Вучні Алекшыцкай школы пабывалі ў Свіслачы

Лента новостей

IMG_1081Вучні Алекшыцкай сярэдняй школы зноў адправіліся ў падарожжа па родным краі. На гэты раз наведалі яшчэ адзін горад, што знаходзіцца па суседству – Свіслач. Канешне, гэты гарадок невялікі, але таксама цікавы для падарожнікаў. Наогул, свіслацкая зямля звязана з імёнамі многіх вядомых у краіне і за яе межамі людзей. Напалеон Орда, граф Тышкевіч, Юзеф Крашэўскі, Кастусь Каліноўскі – гэтыя славутыя сыны Айчыны маюць дачыненне да гісторыі Свіслаччыны.
У Свіслачы мы наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, у якім аформлена некалькі пакояў з экспазіцыямі на розную тэматыку. Экскурсавод расказала аб прыродзе Свіслаччыны, аб прадстаўніках жывёльнага свету, птушках пушчанскай зямлі. Не менш захапляльна было слухаць аповед аб гістарычным мінулым гэтай мясцовасці. Дзеці ўбачылі прылады працы з каменю і жалеза, доўга разглядалі макет горада канца 18 стагоддзя, копіі “Мужыцкай праўды” і іншых газетных выданняў таго часу. Дарэчы, дзяцей вельмі зацікавіў макет горада: “Як можна было зрабіць так многа маленькіх дамоў, дрэў? Класна!”
Вельмі захапіў дзяцей і наступны пакой, у якім была арганізавана індывідуальная выстава фотаработ дзяўчынкі-адзінаццацікласніцы.
Затым мы прайшліся па Алеі герояў цэнтральнага парку, на якой знаходзяцца помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны, У.І.Леніну, І.В.Сталіну, Р.Траўгуту, салдатам неаб’яўленай войны — воінам-афганцам. Крыху асобна стаіць і помнік Кастусю Каліноўскаму, дарэчы, адзіны ў рэспубліцы.
Недалёка ад музея абсталявана дзіцячая пляцоўка, якую ўпрыгожваюць скульптуры з дрэва.
Пасля вучні адправіліся на ўскраіну горада. Магутны волат, вышынёю амаль 12 метраў, нібыта ахоўвае Свіслач, стаіць на варце са шчытом. Гэта мемарыяльны комплекс “Богатырь”. Каля волата, амаль ля падножжа – мармуровыя пліты, на якіх выгравіраваны прозвішчы загінуўшых удзельнікаў вайны. Хлопчыкаў зацікавіла яшчэ і гармата, якая стаяла побач. Яны разглядалі яе, дакраналіся, фатаграфавалі.
Пара дамоў. Стаміліся. Але вочы свецяцца задаволенасцю, цікавасцю.
І сапраўды, які ж цудоўны гэты свет!
Аксана Болбат, класны кіраўнік 5 класа
Алекшыцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *