Два афіцыйныя адкрыцці сацыяльна значных аб’ектаў адбыліся ў аўторак 16 лістапада ў Бераставіцкім раёне

Лента новостей

Адразу два афіцыйныя адкрыцці сацыяльна значных аб’ектаў адбыліся ў аўторак 16 лістапада ў раёне—новага будынка сельскага клуба і бібліятэкі ў аграгарадку гэтага года Кватары і капітальна адрамантаванага дзіцячага сада ў аграгарадку мінулага года Пархімаўцы.
Кватары: новы статус – новае аблічча
Вёска Кватары ўнікальная тым, што не з’яўляецца ні цэнтрам сельсавета, ні цэнтрам сельгаскааператыву, як гэта тыпова для аграгарадкоў, аднак яна расце, сюды прыязджае моладзь, жыццё тут не стаіць на месцы. Мабыць, гэта адметнасць і стала прычынай асаблівай увагі да вёскі, якая неўзабаве набудзе статус аграгарадка, з боку рэспубліканскіх і абласных сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі якіх завіталі сюды ў дзень адкрыцця. Столькі карэспандэнтаў мясцовыя жыхары яшчэ ніколі не прымалі ў сябе! А напярэдадні наш раён наведала памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці М.С.Праташчык.
На адкрыцці сельскага клуба і бібліятэкі ў Кватарах прысутнічалі начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама А.Ч.Лойка, старшыні райсавета дэпутатаў і райвыканкама М.В.Пісарык і М.М.Сіцько, прадстаўнікі раённай і сельскай улады, мясцовыя жыхары. Установы культуры размясціліся ў сучасным, прасторным, прыгожым, цёплым будынку. Цяпер тут будзе зручна і ўтульна ўсім: і мясцовым жыхарам далучацца да свету літаратуры і мастацтва, і работнікам культуры працаваць з яшчэ большым энтузіязмам. Дарэчы, у бібліятэцы ўжо ўстаноўлены камп’ютар з выхадам у Інтэрнэт, што, безумоўна, пашырыць магчымасці чытачоў атрымліваць патрэбную інфармацыю. А ў дапамогу юным наведвальнікам тут створаны даведачны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр.
На будаўнічыя работы гэтага аб’екта было затрачана 369 млн.руб. А ўвогуле на рэканструкцыю аб’ектаў сацыяльнай сферы ў Кватарах выкарыстана 2 млрд.650 млн.руб. Адрамантавана лазня, ФАП, комплексна-прыёмны пункт, магазін, абноўлена школа. Праведзена значная работа па газіфікацыі дамоў. Адбылася рэканструкцыя АТС, цеплавых сетак, рамонт кацельні, артэзіянскай свідравіны, а таксама ліній электраперадач. Заасфальтаваны таксама шэраг вуліц, па-іншаму цяпер выглядае і дарожная развязка на цэнтральнай трасе. Акрамя гэтага, добраўпарадкаваны тэрыторыі збожжаачышчальнага і малочнатаварнага комплексаў, мехдвара. Праведзены і другія работы. І на гэтым, безумоўна, добраўпарадкаванне не будзе спынена. Хоць дзяржаўная праграма будаўніцтва аграгарадкоў сёлета заканчваецца, праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя чатыры гады, які хутка будзе абмяркоўвацца на IV Усебеларускім народным сходзе, прадугледжвае далейшае паляпшэнне ўмоў жыцця вяскоўцаў.
Дзіцячы садок—усім на заглядзенне!
Традыцыйную чырвоную стужку перарэзалі і ў Пархімаўцах. Дзіцячы садок, на капітальны рамонт якога было выкарыстана каля 800 мільёнаў рублёў, цяпер проста не пазнаць! Тут створаны сапраўды камфортныя ўмовы для выхавання дзяцей. Прыгожыя, утульныя, цёплыя пакоі, новая мэбля і абсталяванне—усё гэта цяпер стала рэальным для самых маленькіх жыхароў Пархімаўцаў. Акрамя гэтага, у будынку садка размясцілася і школьная сталовая. Стары будынак сталоўкі знаходзіўся ў 100-150 метрах ад школы, і гэта стварала пэўную нязручнасць для вучняў. Цяпер жа ім дастаткова прайсці ўсяго некалькі крокаў у суседні будынак.
Рамонт дзіцячага садка ажыццяўлялі будаўнікі ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”, працавалі на сумленне, з душою. Як адзначыў падчас урачыстага адкрыцця дырэктар ПМК-141 В.А.Лукашэвіч, “будаўніцтва падобных аб’ектаў—справа адначасова прыемная і адказная. І самая лепшая ўзнагарода за яе—гэта бачыць шчаслівыя, радасныя твары маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак”.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *