Дзень Перамогі ніколі не забудзецца

Культура Лента новостей

img080Дзень Перамогі асабліва значны і дарагі для нас. З таго часу прайшло больш як 70 гадоў. Многіх, хто знаў тую вайну не па чутках, ужо няма сярод нас. Але звесткі аб ёй перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Мы ганарымся тымі воінамі, якія, не шкадуючы жыцця, абаранялі незалежнасць нашай Радзімы. Колькі іх загінула, засталося ляжаць далёка ад родных мясцін! Да гэтых пор унукі, праўнукі шукаюць месцы пахавання сваіх продкаў, каб аддаць ім пашану.
Па волі лёсу мы, трое малых дзяцей з мамай, вымушаны былі жыць перад вайной у паўночным Казахстане. Калі сказаць, што там цяжка было, значыць не сказаць нічога. Саўгас Прыішымскі быў вельмі вялікі, людзей у ім працавала шмат. Калі пачалася вайна, усе мужчыны пайшлі на фронт. Помню, як жанчыны і дзеці развітваючыся плакалі, а мужчыны суцяшалі: “Не плачце, мы хутка вернемся, нас ніхто не зможа перамагчы!”. І пайшлі… Большасць з іх не вярнулася. Іх замянілі жанчыны. Яны селі на трактары, камбайны. Наогул усё лягло на іх плечы. Разам з дарослымі працавалі і мы, школьнікі. Рабілі ўсё, што толькі маглі: сушылі сена, палолі, лапацілі (перасушвалі) збожжа. Звычайна летам у вёсцы амаль нікога не было, усе працавалі ў полі. Таму пошту прывозілі на палявы стан. Згледзеўшы двухколку паштальёна, усе, і дарослыя, і дзеці, беглі да вагончыка. Па выразу твару паштальёна стараліся зразумець, з якімі весткамі ён прыехаў. Усе чакалі лістоў з фронту. З трывогай глядзелі, што дастае з сумкі паштальён: трыкутнік (салдацкае пісьмо) ці, як называлі, казённы канверт, у якім прысылалі пахаронкі. Бывала шчасліўцы ўжо чытаюць свае лісты, а раптам раздаецца такі страшны крык, што здаецца замірае прырода, сэрца разарвецца. Гэта галосіць жанчына, якая атрымала пахаронку. І так бывала часта. З тых, хто пайшоў на вайну, вярнулася вельмі мала.
…Надышоў май 1945 года. Баі ўжо ішлі ў Берліне. З дня на дзень усе з хваляваннем чакалі канца вайны. І вось 9 мая настаўнікі сабралі ўсю школу, я была тады ў 5 класе, і з радасцю паведамілі, што вайна скончылася. Увесь пасёлак сабраўся каля клуба. Там было радыё. На сцяне вісеў чорны гучнагаварыцель, які называлі талеркай. Цэлы дзень не разыходзіліся, усё слухалі. Колькі было радасці! І спявалі, і плакалі. Адны плакалі ад радасці, а другія ад таго, што іх мужы, бацькі, сыны ўжо ніколі не пераступяць родны парог, іх паглынула пекла вайны. Па іх было праліта нямала слёз і раней, але цяпер, на фоне агульнай радасці, сэрца балела яшчэ мацней.
Гэта было далёка ад роднай Беларусі. А што рабілася ў нас! Не было спакою ні днём, ні ноччу. Колькі было закатавана, знішчана людзей! А колькі было разбурана нажытага спажытку. Ні адна рэспубліка не пацярпела так, як мая родная Беларусь!
Столькі гадоў прайшло, а здаецца гэта было толькі ўчора. Мір без вайны – гэта вялікае шчасце! Шчасце спакойна жыць, спакойна спаць, спакойна працаваць, не баяцца за родных. На жаль, на свеце войны не спыняюцца. То ў адным, то ў другім месцы забіваюць людзей, разбураюць іх набыткі. Узяць хаця б Украіну. У час Айчыннай вайны народ змагаўся з чужаземным захопнікам. А з кім змагаецца Украіна цяпер? Брат ідзе на брата. Свае забіваюць сваіх. Страшна і сумна.
Так хочацца, каб на зямлі быў мір, каб усе людзі былі шчаслівыя. А гэта залежыць ад людзей, ад усяго разумнага чалавецтва.

Галіна Дубай,
г.п. Вялікая Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *