Вайна ва ўспамінах Ніны Карытца

Культура Лента новостей

669Наша памяць захоўвае ўсё самае важнае для нас – тое, што некалі моцна ўзрушыла ці нават паўплывала на лёс. І час ад часу яна выкладвае са сваёй скарбонкі такія знакавыя падзеі ў выглядзе ўспамінаў альбо яркіх сноў. Ніна Іванаўна Карытца з вёскі Верхаўляны апошнім часам часта сніць сваё дзяцінства, якое прыпала на вайну. Жанчына мяркуе, што гэта невыпадкова: год жа юбілейны, Перамозе споўнілася роўна семдзесят. А яна ж не толькі вырасла ў нямецкай акупацыі, але і падзяліла лёс верхаўлянскіх сем’яў, выйшаўшы замуж у спаленую фашыстамі вёску. Бацьку яе мужа фашысты расстралялі не разам з усімі верхаўлянскімі мужчынамі: перад вайною ён быў на ваенных зборах і трапіў у фашысцкі канцлагер, дзе і загінуў.
Тыя сны-ўспаміны трывожаць 78-гадовую жанчыну досыць часта: яны прыходзяць нечакана, яркія і хвалюючыя. У вобразы ўвасабляецца не толькі тое, што ўрэзалася ў яе дзіцячую памяць, але і тое, пра што расказвалі ёй бацькі, сваякі, суседзі.
Вось некалькі карцінак з успамінаў жанчыны.

Настаўніца Люся
…Да вайны ў нашых Трацяках жылі дзве настаўніцы. Дзяўчыны былі прыезджыя, абедзьве маладзенькія, прыгожыя, вясёлыя. Вяскоўцы ласкава называлі іх Люсяй і Жэнькай. Люся выйшла замуж за хлопца Косцю, які быў ваенным і служыў недзе непадалёку. Не ведаю дзе, але кожную суботу ён прыязджаў у Трацякі да маладой жонкі. Дзяўчаты вялі ў нашай пачатковай школе па два класы кожная. У чэрвені 41-га яны збіраліся ў водпуск. Але Косця, казалі, параіў сваёй жонцы так: “Няхай цяпер у адпачынак ідзе Жэня, а мы з табой у ліпені паедзем дамоў – мне тады дадуць водпуск”. Так яны і рашылі. У той час у Косці і Люсі была ўжо маленькая дачушка Сонечка. А 22 чэрвеня пачалася вайна. Косця больш ніколі не прыехаў у Трацякі. Як стала вядома потым, ён загінуў. Люся ж – а яна па нацыянальнасці была яўрэйкай – баялася, што немцы заб’юць яе і дачушку і ўсё плакала. З Вялікай Бераставіцы тады прыходзілі жудасныя весткі, што яўрэяў будуць знішчаць, іх сабралі ў гета. Уся вёска спачувала Люсі. Ісці ёй не было куды: усюды немцы.
– Будзем ратаваць настаўніцу, – рашылі людзі.– Яна нам дабро рабіла, вучыла нашых дзяцей. Няўжо аддамо яе немцам?.
– Вядома, сама ўсяго гэтага я яшчэ не магла ведаць і зразумець, – заўважае Ніна Іванаўна. – Пасля вайны чула ад таткі і вясковых людзей.
Усе тры гады Люся і яе Сонечка жылі па чарзе ў сем’ях вяскоўцаў. Іх кармілі, хавалі ад немцаў: як толькі яны з’явяцца ў вёсцы, маладзіцу з дзіцём хаваюць у якім-небудзь пограбе. Вёска наша вялікая, і ні стараста, ні хто іншы з вяскоўцаў не выдалі настаўніцу. Успамінаючы пра тое ўсякі раз ганаруся сваімі землякамі. Бо не маглі яны, вядома, не ведаць, што за ўтойванне чалавека яўрэйскай нацыянальнасці ўсю вёску чакала расправа.
… Пасля вызвалення раёна Люся адразу зноў стала вучыць дзяцей. Выпусціла свае класы і тады паехала з дачкой да сябе дамоў. Але не забылася пра людскую дабрыню. Праз нейкі час зноў прыязджала ў Трацякі, каб яшчэ раз падзякаваць усім. Помню, як мае бацькі з радасцю казалі: “Люся прыехала!” і спяшаліся сустрэцца з ёю. Сувязі з Трацякамі настаўніца не траціла і потым. Яе запрашалі на святы, вяселлі. Я ўжо была замужам і помню, як на адным вяселлі Люся паднялася, пакланілася людзям і сказала: ”Дзякуй усім вам, што ўратавалі мяне і маю Соню”. І заказала гарманісту сыграць для ўсіх “Добры дзень”. Усе вясельнікі падняліся, многія пры гэтым выціралі слёзы.

Байцы падкідвалі нас высока ўгору!
На фронце загінула з Трацякоў дзесяць чалавек. Шасцярых хлопцаў якраз перад вайною ўзялі служыць у Войска, і дамоў яны не вярнуліся. Гэта два Іваны Гарбачыкі, браты Іван і Сямён Марцішкі, Міця Марэцкі і Аляксандр Марцішка. А ў 44-м у нас забралі на фронт амаль усіх мужчын. Ваявалі яны ў Прусіі, і чатыры чалавекі там загінулі. Гэта брат майго таткі Павел Пракопчык, Канстанцін Мартышка, Міхась Пракопчык і Іван Навумовіч.
Яшчэ дваіх мужчын немцы забралі з вёскі хіба што ў 41-м ці ў 42-м годзе. Я нават помню, як гэта было, праўда, урыўкамі. Татка расказваў, што, моцна спалоханая і белая як мел, прыбегла на поле за вёскай, дзе ўсе выбіралі бульбу. Спачатку яны з мамай і не разабраліся, пра што кажу ім. А я ўсё тлумачыла, што непадалёку ад нашай хаты стаіць нямецкая машына. І што немцы з аўтаматамі запынілі дзядзькаў Сямёна Гарбачыка і Сцяпана Пракопчыка, якія везлі возам бульбу, звязалі ім рукі. Потым абодвух прымусілі лезці ў кузаў.Самым страшным для мяне, малой, было тое, што ў кузаве вялізны сабака і ён нападзе на дзядзькаў. Але, на маё вялікае здзіўленне, сабака нават не гаўкнуў, і я старалася расказаць пра гэта бацькам.
А яшчэ я расказала, што немцы грукалі ў дзверы да бабы Ганулі, але яе не было ў хаце.
Татка адразу ўсё зразумеў. І нешта сказаў сыну бабы Ганулі, Паўлюку, які выбіраў непадалёку і ўжо клаў мяшкі на воз. Запомнілася толькі, як татка крыкнуў яму:
– Цяпер дахаты лепей не едзь!
Падросшы, я даведалася, што мой татка пры панскай Польшчы быў падпольшчыкам, сядзеў за гэта ў турме. А немцы з такімі людзьмі распраўляліся жорстка. Татку пашанцавала пазбегнуць гэтага. За што пацярпелі дзядзька Сямён і дзядзька Сцяпан, я не ведаю. Толькі дамоў яны не вярнуліся…
– Летам, калі ішоў трэці год вайны, пачалі даходзіць чуткі, што наша армія ўжо недалёка, – расказвае баба Ніна. – Неяк я выбегла за вугал хаты і аслупянела: за блізкімі прысадамі стаяў вялізны нямецкі танк, а на ім сядзелі чатыры нямецкія салдаты і шваргіталі нешта па-свойму… Пабегла і сказала татку.
– Не бегай больш нікуды! – насварыўся ён, – у канцы вёскі стаяць яшчэ такія ж танкі “Тыгры” і другая тэхніка.
А маме тлумачыў, што немцы ўжо ўцякаюць, але ці не каля нашых Трацякоў яны збіраюцца даць бой?
Людзі ў вёсцы, баючыся снарадаў, забілі дошкамі вокны. А самі хаваліся ў ямах для бульбы. Наша яма была вялікая, а татка яшчэ яе расшырыў. Помню, там нават вісела калыска для малога брата. Разам з намі ў яме хаваліся і суседзі.
Усе з трывогай прыслухоўваліся, ці пачаўся бой. Аднак татка, які раз-пораз выбіраўся на вуліцу, меркаваў, што планы немцаў змяніліся. Бо частка тэхнікі рушыла ў напрамку да Ярмолічаў і ракі Свіслач, а частка – на Жукевічы і адтуль, чуваць было па гуку, на Малую Бераставіцу. Адзін шырокі і нязграбны “Тыгр” ехаў чамусьці праз нашу вёску. Такі грукат стаяў! Дарога ў нас была брукаваная, дык камяні ён быццам бараною выгараў.
…Мы, аднагодкі, заўсёды трымаліся разам, сваёй вялікаю гурбою. Для гуляў аблюбавалі тоўстыя бярвенні, якія не так даўно скінулі каля прысадаў немцы. Дарослыя меркавалі, што будуць рабіць пераправу цераз раку Свіслач. Але пад немцамі ўжо “гарэла” зямля: уцякалі, як маглі. І хутка ў Трацяках з’явіліся чатыры разведчыкі-чырвонаармейцы.
Дык вось назаўтра пасля таго, як па вёсцы прагрукацеў “Тыгр”, мы падаліся ранкам да “сваіх” бярвенняў. Здзіўлена застылі: там сядзелі чатыры мужчыны ў ваеннай форме. Але не ў такой, якая была ў немцаў.
– Нашы! Нашы! – радасна закрычалі старэйшыя хлопчыкі і пабеглі да мужчын. Чамусьці ўсе мы, якія так страшна баяліся немцаў, не адчувалі ніякага страху і адразу пазналі, што гэта чырвонаармейцы. Тыя ўсміхаліся нам і клікалі да сябе.
Гэты момант я запомніла на ўсё жыццё. І сёння ў вачах тое сіняе неба, яркае сонца, і я ў дужых мужчынскіх руках узлятаю ўгору. Салдаты падкідвалі нас уверх па чарзе. Мы шчасліва смяяліся, а адзін з дзядзькаў чамусьці плакаў. Нам было гэта дзіўна, і мы расказалі пра тое сваім матулям. Мама, слухаючы мяне, чамусьці таксама пачала выціраць слёзы.
– У гэтых дзядзькаў, Ніначка, гэтак як і ў твайго таткі, у хаце засталіся, відаць, дзеці. Вось і ўспаміналі пра іх, гушкаючыі вас на руках…
Бабы неслі салдатам у фартуках пачастункі – хто гарачую бульбачку, хто малако, а хто і тварог. Тыя ж частавалі нас, дзяцей, кавалачкамі цукру.

Пісьмо з фронту
Так мы аказаліся вызваленымі нават без перастрэлкі. А вось далей, па рацэ Свіслач, грымелі баі. Татка казаў, што гінулі і фашысты, і нашы салдаты.
Потым яго разам з іншымі вясковымі мужчынамі забралі на вайну. Мне тады было шэсць гадкоў, сястрычцы два, а меншаму браціку ўсяго паўгода. Я не бачыла, як тата ад’язджаў на фронт. Мама ранкам сказала:
– Наш татка, Ніначка, таксама пайшоў ваяваць, – і заплакала. Выцірала слёзы і наша бабуля. А дзядуля стаў з той пары яшчэ больш маўклівым.
У хаце без таткі стала зусім маркотна. Дзядуля, мама і цётка Каця многа працавалі і восенню, і ўзімку. Цётка Каця – жонка татавага брата Паўла, які таксама пайшоў на вайну, і ў яе на руках засталося трое малых дзетак.
Трэба было ўбіраць усё з поля, малаціць, рэзаць сечку, карміць жывёлу. Кожны дзень у хаце думалі і гаварылі пра татку і дзядзьку Паўла: ці хоць жывыя яны там, на фронце, ці здаровыя?
На дзядзьку хутка прыйшла пахаронка. Як жа плакала цётка Каця, як галасіла…
А ад нашага таткі напрыканцы зімы прыйшло пісьмо. Ды з якою радаснаю навіною!
Паштальён прынёс тое пісьмо і аддаў бабулі, бо ні мамы, ні цёткі ў хаце якраз не было. Бабуля старая, я малая – ніводная з нас не ўмела чытаць. Суседка так-сяк разабралася ў напісаным і кажа:
– Ваш Іван піша, што ўжо хутка канец вайне. І ён вось-вось прыйдзе дахаты. Чакайце.
Якая гэта была радасць! Я скакала на вуліцы вакол бабулі і радавалася:
– Татка хутка прыйдзе дахаты!

“Ніна, твой татка вярнуўся!”
… Але ішоў час. Чужыя таткі прыходзілі з фронту, а нашага ўсё не было. Я з крыўдай паглядвала і на паштальёна, які прынёс тады такое радаснае пісьмо, і на суседку, што абнадзеіла, маўляў, чакайце, ваш Іван вось-вось прыйдзе.
Сястра і брат татку не памяталі, таму і не сумавалі. А я… Божачка, як жа я чакала яго!
Але ад таткі ўсё не было звестак. Мама і бабуля ўжо знясілелі плакаць. Думалі, вядома, што татка загінуў.
Пачаўся верасень 45-га. Я пайшла ў першы клас. Школа была ў самай вялікай хаце Янчэўскіх. Заняткі вёў прыезджы настаўнік Аляксандр Сцяпанавіч Лаўрыш.
Вучаніцай я была стараннай. Бо гэта ж якая радасць – сядзець за партай і вучыцца! Мы, дзеці, не разумелі, як няпроста было дарослым сабраць нас у школу. У сем’ях з татамі на хлопчыках і дзяўчынках і абутак быў лепшы, і вопратка. А што магла расстарацца мая маці? Прыйшла зіма, і ў школу я бегала ў абіяках на драўлянай падэшве, у паліто з мамінай ватоўкі і ў мамінай акручанцы. А ранцамі ва ўсіх тады былі торбачкі са зрэбніны. А ў той торбачцы – самаробныя сшыткі з паперы ад мяшкоў.
У школе было добра, весела. На перапынках можна было ў ахвоту пакатацца на драўляных абіяках. Крыўдна рабілася толькі тады, калі чула, як сяброўкі хваліліся, што іх таты купляюць ім стужкі ў косы, цукеркі… Так зайздросціла!
…Той зімовы адліжны дзень помню да драбніц. У двары школы стаяў тлум, гоман: абіякі гэтак лоўка слізгалі па першым лядку!
– Ніна, твой татка вярнуўся! – падыйшла да мяне школьная прыбіральшчыца, цётка Рая Янчэўская. – Бачыла, як ішоў дахаты.
Я ад нечаканасці няспрытна паслізнулася і ўпала. Калі ўцяміла, што значаць гэтыя словы цёткі Раі, умомант паднялася, і, нічога нікому не кажучы, віхрам паімчала ў школу. Там хуценька і моўчкі забрала ўсё сваё вучнёўскае багацце і пабегла дахаты. На вуліцы яшчэ не раз падала і моцна выціналася.
…З парванымі і ў крыві на каленях панчохамі ўляцела ў хату. Там ужо сядзелі суседскія дзядзькі.
Мяне душылі слёзы. А губы шапталі:
–Татка, татачка, родненькі…
Татка працягнуў да мяне рукі. У імгненне вока праціснулася каля дзядзькаў і ўзабралася да яго на калені, моцна абняла за шыю.
Тое імгненне памятаю ўсё жыццё. Шчасце было такім вялікім, такім поўным, што я баялася яго страціць. Заціхла каля татавай шчакі і нічога больш не бачыла і не чула. А між тым, расказвала потым мама, сястра стаяла насупленая. А малы брацік плакаў не сціхаючы: ён татку не ведаў і баяўся чужога мужчыны…
Увечары ў нашай хаце было поўна народу. Прыйшлі вясковыя мужчыны, сярод якіх быў і мой настаўнік. Ён расказаў, што вельмі здзівіўся, чаму гэта яго самая старанная і самая дысцыплінаваная вучаніца збегла з урокаў нікому нічога не кажучы. Прыйшлі і жанчыны, Тыя з іх, чые мужы не вярнуліся з фронту, слухалі татавы расказы пра вайну і плакалі.
Татка мой быў на вайне сувязістам і ўвесь час знаходзіўся на перадавой. Дабіваў ён фашыстаў яшчэ і пасля перамогі, а потым за мяжой даслужваў у войску. Пісьмы нам пісаў, толькі яны чамусьці да нас не даходзілі…
Х Х Х
Ніна Іванаўна дваццаць гадоў працавала у мясцовым калгасе даяркай. З мужам выгадавала прыгожага сына, які працуе ў родным сельгаскаператыве галоўным заатэхнікам. Жанчына не забываецца не толькі пра землякоў з роднай вёскі Трацякі, якія не вярнуліся з вайны, але і пра тое, што жыве ў “вогненнай” вёсцы. І жадае аднаго: каб маладое пакаленне ніколі не зведала, што такое вайна.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *