“Гістарычны марафон” у Пархімаўскай базавай школе

Лента новостей

“Гістарычны марафон” – такую назву атрымаў прадметны тыдзень па гісторыі ў Пархімаўскай базавай школе, які ўяўляў сабой гістарычныя спаборніцтвы адлегласцю ў пяць дзён, на працягу якіх навучэнцы былі ўцягнуты ў самастойную творчую дзейнасць, павышалі цікавасць да вывучаемага прадмета ці проста назіралі, як гэта рабілі малодшыя школьнікі, дзе такі прадмет як “Гісторыя” яшчэ не вывучаецца. Прадметны тыдзень праходзіў пад дэвізам «Помні мінулае, ведай сучаснае, думай аб будучым!».

Гістарычная алімпіяда “20 пытанняў па гісторыі”  стала стартам адкрыцця тыдня гісторыі “Гістарычны марафон”. Вітаў навучэнцаў першы славянскі Бог Род, стваральнік усяго. Род даваў жыццё ўсяму жывому: адсюль і назва слоў: “народ”, “прырода”, “радзіма”. Вучні  5 — 9 класаў праверылі свае веды ў гістарычнай алімпіядзе, здзейсніўшы падарожжа ў цікавы і займальны свет гісторыі. Бог Родамысл – бог мудрасці, красамоўства, дапамог у стварэнні альбома “Па 7-мі цудах свету”. Самым запамінальным мерапрыемствам для дзяцей першай ступені навучання стала падарожжа ў школьны музейны пакой, у якое запрасіў Белбог – Бог света, сяброўства, мастацтва, Бог, які прыносіць дабро, поспех і шчасце. “Запрашаем у сялянскую хату!” – менавіта такімі словамі адчыніў свае дзверы музейны пакой. Навучэнцы 7 класа Таццяна Арцюхевіч  і Карына Сакалоўская  правялі экскурсію-падарожжа для самых малодшых знаўцаў гісторыі роднага краю. Дзяўчынкі звярнулі ўвагу на тое, што не варта сумаваць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця,  але патрэбна ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды. Дзеці пазнаёміліся з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце і ўпэўніліся ў тым, што выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага Беларусі – наша галоўная задача.

І вось завяршаючы этап марафона гісторыі – гульня “Поле Цудаў” “Міфы і легенды аб кветках”, пад час якой размова ішла не проста аб кветках, а аб краінах і народах, звязаных з імі. На гульню актыўных удзельнікаў тыдня запрасіў Бог Услад – бог асалоды і вяселля. І сапраўды, асалоду атрымалі навучэнцы, якім давялося паўдзельнічаць у гульні. І не заўважылі, як праляцеў час: тры тройкі, фінальнае спаборніцтва, апошняе вярчэнне барабана… І вось – супергульня і пераможца – навучэнец дзявятага класа Кірыл Кулеш.

Мерапрыемствы тыдня выклікалі цікавасць да гісторыі і задзейнічалі школьнікаў ў актыўнай рабоце, стварыўшы ўмовы для інтэлектуальнага раскрыцця і гістарычнай граматнасці, павышэння матывацыі для вывучання прадмета.

Кацярына Качан, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, настаўнік гісторыі Пархімаўскай базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *