Галоўны аграном аграфірмы “Стары Дворац” Дзмітрый Захарчук стаў лепшым аграномам падпарадкаваных Міністэрству энергетыкі гаспадарак

Лента новостей

Як прыемна, калі даводзіцца пагаварыць з чалавекам, які па-сапраўднаму любіць сваю справу, рэалізуе ў ёй сваё прызванне, адносіцца да яе з ду­шой!
У вачах такога спецыяліста гарыць агеньчык зацікаўленасці – верная прыкмета прафесіяналізму. І гутарка з ім атрымліваецца жывая, якая захоплівае з першай да апошняй хвіліны, і затым хочацца сустрэцца зноў, каб даведацца, што ў яго новага.
А калі чалавек заняты ў аграрным сектары, я адчуваю да яго тым большую павагу, бо ведаю, як там няпроста вынікова працаваць. У многіх з нас карані ў вёсцы, а нямала людзей звязалі з ёю ўсё жыццё. І яны не толькі не ўспамінаюць пра “агні вялікага горада”, але і лічаць, што рэалізавалі сябе ў сельскай мясцовасці як асобу. Цікава, што і ў такой адказнай і дакладнай прафесіі як аграном некаторыя людзі адчуваюць і знаходзяць сапраўдную рамантыку, якая асвятляе нялёгкія будні і дае маральнае задавальненне.
Кожны раз, калі я размаўляю з галоўным аграномам аграфірмы “Стары Дворац” Дзмітрыем Захар­чуком, я адчуваю, якія ад яго сыходзяць аптымізм, сіла волі і гаспадарлівасць. Бачыла, як упэўнена ён ходзіць па полі і сенажаці, як умее пагаварыць з механізатарамі, ад якіх не менш, чым ад яго, залежыць агульны вынік. А між тым, шлях да такой прафесіі ў яго быў няпросты. Прыйшоў ён да яе не адразу. Сам з Навагрудка, там закончыў сярэднюю школу і марыў стаць урачом – нейрахірургам, ды толькі не дабраў два балы на бюджэтнае аддзяленне медуніверсітэта. Падаў дакументы ў мясцовы аграрны каледж, які быў паблізу ад дома, і закончыў яго з чырвоным дыпломам. Выкладчыкі трапіліся добрыя, змаглі паказаць прэстыж прафесіі. І тэорыя, і практыка юнака зацікавілі, і ён зразумеў, што гэта “яго”. Па размеркаванні Дзмітрый працаваў у СВК “Астраво” Смаргонскага раёна загадчыкам участка па агранаміі і інжынерыі. Затым у СВК імя Гашкевіча год малады чалавек быў намеснікам старшыні. Але жонка Дзмітрыя з нашага раёна. Таму і пераехала маладая сям’я на Бераставіччыну. Тут ім спадабалася, раён моцны, вядомы на ўсю рэспубліку, і агра­фірма дала камфортны дом. За­вочна Дзмітрый закончыў Гро­дзен­скі аграрны ўніверсітэт, а зараз таксама завочна вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У наступным годзе ён заканчвае вучобу, будзе мець яшчэ адну вышэйшую адукацыю.
У гэтым годзе поспехі агра­фір­мы “Стары Дворац” у раслі­на­вод­стве былі дастойна ад­значаны на рэспубліканскіх “Дажынках” у Жлобіне, і гэта не адзіная ганаровая адзнака. Сярод падпарадкаваных Міністэрству энергетыкі гаспадарак аграфірма ў гэтым годзе заняла трэцяе мес­ца, а ў намінацыі “лепшы агра­ном” Дзмітрыю Захарчуку пры­­суджана першае месца. І было за што, паказчыкі радуюць.
– Толькі азімае трыцікале,– гаворыць Дзмітрый, – сёлета некалькі падвяло, ураджайнасць яго 35 цэнтнераў з гектара. Але і гэты паказчык вы­шэйшы за сярэдні па краіне.
Негатыўны ўплыў аказала позняя вясна, яна спазнілася амаль на месяц, таму ў многіх месцах не дабралі таго, на што разлічвалі. Але затое ў аграфірме “Стары Дворац” іншыя сельгаскультуры вытрымалі “капрызы надвор’я”. І ў гэтым немалая заслуга дасведчанага і стараннага галоўнага агранома, які разам з усім калектывам кла­поціцца пра далейшае развіццё раслінаводства. Парадавалі вытворцаў азімая пшаніца – 58 цэнтнераў з гектара, яравая – 68, яравы ячмень – 60. А ўсяго ўбралі плошчу 1044 гектары. Быў тут яшчэ і гарох (65 гектараў), ён даў ураджайнасць 43 цэнтнеры з гектара. Магчыма, насельніцтва зараз не даацэньвае гэтую выдат­ную бабовую культуру з вялікім утрыманнем карыснага расліннага бялку. А калісьці палкаводзец Аляксандр Сувораў казаў, што гарохавы суп дае салдатам моц…
– Дык не шкадуеце, Дзмітрый, што выбралі такую прафесію? – задала я пытанне гэтаму маладому, але ўжо вопытнаму аграному.
– Не. Я народжаны для зямлі — матулі. Гэта маё, — усміхаецца мой субяседнік.
– А першае сваё поле памятаеце дагэтуль?
– Вядома, — адказвае ён. – Па размеркаванні я трапіў у вёску прама на ўборку. А за першае поле сваё хваляваўся. Але ўдалося павысіць ураджайнасць за тры гады з 41 цэнтнера з гектара на другі год да 46, на трэці – да 48.
Гэта вельмі прыемна чуць, відаць, што хлопец стараўся.
– А зараз галаўное прадпрыемства дапамагае аграфірме павялічваць ураджай?
– Так. Дзяржаўныя датацыі з бюджэту таксама ёсць, але і РУП “Гроднаэнерга” дапамагае. Мы адчуваем гэта пры закупе мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслін. Забяспечанасць тэхнікай у нас добрая. У развіццё аграфірмы ўкладзена шмат, і гэтая падтрымка акупаецца.
Пабываў Дзмітрый на многіх рэспубліканскіх семінарах, а таксама ў фермерскіх гаспадарках у Літве і Латвіі – ёсць што параўнаць і ўкараніць лепшае і перадавое.
Застаецца дадаць, што пры высо­кім прафесіяналізме спе­цыялістаў, іх старанні, сучасных новых тэхналогіях і павышэнні культуры земляробства ранейшая грань паміж горадам і вёскай усё больш сціраецца. І гараджане – вясковая ўжо інтэлігенцыя, тут знаходзяць сябе, рэалізуюць свой патэнцыял на карысць нашай роднай благаслаўлёнай і любай зямлі.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *