Вучні Малабераставіцкай СШ наведалі дом-музей Максіма Багдановіча

Лента новостей

IMG_20160227_111425Адным з накірункаў выхаваўчай работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці і патрыятычных якасцяў, фарміраванні грамадзянскай пазіцыі з’яўляецца арганізацыя і правядзенне экскурсій. 27 лютага ў чарговы раз вучні 5-7 класаў Малабераставіцкай СШ адправіліся на экскурсію. Экскурсійны маршрут прывёў нас у г. Гродна ў дом-музей Максіма Багдановіча. На сённяшні час ён з’яўляецца літаратурным аддзелам Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
Зайшлі ў невялікую веранду, адчынілі першыя дзверы і адразу ж акунуліся ў літаратурную атмасферу – перад намі партрэтная галерэя знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Прыветлівы экскурсавод запрасіла нас распрануцца і правяла ўводную гутарку, з якой вучні даведаліся, што музей быў адкрыты ў 1986 годдзе да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча – класіка і паэта еўрапейскага маштабу. Стваральнікам і першым дырэктарам музея была пісьменніца Данута Бічэль-Загнетава. У гэтым доме сям’я паэта жыла з 1892 па 1896 гг. Дарэчы, 9 снежня 2016 года будзе адзначацца 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
IMG_20160227_110539Заходзім у гасцёўню. На сцяне вісіць сямейны партрэт Багдановічаў: маці Алена Апанасаўна, бацька Адам Ягоравіч і дзеці: Максім, Вадзім і Леў, які нарадзіўся ў Гродне. Пасярэдзіне пакоя стаіць авальны стол, за якім збіралася ўся сям’я, на стале — самавар. Прыгожая печка абложана кафляй, якую вырабляў завод у Гродне. Цікавую гісторыю расказала экскурсавод пра напольны гадзіннік, які быў зроблены майстрамі Бурэ — продкамі знакамітага рускага хакеіста Паўла Бурэ. І яшчэ адзін прадмет зацікавіў дзяцей. Многа было варыянтаў назваць яго: і піяніна, і клавесін, і раяль. Як аказалася – гэта фісгармонія, якая прыводзілася ў дзейнасць з дапамогай і рук, і ног, а іначай ніякіх гукаў не было б чуваць.
З вялікай цікавасцю вучні разглядалі дзіцячы пакой. Тут ёсць усё неабходнае для забаў і вучобы дзяцей: крэсла-гушкалка, любімая цацка маленькага Максіма – мішка Васенька (гэта пацверджаны гістарычны факт), пісьмовы стол з неабходнымі рэчамі.
Пакой маці не маленькі, але ўтульны. Шырма для пераапранання затрымлівае ўвагу дзяцей. У пакоі знаходзяцца сямейныя рэчы: гарбатны столік, падсвечнік, трумо з чырвонага дрэва, парасон ад сонца.
Кабінет бацькі – самы малы пакой. Тут стаіць канапа для адпачынку, прыгожая шафа з разнымі дзверцамі, невялікі стол з фігурнымі ножкамі, за якім працаваў бацька пісьменніка, газавая лямпа.
Літаратурны аддзел прысвечаны паэтычнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Тут дзеці змаглі ўбачыць рарытэтны зборнік вершаў паэта – “Вянок” 1913 года выдання, які перадала ў музейную калекцыю вядомая беларуская паэтэса Ларыса Геніюш. Разам з экскурсаводам дзеці ўспомнілі і прачыталі верш Максіма Багдановіча “Зімой”.
Напрыканцы для вучняў быў праведзены музейны занятак “Старая кватэра”. Экскурсавод прапанавала адказаць на пытанні па змесце экскурсіі. Патрэбна было назваць прадмет, намаляваны на картцы, і знайсці яму месца ў адпаведным пакоі. Гульня вельмі спадабалася дзецям і захапіла іх.
Мы былі ўдзячны работнікам музея за такі змястоўны аповед і шчыры прыём. Прыемна было пачуць, што нашы вучні паводзілі сябе карэктна і пакінулі добрае ўражанне ў экскурсаводаў. За гэта экскурсавод прапанавала кожнаму з нас загадаць толькі адно жаданне, і пры выхадзе з музея зайсці яшчэ раз у гасцёўню і паглядзецца ў чароўнае люстэрка, якое садзейнічае спаўненню жадання. Ніхто з вучняў, а дарэчы і з настаўнікаў, не прайшоў міма люстэрка і не забыўся пра гэты момант.
На памяць вучні з ахвотай набылі “магніцікі” з выявай дома-музея Максіма Багдановіча, а таксама зрабілі фотаздымак каля будынка.
Усе выказалі ўпэўненасць, што такія экскурсіі дапамагаюць вывучаць мастацкую літаратуру, далучацца да літаратурнай спадчыны Гродзеншчыны, дакранацца да гістарычнага мінулага Бацькаўшчыны.
Жанна Козел, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Малабераставіцкай СШ



1 комментарий по теме “Вучні Малабераставіцкай СШ наведалі дом-музей Максіма Багдановіча

  1. Несоответствие в юбилейных датах…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *