Смелы ўчынак Аляксандра Скрыпко

Лента новостей

Кажуць, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, але калі ўжо і не браць так высока, то тым не менш можна сцвярджаць, што месца смеламу і добраму ўчынку знойдзецца несумненна. І вельмі добра, што побач з намі жывуць людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу ў чужой бядзе, часам забываючы нават пра сябе.
На мінулым тыдні ў рэдакцыю патэлефанавала пенсіянерка з в.Водла Надзея Антонаўна Капіца. Узрушаная жанчына вельмі прасіла напісаць аб тым, як яе маёмасць выратаваў ад агню працаўнік СВК “Макараўцы” Аляксандр Уладзіміравіч Скрыпко.
Здарылася гэта вечарам 28 ліпеня. Надзея Уладзіміраўна з мужам Юзэфам Уладзіслававічам спакойна глядзелі тэлевізар, нават не здагадваючыся аб тым, што прыбудоўка, у якой яны захоўвалі дровы, ужо была ахоплена полымем.
На шчасце, у гэты час Аляксандр Уладзіміравіч якраз ехаў ад сваіх бацькоў, якія таксама пражываюць у Водле.
Убачыўшы агонь над пабудовай, ён не раздумваючы спыніўся і кінуўся ратаваць чужую маёмасць. Мужчына не толькі папярэдзіў гаспадароў аб небяспецы і выклікаў пажарных, але і адразу схапіў вёдры і пабег тушыць полымя. І гэта нягледзячы на тое, што яму зусім нядаўна знялі гіпс са зламанай рукі, і яе яшчэ трэба было берагчы.
Да прыезду пажарных сіламі Аляксандра Уладзіміравіча і суседзяў, якія прыйшлі яму на дапамогу, агонь ужо быў практычна ўтаймаваны.
Гаспадары вельмі ўдзячны А.У.Скрыпко за змаганне з агнём і выратаванне іх маёмасці, дзякуюць і бацькам, выхаваўшым такога сына. Вядома, яны, ужо маючы практычна па 80 гадоў, самі не змаглі б змагацца з агнём, а ён не даруе ні хвіліны затрымкі. Аб тым, што магло б здарыцца, калі б пажар не быў своечасова заўважаны і патушаны, пенсіянеры нават баяцца думаць.
“Яшчэ раз упэўніліся, што ёсць на свеце нямала добрых людзей”,– расчулена гаворыць Надзея Антонаўна.
Сам жа герой нашай публікацыі сціпла заўважыў, што не лічыць свой учынак нечым асаблівым. Ён упэўнены, што так на яго месцы павінен быў бы паступіць кожны чалавек.
Аляксандру Уладзіміравічу 38 гадоў, ён жыве у в.Канюхі, працуе механізатарам у СВК “Макараўцы”. У калектыве яго таксама характарызуюць станоўча, як адказнага і стараннага работніка.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *