мамы быць добрай гаспадыняй. Станіслаў – добры сем’янін і бацька. «Проста выдатны», – так кажа пра яго намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Макараўцы” Алеся Капіца.
З такімі руплівымі людзьмі заўсёды прыемна пазнаёміцца, якія цвёрда стаяць на зямлі.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *