Да зімы ў Бераставіцкім раёне рыхтуюцца грунтоўна

Лента новостей

На чарговым пасяджэнні райвыканкама было разгледжана пытанне аб выніках работы арганізацый раёна ў зімовы перыяд 2011/2012 года і задачах па падрыхтоўцы іх да работы ў асенне-зімовы перыяд 2012/2013 года.

У дакладзе начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.А.Гугельчука адзначалася, што газа-, энергазабяспечваючыя арганізацыі ў цэлым забяспечылі газам, электрычнай і цеплавой энергіяй жыллёвы фонд, аб’екты сацыяльна-культурнага і бытавога назначэння, арганізацыі. Пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай да асенне-зімовага перыяду знаходзяцца на пастаянным кантролі райвыканкама. Своечасова прымаліся аператыўныя меры па ліквідацыі аварый на электрычных і цеплавых сетках. Таксама было ўказана і на неналежнае выкананне тэхнічных рэгламентаў па эксплуатацыі катлоў на кацельнай аграгарадка Алекшыцы. На працягу ацяпляльнага перыяду кацёл, які працуе на газе, двойчы выходзіў са строю.
Добра спрацавалі пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду цэнтральная раённая бальніца, ліцэі, ПМК, СВК “Малабераставіцкі элітгас”, “Цецяроўка”, імя Варанецкага.
З мэтай выканання пастаўленых Дырэктывай №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўны фактар эканамічнай бяспекі дзяржавы” задач, райвыканкамам распрацаваны і рэалізуюцца спецыяльныя мерапрыемствы, накіраваныя на рэальнае энергазберажэнне. Ужо цяпер распачата работа па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду 2012/2013 года: ствараецца неабходны запас паліва, будуць праведзены мадэрнізацыя кацельнай у аграгарадку Масаляны, прафілактычныя рамонтныя работы ў кацельнях і цэнтральных цеплапунктах, плануецца перакласці 3,3 км цеплавых сетак і г.д.
Зберажэнню цеплавой энергіі паспрыяе таксама рамонт дахаў і міжпанэльных швоў, пячэй і цеплавых пунктаў.
Усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы распрацавалі і выконваюць мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, вызначаны меры па аказанні дапамогі ва ўхіленні наяўных недахопаў, што павінна садзейнічаць своечасовай падрыхтоўцы аб’ектаў усіх галін народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне- зімовы перыяд.
Старшыня райвыканкама А.С.Кулісевіч падкрэсліў неабходнасць як мага шырэй выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, спажыванне імпартных энерганосьбітаў давесці да мінімуму, дабівацца, каб больш эфектыўна дзейнічалі тыя кацельні, дзе былі ўсталяваны новыя катлы, што працуюць на цвёрдых відах паліва. Таксама Антон Станіслававіч выказаў незадаволенасць работай інжынернай службы раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адміністрацыі РУП ЖКХ неабходна правесці адпаведную работу па ўмацаванні прадпрыемства кадрамі.
Сёння актуальным застаецца пытанне па забеспячэнні раёна дранкай (шчапой). Тая, што пастаўляецца з іншых раёнаў, не заўсёды якасная. Ужо наспела неабходнасць у набыцці дранка-драбільнай машыны, хаця б адной на два раёны.
На пасяджэнні райвыканкама быў разгледжаны і шэраг іншых актуальных пытанняў. Па кожным з іх прынята адпаведнае рашэнне.
На пасяджэнні райвыканкама прысутнічалі намеснік генеральнага дырэктара “Гроднаэнерга” М.А.Шулейка і першы намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама А.А.Карповіч.

Падрыхтавала  Зінаіда Самкова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *