Будучыня краіны – і ў яе руках

Лента новостей

teacherУ руках настаўніка — будучыня краіны. Гэтая ісціна спакон веку з’яўляецца непахіснай, паколькі менавіта настаўнік закладвае ў кожным са сваіх вучняў той трывалы падмурак ведаў, які ў далейшым дапамагае яму жыць, будаваць і развівацца. Нездарма філосафы старажытнасці сцвярджалі: “Калі ў краіне дрэнныя краўцы, то яе народ не мае добрага і прыгожага адзення, калі дрэнныя булачнікі, людзі ядуць не самы смачны хлеб, але калі ў дзяржаве дрэнныя настаўнікі — яна нежыццяздольная”.

Вось ужо 25 гадоў у Старадварэцкім яслях-садзе — базавай школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры працуе Галіна Іванаўна Янцэвіч. Яна выдатна ведае свой прадмет, умее яго падаць. А глыбокае веданне рэальных умоў сельскай школы дапамагае ёй знаходзіць верныя рашэнні складаных праблем, звязаных з навучаннем і выхаваннем школьнікаў. Настаўнік не толькі дае моцныя веды, але і захапляе сваім прадметам, прывівае цікавасць да вучобы, дапамагае вучням адчуць радасць адкрыцця, атрымання новых ведаў, фарміруе актыўную жыццёвую пазіцыю. Яе ўрокі напоўнены і напружанай вучэбнай працай, і радасцю пазнання, і разуменнем гарманічнасці мовы, і адчуваннем яднання з лёсам роднай краіны. Колькі душэўных сіл і энергіі аддае яна сваім вучням, вучачы іх правільна, лаканічна, проста выказваць свае думкі, прыгожа і граматна пісаць, паважаць беларускую літаратуру. Яна дапамагае сваім вучням знайсці адказы на такія няпростыя пытанні: “Што ёсць дабро, ісціна, прыгажосць? У чым сэнс жыцця? Што значыць любіць сваю Радзіму?”. Гэта патрабавальны, але ў той жа час справядлівы педагог.
У аснове працы Галіны Іванаўны арганічнае спалучэнне традыцыйных і новых методык і тэхналогій навучання, якія дазваляюць ствараць на ўроках беларускай мовы і літаратуры асяроддзе, накіраванае на развіццё здольнасцяў кожнага школьніка, на фарміраванне ўменняў і навыкаў вучэбнай работы, перш за ўсё — зносін з кнігай, на выхаванне патрэбы і ўмення папаўняць і абнаўляць свае веды. У працы яе адрознівае планаванне ўсёй сістэмы ўрокаў і пазаўрочных заняткаў, дыферэнцыраваны падыход да навучання, рацыянальнае выкарыстанне кабінетнай сістэмы навучання і тэхнічных сродкаў.
Асаблівую ўвагу педагог надае здольным вучням. Сістэма падрыхтоўкі да прадметных алімпіяд, навукова-даследчых канферэнцый, выпрацаваная Галінай Іванаўнай, дае вынікі. Пачынаючы з 2008 года, яе вучні займаюць прызавыя месцы ў раённых алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, паспяхова выступаюць на абласным этапе (2009 год — 3 месца, 2014 год — 3 месца). Пад кіраўніцтвам педагога навучэнцы займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. Заснаваныя на мясцовым матэрыяле працы «Паданні маёй малой Радзімы», «Тапонімы і мікратапонімы ваколіц вёскі Стары Дворац» сталі прызёрамі раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Імкненне. Адкрыццё. Поспех». А праца «Паданні маёй малой Радзімы» ўзнагароджана дыпломам II ступені на адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Пошук. Творчасць. Пазнанне» ў г. Масты (сакавік 2014 года).
Галіна Іванаўна — актыўны ўдзел­нік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў бела­рускай мовы і літаратуры, праводзіць мэтанакіраваную працу па ўдас­каналенні педагагічнага майстэрства настаўнікаў раёна праз майстар-класы, адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы.
За шматгадовую добрасумленную працу, ініцыятыву, высокі прафесіяналізм педагог неаднаразова ўзнагароджваўся Граматамі і Ганаровымі граматамі. Але самая галоўная ўзнагарода — гэта любоў і павага вучняў і калег. Вось і спяшаецца на працу Галіна Іванаўна, каб убачыць усмешкі вучняў, дапамагчы ім разабрацца ў сваіх жаданнях і памкненнях, навучыць іх чамусьці новаму. Цудоўны спецыяліст сваёй справы, верны сябар, мудры дарадца, шчыры памочнік.

Людміла Чарток, дырэктар Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *