Далучае да свету музыкі

Лента новостей

IMG_1651Вялікую ролю ў выхаванні дзяцей і падлеткаў, несумненна, адыгрывае музычная адукацыя. Яна не толькі прывівае дзецям і падлеткам любоў да музыкі, але і фарміруе і развівае іх духоўную культуру. А ва ўмовах навучальна-педагагічнага комплексу магчымасці музычнага мастацтва могуць быць яшчэ і адным з механізмаў забеспячэння пераемнасці і бесперапыннасці адукацыі.
У Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе работу музычнага кіраўніка ў дашкольных групах, настаўніка музыкі ў школе і педагога дадатковай адукацыі сумяшчае адзін чалавек – Марына Аляксандраўна Высоцкая. Бясспрэчна, такое спалучэнне забяспечвае планамерны, паслядоўны, бесперапынны характар музычнай адукацыі. А ва ўменні працаваць з дзецьмі розных узроставых катэгорый праяўляецца прафесійная ўніверсальнасць педагога.
Пачынаючы працу з дашколь­нікамі, Марына Аляксанд­раўна прыступае да ўзвядзення свайго роду музычнага падмурка, на якім будзе будавацца ўся далейшая работа.
На музычных занятках з дашколь­нікамі, выкарыстоўваючы гульнявыя моманты, ілюстрацыйны матэрыял, педагог фарміруе ў дзяцей сістэму музычных здольнасцей, густу, вучыць іх арыентавацца ў музыцы і назапашваць музычныя ўражанні.
Усё лепшае, што фарміруецца ў дашкольным узросце, знаходзіць сваё адлюстраванне на ступені паглыблення ў новыя веды. Як настаўнік музыкі, Марына Аляксан­драўна на дадзенай ступені надае ўвагу пераемнасці ведаў, уменняў і навыкаў і абавязкова ўлічвае і развівае тыя здольнасці дзяцей, якія былі адкрыты на ступені дашкольнай адукацыі.
Урокі музыкі ў пачатковых класах – гэта ўрокі мастацтва, гэта своеасаблівае паглыбленне ў новыя веды, у аснове якіх – жыццёвы і мастацкі вопыт вучняў. Ужываючы праблемна-пошукавыя і гульнявыя метады навучання, шырока выкарыстоўваючы нагляднасць, інфармацыйныя тэхналогіі, настаўнік фарміруе ўяўленне пра музыку як пра від мастацтва, паказвае яе сувязь з мастацкай літаратурай і выяўленчым мастац­твам.
Хачу адзначыць, што ўрокі музыкі ў пачатковай школе часта прахо­дзяць у актавай зале. Гэта спрыяе ўдасканаленню выканальніцкага майстэрства, вучыць дзяцей трымацца на сцэне. На ўроку пануе атмасфера свята, а дзеці адчуваюць сябе сапраўднымі артыстамі.
Важным і неабходным дадаткам да ўрокаў музыкі служыць пазакласнае і пазашкольнае музычнае выхаванне. Музычны вопыт навучэнцаў, набыты на ўроках, замацоўваецца на новым узроўні – на факультатыўных занятках і занятках гурткоў.
Марына Аляксандраўна ўмее зацікавіць і дзяцей, і бацькоў да заняткаў музыкай. Вучні пачатковых класаў з задавальненнем наведваюць факультатыў «У свеце музыкі». Для вучняў V-IX класаў на працягу некалькіх гадоў працуе гурток «Звонкія галасы». У ім займаюцца дзеці, музычныя здольнасці якіх развіваліся і ўдасканальваліся яшчэ з дзіцячага садка. Многія школьнікі працягваюць навучанне ў музычнай школе па класе фартэпіяна, домры.
Варта адзначыць, што для арганізацыі музычных заняткаў ва ўстанове маецца неабходнае тэхнічнае забеспячэнне: актавая зала, сучасная відэа- і аўдыёапаратура, мультымедыйная і камп’ютарная тэхніка.
Вынікам карпатлівай і мэтана­кіраванай працы настаўніцы з’яўляюцца сумесныя канцэрты і мерапрыемствы дашкольнікаў, вучняў, бацькоў. Вакалісты гуртка «Звонкія галасы» з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых конкурсаў.
Заўважаны і ацэнены прафесійны вопыт Марыны Высоцкай. На працягу многіх гадоў яна з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў музыкі, уваходзіць у склад журы раённых творчых конкурсаў. Педагог дзеліцца вопытам з настаўнікамі музыкі і музычнымі кіраўнікамі раёна. У мінулым навучальным годе сваё майстэрства Марына Аляксандраўна прадэманстравала на абласным семінары метадыстаў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў.
Дзейнасць музычнага кіраўніка, настаўніка музыкі Марыны Высоцкай звязана з вырашэннем шматлікіх творчых і арганізацыйных задач. Акрамя таго, яна імкнецца да далейшага ўдасканалення сваёй дзейнасці, да знаходжання адпаведных духу часу формаў і метадаў музычна-эстэтычнага выхавання і навучання з мэтай больш плённага ўдзелу ў справе духоўнага развіцця падрастаючага пакалення.
Людміла Чарток,
дырэктар Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *