Ваколіцы Бераставіцы ў даваенны час

Из истории земли Берестовицкой Культура

Амаль усе лясы ў ваколіцах Бераставіцы ў свой час належалі Касакоўскім. Ахову графскіх лясоў ажыццяўляла падраздзяленне ўпраўлення лясной аховы галоўнага маёнтка Вялікая Бераставіца графаў Касакоўскіх (надлясніцтва). У яго штат ўваходзіла 10-12 чалавек. Згодна з архіўнымі да-дзенымі на чале падраздзялення стаяў надляснічы Валеры Цыдзік (узрост 54 гады), які падпарадкоўваўся безпасрэдна ўладальнікам лясоў. Ён пражываў у бераставіцкім графскім маёнтку. Надляснічы кіраваў гаёвымі. Дапамагалі яму ў гэтым падляснічы Антоні Станішэўскі (38 гадоў) і аб’яздны Рамуальд Мухарскі (57 гадоў). Перыядычна яны разам, альбо паасобку, верхам на конях аб‘язджалі лясныя ўгоддзі Касакоўскіх. На месцы ў лясах парадак пільнавалі гаёвыя (гаёвы – ад слова “гай” – ніжэйшы ранг у структуры дзяржаўнай ці прыватнай польскай лясной аховы). Пражывалі яны пераважна ў лясных доміках (гаёўках) разам з сем’ямі. Гаёўкі з’яўляліся адначасова службовымі памяшканнямі і размяшчаліся ў асноўным па ўскраінах лясоў, бліжэй да населеных пунктаў ці дарогі. Нагадаю, што прыватныя графскія лясы ахоўвала і прыватная лясная служба. Касакоўскія утрымлівалі ляснічых і выплачвалі ім зарплату. Трэба адзначыць, што ў 1939 го-дзе, калі ў заходніх абласцях ўсталявалася савецкая ўлада, усіх служачых лясной аховы разам з паліцэйскімі і польскімі памежнікамі (Корпус Аховы Памежжа) прыраўнялі да найбольш небяспечных элементаў польскага грамадства, яны падлягалі неадкладнай лік-відацыі альбо высылцы ў Сібір ці Казахстан.У адрозненне ад леснікоў, нават звычайных салдат поль-скай арміі проста раззбройвалі і распускалі па хатах.
Цяпер узгадаю, якімі лясамі валодалі да 1939 года Касакоўскія. Дарэчы, гэтыя лясы можна без цяжкасці адшукаць на звычайнай сучаснай карце, паколькі ўсе яны адносна някепска захаваліся.
Лес Вішнева. Масіў знаходзіўся адразу за фальваркам Белы Дворак на поўнач. Лес пачынаўся справа ад дарогі на Гродна і цягнуўся аж да Старынцоў. Фактычна ён знаходзіўся ў трыкут-ніку паміж Леснявічамі, Старынцамі і Белым Дворкам. Гаёўка знаходзілася на пачатку лесу, недалёка ад Белага Дворка. Гаёвым быў Гардзей Дарожка (45 гадоў).
Лясныя масівы Ракітнева (сёння Старынскі лес), Пеляжын (сёння лес Паляжыно) і Вербава (лес паміж Эймінаўцамі і Бераставічанамі справа ад дарогі на Эймінаўцы). Службовая гаёўка знаходзілася ў лясным фальварку Касакоўскіх Пеляжын. Гаёвы, Віктар Сёх (41 год), жыў у аднапавярховым доме, збудаваным з цэглы (дом сёння захаваўся). Пры доме стаяла яшчэ драўляная адрына.
Лес Людвінаў (сёння Людвіноўскі лес) – па левы бок ад дарогі з Бераставіцы на Стары Дворац. Па другі бок дарогі (справа) насупраць лесу размяшчаўся фальварак Касакоўскіх з мураванымі гаспадарчымі пабудовамі. Лес цягнуўся ад фальварка Людвінаў да вёскі Парфіноўцы (сёння Пархімаўцы). Гаёўка была на паўднёвым усходзе лесу, бліжэй дарогі і графскага фальварку. Гаёвым быў Станіслаў Стэцкевіч (19 гадоў).
Лясы Круглік і Сямёнаўка. Яны ляжалі адразу за Бераставічанамі па дарозе на Шыдлавічы Ваўкавыскага павету ў трыкутніку паміж вёскамі Бераставічаны, Машны (сёння Сямёнава) і Кукалкі. Дарога раздзяляла гэты масіў на дзве часткі. Правая частка лесу называлася Круглік, левая – Сямёнаўка. У левай частцы, непадалёку ад Бераставічан, знаходзілася гаёўка (гаёвы – Піліп Лазарчык, 39 гадоў).
Лес Дамброўка. Пачынаўся ён справа ад дарогі з Вялікай Бераставіцы на станцыю Бераставіца (Пагранічны). Ад фальварка Івашкаўцы і вёскі Лепесы ён цягнуўся ўправа да Шаляпкоў. На паўднёвым ўскрайку масіву (побач Лепесаў) была гаёўка, аднак ахоўнік лесу Ста-ніслаў Шылобка (30 гадоў) пражываў у графскім фальварку Івашкаўцы.
І, урэшце, самае вялікае лясное ўгоддзе Касакоўскіх – Цецяроўскі лес. Раней ён называўся яшчэ Цецяроўскі Бор. Гэта быў найбольш аддалены ад бераставіцкага маёнтка лясны масіў. На захадзе вялікі лясны абшар упіраўся ў рэчку Свіслач, набліжаўся да вёсак Габяты, Свіслачаны і Мастаўляны (сёння ўсе ў Польшчы). На поўдні былі вёскі Бурсаў-шчызна і Каласы. Сёння вялікая вёска Бурсаўшчызна не існуе. На тым месцы, дзе яна некалі была, праходзіць памежная паласа з Польшчай. Ад усходу, недалёка лесу, былі Клепачы. Па паўночнай ускраіне Цецяроўскага Бору праходзіла чыгунка Ваўкавыск-Беласток. На ёй была станцыя Бераставіца з невялікім вакзалам, вёска Мінчукі (сёння Мінчыкі), непадалёку знаходзілася вёска Цецяроўка і маёнтак Цецяроўка, які стаяў асобна. Маёнтак таксама належаў Касакоўскім. Там жыла дачка апошняй уладальніцы Бераставіцы, графіні Марыі, Людвіка з мужам Ежы Урсын-Нямцэвічам. Па перыметры Цецяроўскага Бору знаходзіліся тры гаёўкі і дзве леснічоўкі. Адна леснічоўка была ў цецяроўскім маёнтку Касакоўскіх. Вядомы прозвішчы двух гаёвых, якія абслугоўвалі лес – Максім Высоцкі (62 гады) і Кірыл Мельнічак (35 гадоў).
Ад бераставіцкага маёнтка разыходзіліся ў розныя бакі 7 алей. Самымі доўгімі былі–ліпавая (вул.Гагарына) і каштанавая.
Ліпавая алея перасякала дарогу на Гродна і цягнулася далей аж да Кавальскага лесу. Злева ад алеі была вёска Хмеліска, а справа — хутар Станіславаў. Гэты хутар сёння захаваўся. Некалькі дамоў стаяць насупраць Белага Дворка, злева ад дарогі на Гродна. Яшчэ далей пры дарозе знаходзілася асада Дубляны, а потым ужо пачынаўся Кавальскі лес. На ўсходнім ускрайку яго, недалёка Кавальскіх хутароў, была гаёўка. На поўначы лесу знаходзіўся фальварак Айцова з броварам, дзе выраблялі спірт (вёскі Айцова да вайны не было), а на поўдні – хутар Міляцічы. Сам Кавальскі лес знаходзіўся на тэрыторыі Малабераставіцкай гміны і не належаў Касакоўскім.
Каштанавая алея пачыналася ад графскага маёнтка і цягнулася ў бок Эймінаўцаў. За рэчкай Бераставічанкай яна раздзялялася на дзве самастойныя алеі, якія ішлі амаль паралельна адна другой. Левая заканчвалася недалёка ляснога фальварка Пеляжын (Паляжыно). Правая цягнулася аж да Эймінаўцаў.

Дарэчы, у накірунку Эймінаўцаў існавала цэлая сістэма сажалак, ставаў і каналаў, а таксама шэраг алей. Алеі былі высаджаныя рознымі гатункамі дрэў – ліпамі, бярозамі, ялінамі, вербамі. Лічу, што для краязнаўцаў гэта асобная і не менш цікавая тэма для даследвання.
У часы даваеннай Польшчы вёсак Людвінова і Івашкаўцы не існавала. Гэта былі проста фальваркі са шматлікімі гаспадарчымі пабудовамі і 1-2 хаткамі, якія належалі Касакоўскім, і дзе пражывала абслуга. У вёскі яны ператварыліся ўжо пасля вайны. Дарэчы, частка будынкаў з каменю фальварка Людвінаў захавалася і сёння, яны выкарыстоў-ваюцца ў сельскагаспадарчых мэтах мясцовай аграфірмай. Не было некалі і вёскі Стары Дворац. Тут размяшчаўся толькі маёнтак Ядзвігі Мацкевічовай з невялікім драўляным палацам, старым паркам, аранжарэяй і гаспадарчымі пабудовамі.
А вось некаторыя вёскі ў ваколіцах Бераставіцы ўвогуле пасля вайны перасталі існаваць. Сярод іх, у першую чаргу, можна назваць Бурсаўшчызну. Гэтая вялікая вёска з вадзяным млыном знаходзілася недалёка Каласоў і цягнулася ўздоўж правага берага рэчкі Свіслач. Пасля вайны тут прайшла памежная паласа і вёску прыйшлося знесці. Не стала таксама вёскі Лукавічы за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Бурсаўшчызны (сёння тэрыторыя Свіслацкага раёна). Прычына тая ж – памежная паласа. Паміж вёскамі Паўлюшкі і Кашанцы адлегласць складае каля 3-4 кіламетраў. Некалі за польскім часам іх злучала дарога, пры якой ляжала вёсачка Стахава. Сёння ні вёскі, ні дарогі няма. Да вайны асобна існавалі Клепачы і Клепачы Пацаркоўныя. У Клепачах Пацаркоўных знаходзіліся царква і млын. У пасляваенны час вёску далучылі да Грыцавічаў, і яна перастала існаваць як самастойны населены пункт. Вёска Лепесы таксама злілася з Кашанцамі і страціла сваю першапачатковую назву. Вёска Ятаўты ляжала на правым беразе рачулкі, што ўпадае ў Свіслач, а Зарачаны – на левым. Некалі пры польскім часе гэта былі дзве асобныя вёскі. Злучаліся яны мастком праз гэтую рачулку. Сёння яны аб’яднаны ў Ятаўты. Што датычыцца вёскі Машні (пры дарозе з Бераставічан у Шылавічы), то яна пасля вайны проста змяніла назву і стала Сямёнавам (Ваўкавыскі раён).
Пры Польшчы ў ваколіцах Вялікай Бераставіцы існавала шмат фальваркаў і хутароў. Пералічу гэтыя асобныя пасяленні. Сярод іх фальваркі: Белы Дворак, Айцова, Зайкаўшчына–справа ад дарогі на Гродна за Леснявічамі, Людвінаў–справа па дарозе на Стары Дворац, Пеляжын – лясны фальварак каля Эймінаўцаў, Мянькі (пры вёсцы Мянькі) – належаў Калупайлам, Паўлюшкі (пры вёсцы Паўлюшкі), Кватары (пры вёсцы Кватары), Клепачы і Ласкі (пры вёсцы Клепачы), Іркаўшчызна (каля Гольняў), Даргужы (недалёка Жукевічаў), Івашкаўцы.
Хутары (калоніі): Станіславаў і Кавалі (у бок Кавальскага лесу), Круглік ( хаты былі раскіданыя ў палях па абодва бакі дарогі з Бераставіцы ў Кукалкі), Ляўшова (каля вёскі Гарбачы, недалёка гэтага хутара была гаёўка), Цецяроўка, Адэлін і Вараны (пры дарозе з вёскі Цецяроўка ў маёнтак Рудава).
Жылі ў ваколіцах Бераставіцы і асаднікі – польскія ваенныя ў адстаўцы і члены іх сям’яў, а таксама цывільныя перасяленцы-дабравольцы з “каронных зямель” Польшчы, якія атрымлівалі тут надзелы і вялі на іх гаспадарку. Да асадаў (гаспадарак) адносіліся Дубляны (па дарозе на Кавальскі лес праз Хмеліска), Уладысін (у ваколіцах Бергеляў) і хутары Бераставічаны (у палях вакол вёскі Бераставічаны). У архіўных дакументах міжваеннага перыяду ўзгадваюцца прозвішчы бераставічанскіх асаднікаў Пятра Дэмбіньскага, Фелікса Боўшыца, Станіслава Козела. Бераставіцкія старажылы сцвярджаюць, што Фелікс Боўшыц быў адным з нямногіх, хто меў у тыя часы веласіпед. Ён часта прыяз-джаў на ім ў мястэчка. У 1939-40 г.г. сем’і асаднікаў былі прымусова выселены ў глыб СССР альбо фізічна зліквідаваны. Магчыма, у ваколіцах Бераставічанаў недзе ёсць невядомыя магілы гэтых рэпрэсаваных людзей.
Графам Касакоўскім, акрамя маёнтку ў Вялікай Бераставіцы, належалі таксама маёнтак ў Цецяроўцы, фальваркі і хутары Івашкаўцы, Белы Дворак, Людвінаў, Пеляжын і Адэлін. Хутар Адэлін, каля Цецяроўкі, некалі быў названы так у гонар роднай сястры Станіслава Шчэнснага Касакоўскага Адэлі. Белы Дворак хоць і адносіўся да ўладанняў Касакоўскіх, аднак гаспадарамі яго былі Лэмпіцкія (Зыгмунт Лэмпіцкі быў заможным чалавекам, меў легкавы аўтамабіль, што было тады вялікай рэдкасцю). Вельмі верагодна, што гэтыя людзі з’яўляліся нейкімі сваякамі Касакоўскім. Адзначу, што родная сястра Юзэфа Касакоўскага (што пабудаваў новы касцёл), Аляксандра, у мінулым была замужам за Ула-дзіславам Лэмпіцкім.
Гаспадаром фальварка ў Зайкаўшчыне да вайны быў Апалінар Язвіньскі.
Існаваў недзе ў ваколіцах Бераставіцы і фальварак Майкаўшчызна (уладальнік Яцуньскі Генрык). Найбольш верагодна, што ён знаходзіўся па дарозе ад Зайкаўшчыны ў бок Даўбянкоў.
І яшчэ адзін цікавы момант. У даваенны час з Бераставіцы выходіла ў розныя накірункі 10 дарог. Усе яны існуюць і сёння, акрамя адной. Гэта была дарога на Свіслач праз Мянькі. У той час яна лічылася адной з галоўных дарог пры пад’ездзе да Вялікай Бераста-віцы. На яе выходзіла некалі з мястэчка вуліца Свіслацкая (сёння Партызанская). А дарога на Свіслач праз Паўлюшкі, наадварот, адыгрывала меншую ролю і была значна вузейшай.

Сяргей Лушчык,
гісторык, г.Гродна



2 комментария по теме “Ваколіцы Бераставіцы ў даваенны час

  1. Накірунак дарогі з Вялікай Бераставіцы на Станцыю Бераставіца праз Мянькі альбо Паўлюшкі ў царскія часы быў папулярным у адрозненне ад сённяшняга дня. Калі будавалі сучасную гравейную шашу са Станцыі Бераставіца ў Малую Бераставіцу праз Вялікую Бераставіцу ў пачатку ХХ ст,то ўвесь транспарт накіравалі праз Паўлюшкі,у іым ліку і паштовых ямшчыкоў. Работы выконвала прываіная фірма з Санкт-Пецярбурга, якую ўзначальвалі браты яўрэі. Аб гэтым ёсць дакуыенты ў адным з гродзенскіх архіваў.

  2. Прамы як дарога на Мяньки 😉
    Это выражение иногда встречается у старых жителей Берестовицы.
    Дорога на Меньки , во всяком случае сейчас до вновь построенной фермы ГАЛОВО действительно прямая.
    А ещё лет 20 назад там где она примерно в 1 км. от Берестовицы поднималась в гору эта дорога была необычайно извилистой- там глина выходила на поверхность и при малейшем дожде дорога становилась непроезжей и каждый старался обьехать лужу то справа то слева.Сейчас там положили даже асфальт до фермы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *