Бульбаводства ў СВК «Малабераставіцкі элітгас» — галіна традыцыйная

Лента новостей

IMG_0029 agronom— Без бульбы няма жыцця, — так вобразна сказала пра наш другі хлеб мая былая аднакласніца пры нядаўняй сустрэчы. – Са старога ўраджаю яна ў нас ужо закончылася, новая на прысядзібным участку пакуль не вырасла, а на рынку і ў магазінах маладзенькая дарагая…
З ёю я згадзілася, але гэтая кароткая размова паслужыла штуршком, каб пацікавіцца такой надзённай і важнай для нашых землякоў праблемай. Што яна актуальная і для рэспублікі, сведчыць тое, што такі традыцыйны для беларусаў тавар увозяць і з-за мяжы. У гарадах у супермаркетах можна купіць бульбу з далёкіх паўднёвых краін, памытую і прыгожа ўпакаваную. Прадаецца нават пачышчаная, каб гаспадыня прынесла яе дадому і адразу прыгатавала. Пытанне знаходзіцца ў полі зроку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У краіне дзейнічае дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агароднінаводства і пладаводства на 2011 – 2015 гады.
Нішай зацікавіліся і некаторыя фермеры. Па тэлебачанні нядаўна паказалі цікавы рэпартаж пра чалавека з Мінскай вобласці, які займаецца пасадкай бульбы па галандскай тэхналогіі і атрымлівае амаль 600 цэнтнераў з гектара. Маладыя клубні прадаваць выгадна.
На рынку ў нашым гарадскім пасёлку першую бульбу спрабавалі прадаваць па 15 тысяч за кілаграм, а ў адным з магазінаў мне даводзілася бачыць тую, што вырасцілі і здалі столінцы, ужо трохі па ніжэйшай цане. На мінулым тыдні цана ў магазінах і на рынку зраўнялася. Кілаграм другога хлеба прапаноўваўся па 7 тысяч рублёў. Ці не паспяшаецца які — небудзь мясцовы сельгаскааператыў, напрыклад, СВК “Малабераставіцкі элітгас” заняцца выгадным бізнесам і стаць канкурэнтам іншым гандлярам? І ці сезон зараз ужо для маладой бульбы? Высокая цана, магчыма, апраўданая, таму што ён яшчэ толькі пачынаецца? Але калі б было больш вытворцаў, здаровая канкурэнцыя прымушала б іх зніжаць цэны. І ў выйгрышы былі б пакупнікі.
Дасведчаны спецыяліст, аграном-бульбавод СВК “Мала­бера­ставіцкі элітгас” Валянціна Сяледчык (на здымку) адказала на пытанні. Яна закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і стаж яе перайшоў ужо на чацвёрты дзясятак. Пачынала яна аграномам — аграхімікам, а затым занялася перспектыўным кірункам – бульбаводствам. У 1989 годзе ў гаспадарцы з’явілася свая лабараторыя. Вырошчванне элітнай бульбы на насенне стала справай яе жыцця. Працаваць у такой галіне можа чалавек толькі зацікаўлены.
— Бульбаводствам займацца выгадна, — пацвердзіла
Валянціна Аркадзьеўна. – Але наша гаспадарка спецыялізуецца менавіта на вырошчванні насення бульбы. Пачыналі мы з гатункаў “Тэмп”, “Ласунак”, “Сантэ”, якія давалі па 280 – 300 цэнтнераў з гектара. Усіх гатункаў спачатку было 22. Зараз мы спыніліся на сямі. Гэта “Бриз”, “Вектар”, “Зорачка”, “Янка”, “Маніфест”, “Скарб”, “Універсал”. Усе яны беларускія. Гатункі адрозніваюцца формай, смакам, колерам. Напрыклад, “Бриз” – з крэмавай мякаццю, “Янка” — з белай, “Скарб” – з жоўтай.
— А як гатункі адрозніваюцца па ўтрыманні крухмалу?
— Бывае адрозненне нават у два разы. У “Скарбе” яго 11 працэнтаў, ва “Універсале” – 22. Чым больш крухмалу, тым бульба смачнейшая.
Цікава было, якая ў элітгасе за гэтыя гады была найвышэйшая ўраджайнасць другога хлеба? Аказваецца, не горшая, чым па інтэнсіўнай галандскай тэхналогіі з палівам. “Скарб” даваў 630 цэнтнераў з гектара, амаль такі ж урадлівы і “Янка”.
А ці сезон ужо зараз для бульбы, мая субяседніца наглядна паказала мне на полі. Яно вельмі ўражвае. Зялёнае аксамітнае мора адрозніваецца ад тых, да чаго прызвычаілася наша вока. Адразу можна ўпэўніцца, што займаюцца ім па навуцы і з захаваннем сучасных тэхналогій. Усе роўненькія прыгожыя расліны як адна дагле­джаныя, спеюць пад пяшчотным сонейкам. Спецыяліст прадэманстравала мне некалькі клубняў – не, яшчэ далёка не сезон, бульба толькі наліваецца жыватворным сокам і сілай. Але ўраджай будзе выдатны, мяркуючы па тым, што памер клубняў зусім не меншы за тыя, што ўжо знайшлі свой шлях да прылаўкаў і пакупнікоў. Нават для ранніх гатункаў яшчэ толькі пачатак сезона. Увішныя столінцы ж прапануюць бульбу хутчэй за ўсіх нашых землякоў таму, што ў Брэсцкай вобласці цяплей, чым у нас, а пачынаюць яе яны вырошчваць нават пад плёнкай.
— Але бульбу трэба вельмі доб­ра даглядаць? – працягваю размову. – Фітафтора, каларадскі жук могуць знішчыць нават самыя лепшыя пасевы, таму ў людзей столькі клопатаў на прысядзібных участках.
— Так, бульба – культура капрызная, — згаджаецца спецыяліст. – Мы праводзім адну апрацоўку ад пустазелля, адну ад жука і 5 — 6 ад фітафторы.
— Так многа?
— Безумоўна. Прэпараты маюць вызначаны тэрмін распаду потым у глебе. Ужываць бульбу можна толькі праз 21 дзень пасля апошняй апрацоўкі.
Цікава было, а ці садзіць другі хлеб на прысядзібным участку ў аграгарадку Малая Бераставіца сама Валянціна Аркадзьеўна? Ёй жа хапае клопатаў з гэтай культурай і на працы.
— Вядома, — адказала субя­седніца. – Каля дома 7 сотак, ды яшчэ нямала і на полі! Саджу “Скарб”, “Бриз”.
У гэтай гаспадарцы нашы землякі змогуць набыць самы лепшы насенны матэрыял. Пры выдатным патэнцыяле запатрабаванай культуры на сваім участку руплівыя людзі знойдуць сапраўдны скарб, які б не быў “элітгасаўскі” гатунак.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *