Выязныя заняткі – на базе Бераставіцкага раёна

Лента новостей

На мінулым тыдні на базе шэрагу аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння раёна прайшлі выязныя заняткі слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце. Цэнтральнае месца ў ходзе заняткаў было адведзена пытанням партнёрства сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў і ўстаноў сацыяльнай сферы. Слухачы курсаў мелі магчымасць непасрэднага знаёмства са станам спраў у гэтым накірунку ў нашым раёне, а таксама пазнаёміліся з перспектывамі далейшага ўмацавання і развіцця такіх узаемасувязяў.

Пры наведванні СВК “Цецяроўка” галоўная ўвага гасцей засяроджвалася на вопыце супрацоўніцтва СВК з мясцовай гімназіяй. А выступленне дырэктара гімназіі І.Л.Кергет прысвячалася тэме выхавання фізічна здаровых і духоўна развітых дзяцей як залогу будучага патэнцыялу гаспадаркі. Яна паведаміла аб дапамозе сельгаскааператыва ва ўмацаванні спартыўнай базы навучальнай установы. Была праведзена экскурсія па гімназіі, паказаны ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам у спартыўнай і барцоўскай залах.
Аб ролі бацькоўскага камітэта ў наладжванні шэфскіх сувязяў расказаў яго старшыня Д.А.Буры. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што такія сувязі носяць узаемавыгадны характар. Звычайна, у канцы лета, на пасяджэнні бацькоўскага камітэта распрацоўваецца і зацвярджаецца дагавор гімназіі з СВК аб удзеле гімназістаў у сельгасработах. У адпаведнасці з дагаворам вучні старэйшых класаў на працягу дзесяці дзён дапамагаюць кааператыву ва ўборцы бульбы. У мінулым годзе, напрыклад, яны ўбралі звыш 600 тон клубняў і зарабілі 19 з паловай мільёнаў рублёў. Дадаткова за добрасумленную працу выплачваюцца прэміі, а клас-пераможца ўзнагароджваецца экскурсійнай паездкай па краіне, маршрут якой ён выбірае сам. Гаспадарка выдзяляе таксама бясплатна бульбу для харчавання гімназістаў. А сумесны ўдзел у культурных мерапрыемствах – гэта таксама неад’емная частка шэфскіх сувязяў, якая стала добрай традыцыяй.
Загадчык Пагранічнай урачэбнай амбулаторыі І.Р.Сідорык пазнаёміў гасцей з асноўнымі накірункамі дзейнасці ўзначальваемай ім медыцынскай установы і з тым, як вырашаецца пытанне павышэння вытворчай актыўнасці насельніцтва.
Затым маршрут выязных заняткаў пралёг у аграгарадок Малая Бераставіца. Удзельнікі таксама наведалі тут навучальную ўстанову, а менавіта, Малабераставіцкую сярэднюю школу. Яе дырэктар В.Р.Кісялеўская пазнаёміла слухачоў курсаў з прыярытэтамі развіцця ўстановы адукацыі ва ўмовах сельскай мясцовасці. Потым усіх запрасілі ў школьны музей “Вытокі”. Кіраўнік музея Т.І.Эйсмант (на ніжнім здымку) правяла цікавую экскурсію, расказала пра гісторыю яго стварэння. Асабліва падкрэслівалася яго важная роля ў выхаванні патрыятычных пачуццяў у адносінах да сваёй малой радзімы. А аб сумеснай рабоце ў гэтым накірунку паведаміла намеснік старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас” Т.С.Жэнгелевіч.
У аграгарадку Макараўцы госці наведалі дом-інтэрнат для адзінокіх, састарэлых і інвалідаў. Дырэктар Г.І.Пацэнка пазнаёміла з умовамі пражывання тут, расказала аб сумесных намаганнях кіраўніцтва ўстановы і сельгаскааператыва “Макараўцы” па дапамозе людзям, якія апынуліся ў гэтым сацыяльным прытулку.
Аб узаемадзеянні НПК “Макараўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” і СВК “Макараўцы” па рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна паведаміў дырэктар навучальна-педагагічнага комплексу П.М.Панкевіч.
Намеснік старшыні сельгаскааператыва па ідэалагічнай рабоце А.М.Капіца расказала з дапамогай мультымедыйных сродкаў аб мерах, якія прымае праўленне гаспадаркі па замацаванні маладых спецыялістаў на сяле.
Вынікі правядзення выязных заняткаў падвялі кіраўнік вучэбнага цэнтра Гродзенскага аблвыканкама А.І.Зотава (у цэнтры на верхнім здымку) і намеснік старшыні райвыканкама С.Я.Чыкун. У мерапрыемстве прыняла ўдзел таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.М.Раманік.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *