Дасведчаны спецыяліст, цікавая жанчына

Лента новостей Человек и его дело

IMG_4292Як прыемна бывае пагутарыць з чалавекам, шчыра зацікаўленым у галоўным занятку свайго жыцця, які не толькі дае яму хлеб надзённы, але і прыносіць сапраўднае маральнае задавальненне! І калі гэта жанчына, адукаваная, абаяльная і прывабная, ды да таго ж сяльчанка, дык становіцца прыемна ўдвая. Наталля Жураўская, эканаміст РУСП “Масаляны” – менавіта такі чалавек. Родам яна з вёскі Кватары на Бераставіччыне, карэнная сяльчанка, пасля заканчэння школы дзяўчына выбрала для сябе Гродзенскі аграрны ўніверсітэт – сапраўдную “кузню кадраў” для сельскай гаспадаркі рэспублікі. Для любога вяскоўца вучоба тут не нешта нязведанае, бо сельская моладзь змалку побач з бацькамі праходзіць “свае ўніверсітэты”. Хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць бацькам па гаспадарцы, працуюць на агародзе, даглядаюць хатнюю жывёлу, і ўсё гэта з любоўю, ад душы. Таму калі заходзіць справа пра выбар прафесіі, многія доўга не раздумваюць, і інтуіцыя падказвае ім, якая жыццёвая дарога будзе для іх найлепшай, бо ўжо ў немалой ступені і знаёмая.
А аграрны ўніверсітэт адкрывае сапраўдныя дзверы ў веды і навуку. Раслінаводы, заатэхнікі, эканамісты спасцігаюць тут сакрэты прафесіі. А Наталля Жураўская мае аж дзве спецыяльнасці, яна заатэхнік і эканаміст. Другую вышэйшую адукацыю яна атрымала завочна, вырашыўшы ўзбагаціць свой узровень. Эканоміка яе па-сапраўднаму зачаравала. Менавіта такое адчуванне ўзнікае, калі паслухаеш яе цікавы аповед пра вучобу. Гэта на першы погляд там “сухая” дакладная тэорыя, складаныя формулы, фармуліроўкі, правілы. А калі эканомікай зацікавіцца, “пранікнуцца”, усвядоміць яе веліч, стройнасць, сістэму, дык можна адчуць сапраўдную асалоду. Пра такую асалоду мне даводзілася чуць і ад іншых прадстаўнікоў дакладных прафесій – напрыклад, выкладчыкаў матэматыкі, бухгалтараў. Ад любімай справы ў іх таксама загараюцца вочы, як у паэтаў, мастакоў, музыкантаў, хаця гэта, вобразна кажучы, зусім процілеглыя натуры — “фізікі і лірыкі”. Наталля расказвала мне пра эканамічныя дысцыпліны з сапраўдным энтузіязмам, а пасля “тэорыі” мы перайшлі да больш “прыземленых пытанняў”.
— Штодзённая руцінная работа ў РУСП “Масаляны” Вас не расчаравала? Не сакрэт, што зараз ёсць розныя меркаванні наконт калектыўных гаспадарак. Дзяржава дапамагае ім датацыямі. А без падтрымкі ці жыццяздольныя такія вялікія калектыўныя гаспадаркі? – задала праблемнае пытанне я.
— Аналіз гаспадарчай дзейнасці нашага прадпрыемства паказвае, што ў яго ёсць будучае, — гаворыць Наталля. — Мы можам існаваць і без датацый. РУСП “Масаляны” вылучаецца ўстойлівым развіццём. Вытворчасць вядзецца па сучасных тэхналогіях, тут працавітыя людзі. Рост валавой прадукцыі ў мінулым годзе ў супастаўных цэнах у нас склаў больш за 105 працэнтаў. У гэтым годзе ў сувязі з аб’ектыўнымі прычынамі – спёкай, не ўдалося нарыхтаваць столькі кармоў, як раней, прыйдзецца дакупіць тысячу тон сенажу, што пацягне за сабой выдаткі, таму можна прагназаваць некалькі ніжэйшы рост. Але мінулагодняя рэнтабельнасць па гаспадарцы ў РУСП “Масаляны” – 11 працэнтаў. Рэнтабельнасць прадукцыі раслінаводства ў нас была вельмі добрая – 33 працэнты, жывёлагадоўлі — 17. Найбольш рэнтабельнае, безумоўна, малако. Датацыя, напрыклад, на закуп мінеральных угнаенняў даецца, але мы і без гэтага можам жыць, мы ні ад каго не залежым. Таму будучае ў гаспадаркі ёсць.
— А зарплата, набыццё, напрыклад, ветпрэпаратаў, цягнуць сродкі з “агульнага катла”? – пытаюся.
— Ад выручкі ў нас ідзе 23 працэнты на аплату працы, астатняе на аплату крэдытаў, розных закупак. Тым не менш чысты прыбытак у РУСП “Масаляны” за мінулы год склаў 9 мільярдаў 205 мільёнаў рублёў, а за пазамінулы – 5 мільярдаў 650 мільёнаў. Як бачыце – станоўчая дынаміка тут ёсць.
Я шчыра радуюся разам са сваёй цікавай субяседніцай. Як прафесійна і даходліва яна мне “расклала па паліцах” эканамічны падмурак дабрабыту гаспадаркі. Цікаўлюся і сацыяльным аспектам:
— А што гэта дае людзям, чым радуе іх зладжаны гаспадарчы механізм?
— Бачылі домікі, якія былі пабудаваны ў нас у 1960 годзе? Яны ў апошні час пуставалі. Да іх таксама прыклалі ў нас клапатлівую гаспадарчую руку. У дамах будуюцца прасторныя веранды, у кватэры правядуць ваду і газ.
Калі жыллё адновіцца, атрымае сапраўдную “другую маладосць”, добраўпарадкуецца, з густам тут правядуць унутраныя работы, можна будзе парадавацца за шчаслівых навасёлаў. Каля дамоў на зямлі людзі пасадзяць пладовыя дрэвы, кветкі, агарод. Гэта вельмі шмат значыць для чалавека, для сям’і, для выхавання дзяцей.
— А што яшчэ робіцца для працаўнікоў? – працягваю задаваць пытанні.
— Віншуюць са святамі працаўнікоў усюды, — канстатуе Наталля. – А ў нас яшчэ, напрыклад, кожны квартал людзі атрымліваюць прадуктовы набор ад ААТ “Малочны Мір”. Калі ўдакладніць, што кожны такі пакунак каштуе больш за 500 тысяч рублёў, і зразумець, што за год такі падарунак складае больш за 2 мільёны рублёў, атрымліваецца нямала…
Пагаварыўшы пра справы ў эканоміцы, наша размова перайшла ў іншае рэчышча. Мне хацелася даведацца, ці дапамагае Наталлі яе спецыяльнасць у вядзенні хатняй гаспадаркі.
— Безумоўна! – гаворыць маладая жанчына. — Ёсць універсальнае правіла для ўсіх людзей, якога трэба прытрымлівацца, каб быць абароненым. У людзей розных нацыянальнасцей яно называецца па-рознаму, але сэнс адзін. У нашых суайчыннікаў гэта называецца адкладваць “на чорны дзень”. Ад усяго даходу такая сума павінна складаць 10 працэнтаў, ва ўсякім разе, не менш.
— У Вас, Наталля, так атрым­ліваецца?- цікаўлюся.
— Атрымліваецца, хаця ў нас двое дзяцей. На харчаванні ніколі не эканомім, купляем ім усё што трэба, напрыклад, фрукты.
Сям’я вельмі шмат значыць для кожнай жанчыны. У Наталлі з мужам – зараз утульны дом на зямлі, які ім далі ў РУСП “Масаляны”, а спачатку яны жылі ў кватэры. Яшчэ адно пытанне да яе ў мяне было “кулінарнае”. Што любіць гатаваць гэтая мама і гаспадыня? Можа, і тут яна адкрые нам які-небудзь сакрэт?
— Стравы гатуем разнастайныя, але найбольш любім бульбяныя клёцкі, — гаворыць мая субяседніца. – Бульбу для іх трэба абавязкова церці на тарцы, як гэта рабілі нашы бацькі. На сучасных электрычных кухонных прыстасаваннях яна атрымліваецца ўсё ж не такая. Затым масу трэба адціснуць, а ў сярэдзіну клёцак укладваем фарш са спецыямі. Клёцкі трэба падсмажыць на патэльні, а затым датушыць. Вельмі смачна, у нас і мы любім, і дзеці.
У мяне засталося самае лепшае ўражанне ад гэтай прыемнай і цікавай субяседніцы – сучаснай сяльчанкі. Жыве гэтая прывабная жанчына і духоўным жыццём. Яна расказала, што любіць чытаць. З апошніх кніг, якія яе зацікавілі, гэта павучэнні падзвіжніка Праваслаўнай царквы Серафіма Сароўскага і “У вайны не жаночы твар” нашай славутай суайчынніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Малайчыны вясковыя жанчыны, разумныя, працавітыя, інтэлігентныя – сапраўдны наш гонар.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *