Валерый Квілорыя – у гасцях у бераставіцкіх школьнікаў

Лента новостей

0Яркія і прыемныя ўражанні атрымалі юныя чытачы гарпасёлка ад сустрэчы з вядомым беларускім дзіцячым пісьменнікам Валерыям Квілорыя. Знаёмства вучняў трэціх і чацвёртых класаў з аўтарам папулярных прыгодніцкіх аповесцей і апавяданняў адбылося ў чацвер у актавай зале Вялікабераставіцкай сярэдняй школы.

Дырэктар Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Марцішэвіч і загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла Аксана Кумпель прадставілі госця са сталіцы чытацкай аўдыторыі. Пісьменнік скончыў літаратурны інстытут імя М.Горкага ў Расіі. Працаваў журналістам у многіх перыядычных выданнях, быў рэдактарам некалькіх газет, у тым ліку і дзіцячай газеты “Зорка”. Цяпер Валерый Тамазавіч жыве і працуе ў Мінску. Ён цалкам прысвяціў сябе любімай справе — творчасці. А яшчэ ён 01выдаўца сваіх кніг, а таксама твораў іншых аўтараў, напрыклад такіх, як Юрый Палякоў, Рустам Карапецян, Сяргей Квітневіч, Крысціна Стрэльнікава. Валерый Квілорыя – лаўрэат літаратурнага конкурсу “Руская прэмія” 2006 (Масква), лаўрэат Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай літаратуры імя А.М.Талстога 2006 года (Масква) і дыпламант гэтага ж конкурсу 2007 года.
Першая яго кніжка выйшла ў 2006 годзе. На сучасны момант у Валерыя Квілорыя каля 20 кніг і амаль 50 твораў. Некаторыя з іх уключаны ў спіс для пазакласнага чытання для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
У кнігах дзіцячага пісьменніка спалучаюцца выдумка, захапляльны сюжэт, казачныя цуды, добры гумар і нястрыманая фантазія. Ён пазнаёміў школьнікаў са сваімі творамі, падзяліўся творчымі задумкамі. Літаральна з першых слоў 02Валерый Тамазавіч завалодаў увагай залы. Займальна і з гумарам аўтар распавядаў пра прыгоды герояў сваіх кніг – Шуркі і Леркі, зачытваў найбольш вясёлыя ўрыўкі з аповесцей і апавяданняў. “Трынаццаты карась”, “Бунт у талерцы”, “Пагоня за шалёнай Каракаціцай”, “22 крокі супраць часу” – нават самі назвы твораў прымушаюць узяць іх у рукі і пралістаць, а прачытаўшы першыя радкі ўжо нельга адарвацца ад займальнага фантастычнага і вясёлага сюжэту. Так лічаць рабяты ўжо знаёмыя з творчасцю Валерыя Квілорыя. Ну а тыя, хто 03ўпершыню адкрыў для сябе гэтага аўтара, з непадробнай цікавасцю і ўвагай слухалі забаўныя ўрыўкі з яго аповесцей, а потым проста “закідалі” пісьменніка рознымі пытаннямі наконт яго біяграфіі і творчасці. Валерый Квілорыя з задавальненем адказаў на ўсе пытанні школьнікаў. А потым, як і прынята на творчых сустрэчах, аўтар раздаў аўтографы і сфатаграфаваўся са школьнікамі на памяць.
Дарэчы, пазнаёміцца з творамі Валерыя Квілорыя можна было і на кніжнай выставе, якую аформілі ў зале работнікі дзіцячай бібліятэкі.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *