Вымушаны развод

Лента новостей

Сымон Капялюш, як і многія пісьменнікі, браў тэмы і сюжэты для сваіх твораў з жыцця. І большасць з іх пісаў ад першай асобы. Гэта часта прыводзіла да розных непаразуменняў, чутак, зласлівых шэптаў сярод некаторых суседзяў і знаёмых.
Вось надрукаваў аднойчы Сымон у газеце сатырычнае апавяданне, дзе ад свайго імя з іроніяй расказваў, што мае трохпавярховую дачу, працуе адразу ў трох месцах і наогул грошы рыдлёўкай грабе. Пасля гэтага сёй-той з суседзяў стаў з насцярожанасцю глядзець на пісьменніка, хтосьці нават даў сігнал у падатковую інспекцыю, а Валянціна Пятроўна, лепшая жончына сяброўка, хітра ўсміхаючыся, абурылася:
— І трэба так бессаромна дурыць людзей! Завязуць мяне на нейкую пустэчу, дзе замест дамка гнілая будка, уціраюць мне акуляры, быццам гэта іх дача! А вунь жа ў газеце напісана, што ў вас трохпавярховы дом на вялікім участку ў цудоўным месцы неба падпірае. Навошта ж ад мяне хаваць?!
Яшчэ больш непрыемнасцей меў Сымон ад сваёй жонкі. Бо надта ж часта ў сваіх творах ён расказваў пра жанчын, успамінаючы менавіта яе. І ўсё крытычнае ў адрас жанчын увогуле многія чытачы сталі ўспрымаць як пра ўласную жонку пісьменніка Антаніду. Некаторыя нават не саромеліся ўдакладняць у яе сякія-такія дэталі, робячы выгляд, што вераць ёй, а не яе мужу, гэтаму выдумшчыку і фантазёру. Выгляд рабілі, але ж плёткі распускалі яшчэ большыя. А із даносілі Антанідзе іншыя «дабразычліўцы».
Кожны раз жонка перажывала. Сымон жа, нягледзячы на яе пастаянныя папрокі і строгія папярэджванні аб тым, што ўсё гэта можа аднойчы закончыцца назаўсёды, працягваў выкарыстоўваць свой любімы творчы прыём.
І вось аднаго разу Антаніда сваё абяцанне стрымала — сабрала самыя каштоўныя рэчы і пайшла да бацькоў. А неўзабаве Сымон атрымаў запрашэнне ў суд на развод. Апошняй кропляй, якая прывяла да гэтага фіналу, была чарговая гумарэска Сымона Капелюша, якая пачыналася словамі: «Усе жонкі, як жонкі, мая ж чулінда…». Далей чытаць ужо не было патрэбы.
Міхась Сліва



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *