Вынікі і перспектывы аграфірмы «Стары Дворац»

Лента новостей

Мерапрыемствы на гэты год у філіяле РУП “Гроднаэнерга” аграфірме “Стары Дворац” распрацаваны з улікам далейшага эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Перад спецыялістамі і працаўнікамі пастаўлены важныя задачы. Ёсць тут і свае бясспрэчныя перамогі.

Напрыклад, па якасці малака жывёлаводам удасканальвацца ўжо не прыйдзецца. Мэтанакіраваная работа прынесла добрыя вынікі. Людзям ёсць чым ганарыцца. За мінулы год тут самы высокі паказчык здачы малака гатункам “экстра” ў раёне — 95,4%. У 2010 годзе такая лічба была 54%. Падчас абароны мерапрыемстваў падкрэслівалася, што высокая планка павінна падтрымлівацца і далей. Прыемна, што перадавы вопыт па выпуску “еўрапейскага малака” могуць пераймаць іншыя вытворцы нашага раёна – пры жаданні павучыцца ім далёка хадзіць не трэба…
Мінулы год прынёс і яшчэ адну значную перамогу. У прыватнасці, другі год запар аграфірма займае першае месца ў рэспубліканскім конкурсе, які традыцыйна праводзіць Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь для сваіх філіялаў. Гаспадарка была ўзнагароджана Ганаровай граматай і каштоўным падарункам, а працаўнікі атрымалі прэміі. Старанне людзей было дастойна адзначана, і гэта служыць добрым стымулам для далейшых здабыткаў.
Пры заданні па росце вытворчасці валавой прадукцыі 113% у філіяле РУП “Гроднаэнерга” аграфірме “Стары Дворац” на мінулы год рэальны паказчык склаў 110%. Вытворцы ўсёй краіны апынуліся ў складаных умовах з-за хуткай інфляцыі. Ніхто не чакаў, што год будзе такі цяжкі. Даражэла літаральна ўсё, і гэта стварала шмат праблем для аграрыяў. На гэты год заданне – 107,8%. Галоўны эканаміст аграфірмы Галіна Лойка гаворыць, што яно рэальнае. Трэба толькі падысці да яго з адказнасцю.
Мінулагодняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых з кукурузай у вазе пасля дапрацоўкі ў гаспадарцы склала 48,4 цэнтнера з гектара. У 2010 годзе паказчык быў 46,3. Сёлета запланавалі атрымаць 54. Цукровыя буракі далі 402 цэнтнеры з гектара, пазалетась было 387. Ураджайнасць вырашылі давесці да 440. Неспрыяльным мінулы год аказаўся для азімага рапсу. Калі ў 2010 годзе яго мелі тут 18 цэнтнераў з гектара, дык у мінулым–12,9. Культура гэтая вельмі выгадная. Яна выкарыстоўваецца і на алей, і на біяпаліва. У рэспубліцы створаны цэлы вытворчы комплекс для перапрацоўкі рапсу і прадпрыемствам па-трэбна высокаякасная сыравіна. Трэба атрымаць ад рапсу аддачу, хаця б на ўзроўні пазалеташняй.
Ставіцца задача і больш мець кармоў–7733 тоны кармавых адзінак. Раённая камісія на абароне мерапрыемстваў выказала свае пажаданні па строгім захаванні тэхналогій земляробства, дала карысныя парады. Для таго і працуюць вучоныя, каб прадставіць практыкам прыдатныя “рэцэпты”, трэба толькі ўмела іх прытрымлівацца, захоўваць абгрунтаваны цыкл работ.
Вядома, пастаяннае павышэнне ўраджайнасці і валавога збору збожжавых і зернебабовых у полі зроку агранамічнай службы гаспадаркі. Для гэтага неабходная ўвага надаецца і сучаснай тэхніцы. Яе ў аграфірме нямала. Для правядзення якасных палявых работ тут закуплены апырсквальнік “Раса”. Машына гэтая вельмі прыдатная для глебы з павышанай вільготнасцю. Аграфірмай з дапамогай галаўнога прадпрыемства набыты новыя пагрузчык “Амкадор”, машына “МАЗ”, айчынная сеялка. Ёсць у філіяле сучасны зернесушыльны комплекс “Петкус”.
Увага надаецца і далейшаму развіццю жывёлагадоўлі. З 6352 кілаграмаў малака на карову ў 2010 годзе паказчык вырас да 6970 у мінулым. Пастаўлена задача на гэты – 7300 кілаграмаў. Для выніковай работы неабходна ўдасканальваць тэхналогіі, сачыць за захаванасцю цялят, мадэрнізаваць вытворчыя памяшканні. Вядзецца рэканструкцыя другой чаргі фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы.
Выручкі ў аграфірме “Стары Дворац” за мінулы год атрымалі 16 з паловай мільярдаў рублёў. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг дасягнуў 4 мільярдаў 453 мільёнаў рублёў.
Зразумела, што толькі эфектыўнае гаспадаранне папоўніць агульную скарбонку і адчувальна палепшыць дабрабыт працаўнікоў. Зніжэнне выдаткаў – адзін з рэзерваў умацавання эканомікі аграфірмы. Энергазберажэнне – надзённая праблема для ўсіх вытворцаў. У аграфірме “Стары Дворац” згодна з мерапрыемствамі, прадстаўленымі ў час абароны, плануюць устанавіць катлы на мясцовых відах паліва для ацяплення санітарна – бытавых памяшканняў. Чаканы эканамічны эфект ад гэтага — 21,7 мільёна рублёў.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *