Гавораць сведкі вайны. У Бераставіцкім раёне прайшоў Дзень памяці

80 лет Великой Победы Лента новостей

Напярэдадні Дня Перамогі, 8 мая, у вёсцы Гольні каля адноўленага помніка загінуўшым воінам, прайшоў Дзень памяці “Гавораць сведкі вайны”. Прысвечаны ён быў 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На мерапрыемстве прысутнічалі жыхары вёсак Гольні і Верхаўляны, а таксама старшыня Алекшыцкага сельскага выканаўчага камітэта Віталій Галавач, прадстаўнік РСУП “Алекшыцы”, брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве Дзмітрый Пазняк, намеснік начальніка пагранічнай заставы “Сямёнаўка” лейтэнант Андрэй Жалнерчык, настаяцель храма святога вялікамучаніка і лекара Панцелеймона аг. Пархімаўцы Уладзімір Грышкевіч, загадчыкі па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы і Канюхі Вікторыя Бажко і Ірына Шыдлоўская.

Да прысутных з прывітальным словам звярнуўся старшыня Алекшыцкага сельскага выканаўчага камітэта Віталій Галавач. Віталій Яўгеньевіч у сваім выступленні павіншаваў усіх са святам Перамогі, выказаў шчырыя словы падзякі ад жыхароў і ад сябе асабіста дырэктару РСУП “Алекшыцы” Валерыю Паўлюкевічу за фінансавую дапамогу ў аднаўленні помніка загінуўшым воінам. Віталій Яўгеньевіч адзначыў таксама важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў, якія нагадваюць падрастаючаму пакаленню пра мужнасць і гераізм нашага народа ў барацьбе супраць ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вядучыя ўрачыстай праграмы расказалі аб перыядзе, калі бераставіцкая зямля аказалася пад нямецкай акупацыяй, і аб станаўленні ў раёне партызанскай барацьбы. Менавіта за сувязь з партызанамі і былі жорстка пакараны жыхары вёскі Верхаўляны. Немцы расстралялі ўсіх мужчын і хлопцаў, жанчын з дзецьмі вывялі ў суседнюю вёску Гольні, а саму вёску спалілі і зруйнавалі з зямлёй. Гэтыя факты, прыведзеныя з кнігі “Памяць”, падцвердзілі і жыхары адбудаванай пасля вайны вёскі Верхаўляны. Праўда, цяпер у ёй пражывае ўсяго некалькі сведкаў той страшнай трагедыі. “Дзеці вайны” – так сёння мы іх называем. Іх дзіцячая памяць надоўга захавала ўспаміны тых страшных гадоў акупацыі. Нельга было без слёз слухаць, што прышлося ім перажыць: голад, холад, страх… Іх дзяцінства забрала вайна. Дзецям давялося хутка стаць дарослымі і прыступіць да працы па гаспадарцы. Як, напрыклыд, Лідзіі Мікалаеўне Галавач (Рымарчык), жыхарцы вёскі Гольні, якая падзялілалася з прысутнымі ўспамінамі ваеннага часу, калі яна была сямігадовай дзяўчынкай. 

Падчас Дня памяці хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны, замучаных у лагерах, спаленых і павешаных, тых, чые імены высечаны на гранітных плітах  і абелісках. У іх памяць былі запалены лампадкі, якія вучаніцы 10-га класа Алекшыцкай сярэдняй школы ўстанавілі ля помніка. А ўсе прысутныя з запаленымі свечкамі моўчкі схілілі галовы, каб ушанаваць памяць загінуўшых аднавяскоўцаў. Таксама ў памяць аб ахвярах вайны прагучаў зброевы залп, які далі ваеннаслужачыя пагранічнай заставы “Сямёнаўка”. А напрыканцы мерапрыемства па просьбе жыхароў вёсак Гольні і Верхаўляны паніхіду па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны адслужыў айцец Уладзімір.

На мерапрыемстве прагучалі вершы ў выкананні Ганны Шумель, Златы Цыбульскай і Ангеліны Кейко. Пад баян загадчыка філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы Вікторыі Бажко ўсе разам выканалі некалькі вядомых песень ваенных гадоў.

Кветкі былі ўскладзены і да помніка спаленнай вёсцы Верхаўляны.

Дзякуй за падтрымку ў правядзенні мерапрыемства Алекшыцкаму сельвыканкаму, а таксама жыхарам вёсак Гольні і Верхаўляны, якія не засталіся абыякавымі да памяці сваіх аднавяскоўцаў і прыйшлі ў гэты дзень да помніка загінуўшым воінам.

Зоя Хлебнікава, бібліятэкар філіяла “Алекшыцкая сельская бібліятэка»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *