Вялікаэйсмантаўская школа мастацтваў: крокі ў свет прыгажосці

Лента новостей

Музыка, выяўленчае мастацтва—гэта тыя сферы духоўнага свету чалавека, якія робяць наша жыццё цікавым, змястоўным, прыгожым, дапамагаюць нам спасцігаць каштоўнасці і становяцца сябрамі ва ўсёй нашай дзейнасці. Асновы духоўнага багажу, які мы бяром з сабой, адпраўляючыся ў жыццёвы шлях, закладваюцца яшчэ ў дзіцячым узросце. І найбольш актыўна папаўняецца ён, гэты духоўны багаж, менавіта ў дзіцячых школах мастацтваў. Тут дзеці знаёмяцца з цікавым, захапляльным светам прыгожосці, тут раскрываюцца іх творчыя здольнасці, мацнее сяброўства з музыкай, выяўленчым мастацтвам, якое потым крочыць побач з імі па жыцці. А далучаюць дзяцей да гэтага цудоўнага свету, безумоўна, дарослыя. У аграгарадку Вялікія Эйсманты гэтай высакароднай справай займаюцца настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў—калектыў творчых, нераўнадушных людзей, якія з душою і энтузіязмам перадаюць свае веды мясцовым хлопчыкам і дзяўчынкам.

— Наша школа мастацтваў сёння—гэта ўстанова культуры, у якой займаюцца 73 вучні і працуюць 6 настаўнікаў, — расказвае дырэктар Вялікаэй-смантаўскай ДШМ Ганна Валянцінаўна Садоўская.—У нас дзейнічае мастацкі клас, дзе навучаюцца 27 дзяцей. Астатнія вучні спасцігаюць музычныя інструменты і дысцыпліны.
Мы праходзім з Ганнай Валянцінаўнай па кабінетах школы, крыху парушаючы вучэбны працэс. У харавым класе ідзе ўрок у самага вопытнага выкладчыка школы Наталлі Васільеўны Маціеўскай. Трыццаць два гады Наталля Васільеўна працуе тут! Колькі мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак “прайшлі праз яе рукі”, і не пералічыць. Яшчэ, здаецца, нядаўна нас радавалі сваімі выступленнямі ўдзельніцы вакальнага ансамбля “Кропелькі”, якім кіравала Наталля Васільеўна. Аднак дзяўчынкі ўжо скончылі школу. І вось цяпер “Званочкі”—новы ансамбль—робіць з дапамогай Наталлі Васільеўны свае першыя крокі ў харавое мастацтва. І, трэба сказаць, удалыя. У мінулым годзе “Званочкі”—а гэта Вераніка Лісоў-ская, Караліна Анджэеўская і Ганна Іядкоўская—занялі другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод устаноў адукацыі.
Настаўнік па класу фартэпіяна Святлана Віктараўна Красоўская вучыць мясцовых дзяцей ігры на гэтым інструменце ўжо 7 гадоў. Яна—актыўны ўдзельнік раённых канцэртаў. Напэўна, бераставіцкія гледачы памятаюць пранікнёныя выступленні Святланы Віктараўны ў дуэце са Збігневам Юзэфавічам Эйсмантам, настаўнікам мастацкага класа. Збігнеў Юзэфавіч—сапраўдная “знаходка” для школы. Ён—і музыкант, і спявак, і мастак. Умее знайсці падыход да вучняў, зацікавіць іх. Ён выкладае такія прадметы, як “малюнак”, “жывапіс”, “кампазіцыя”, “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “гісторыя мастацтваў”. І ў будучым годзе ў мастацкім класе ўжо чакаецца першы выпуск.
Марына Расціславаўна Глябовіч—у школе працуе 15 гадоў. Яна выкладае сальфеджыа і музлітаратуру. А таксама вучыць ігры на фартэпіяна масалянскіх дзяцей.У Масалянах ад Эйсмантаўскай ДШМ дзейнічае вучэбны клас. Такі клас таксама створаны і ў Алекшыцах, дзе ў настаўніцы Таццяны Віктараўны Эйсмант вучацца ігры на баяне і акардэоне 11 вучняў.
— Сучасных дзяцей няпроста сёння прывучыць быць цярплівымі, настойлівымі ў вучобе. Менавіта гэтымі якасцямі яны павін-ны валодаць, каб па-сапраўднаму зразумець музыку, мастацтва ўвогуле і пасябраваць з імі,— дзеліцца сваімі разважаннямі Ганна Валянцінаўна.—Усё больш часу ў школьнікаў займае камп’ютар, Інтэрнэт. Гэтага, безумоўна, не адняць. Аднак без далучэння да высокага мастацтва сучаснаму чалавеку таксама сёння нельга. І ўсе нашы выкладчыкі стараюцца данесці гэтую ідэю да сваіх вучняў, імкнуцца прывіць ім любоў да творчасці.
Ганна Валянцінаўна працуе на пасадзе дырэктара школы мастацтваў з 2005 года, а ўвогуле ў Вялікіх Эйсмантах яна ўжо дзесяць гадоў. Выкладае тэорыю музыкі.
— У нас існуюць свае традыцыі,— працягвае расказ Ганна Валянцінаўна.—Гэта святы “пасвячэння ў музыканты, мастакі”, справаздачныя канцэрты напрыканцы навучальнага года. Мы рыхтуем і шмат іншых мера-прыемстваў, падчас якіх вучні дэманструюць свае творчыя дасягненні. Наладжваем унутрышкольныя выстаўкі мастацкіх работ. Абавязкова адзначаем лепшых, найбольш старанных вучняў. І не толькі дзеці выступаюць. Пры школе створаны таксама інструментальны ансамбль выкладчыкаў “Созвучие”, удзельнічаючы ў якім ужо мы, дарослыя, увасабляем свае ўласныя творчыя задумкі.
На развітанне я спытала ў дзяцей, ці падабаецца ім вучыцца ў школе мастацтваў. І яны хорам адказалі, што падабаецца. Іх словам я паверыла, таму што і сама адчула тую асаблівую атмасферу добразычлівасці і шчырасці, што пануе тут.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *