Вяскоўцы Бераставіччыны здаюць малако дзяржаве

Лента новостей

4000_34Вясковыя карані не даюць нам забыцца пра тое, што застаецца ў памяці назаўсёды. Мы, дзеці, любілі пасвіць кароў і часта замянялі дарослых. Гэта была і няцяжкая работа, і добры адпачынак на свежым паветры. А якім смачным здаваўся сняданак з торбачкі, што давала з сабой бабуля, як выдатна наталяла смагу малако з бутэлькі з коркам. Ежа была свая, натуральная, вельмі карысная, і наша энергія біла праз край. Мы з іншымі дзецьмі паспявалі і нагуляцца, і кароў завярнуць, калі яны ішлі “ў шкоду”, і так іх напасвіць, што тыя ледзьве ішлі потым дамоў.
Такія незабыўныя прыемныя эпізоды са свайго жыцця мы ўспомнілі нядаўна з бухгалтарам СВК “Макараўцы” Марыяй Міскевіч. Яна горача падтрымала маё меркаванне пра малако, што няма смачнейшага, чым ад сваёй кароўкі, і прывяла грунтоўны бясспрэчны доказ гэтаму, што трымае іх аж дзве.
— Сваё малако, смятана, — гэта вельмі добра, — гаворыць гаспадыня. — Калісьці, калі вучыліся, і здаралася, грошай не хапала, з ахвотай елі хлеб са смятанай.
Мы, студэнты, таксама любілі перакусіць у буфеце смятанай з булачкай. Ну а хатняя, вядома, яшчэ смачнейшая. Мы з субяседніцай згаджаемся, што з такою ні адна “брэндавая” не параўнаецца.
Прыемна, што не мы адны прыкладна так думаем. Магчыма, жаданне мець сваё, смачнейшае, гэта немалы стымул вяскоўцам трымаць кароў.
У СВК “Макараўцы” лабарант – малаказборшчык Рамуальд Кабылянскі ў мінулым годзе сабраў ад насельніцтва 430 тон малака, а ў 2013 яшчэ больш – 443 тоны. Чалавеку гэтаму трэба нізка пакланіцца – работа ў яго няпростая. Столькі малака пагрузіў уручную ў малакавоз! Яны з жонкай Алай таксама трымаюць кароў і здалі летась 27 тон 938 кілаграмаў малака. Ала Гуж здала 16 тон 878 кілаграмаў, Андрэй Пашкевіч – 10 тон, Казімір Руды – 9 тон, каля 9 тон – Марыя Ганчар, Наталля Касіна – 8 тон 900 кілаграмаў, Марыя Міскевіч – 8 тон 625 кілаграмаў, Часлава Вансовіч – 8 тон 458 кілаграмаў. І гэта далёка не ўсе руплівыя гаспадары ў гэтай мясцовасці, якія ўносяць свой уклад у вырашэнне харчовай праграмы, умацоўваюць аграрны сектар. Цяжка падаіць нават адну карову, а як стамляюцца рукі, калі доіш дзве… Калі кароў некалькі, людзі купляюць невялікія перасоўныя даільныя ўстаноўкі. Гэта спрашчае працаёмкі працэс.
Нямала малака здалі летась вяскоўцы і ў СВК “Мала­бераставіцкі элітгас” – 348 тон, а ў 2013 годзе – 374 тоны. У СВК “Алекшыцы” было прынята ад насельніцтва 265 тон, у пазалеташнім годзе – 278. У СВК імя Варанецкага людзі здалі 168 тон, у 2014 годзе – 196 тон. Можна заўважыць, што малака з года ў год здаецца менш, бо вяскоўцы трымаюць менш кароў, але такая карціна і ў цэлым па рэспубліцы. Многія зараз прытрымліваюцца другога меркавання: навошта старацца, калі і ў вясковым магазіне ўсё можна купіць гатовае?
У сельгаскааператывах зацікаў­леныя, каб вяскоўцы здавалі малако. Гаспадаркі дапамагаюць людзям сенам. Гэта вельмі добра, бо самім ім было б цяжка столькі назапасіць, асабліва калі рагуль некалькі.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *