Брыгадзір Дзяніс Новікаў

Лента новостей

IMG_5956Памятаю са школьных гадоў, як мяне адвозілі да бабулі з дзядулем у вёску на ўсё лета. Шмат спраў знаходзілася тады гарэзлівым хлопчыкам і дзяўчынкам – і дома па гаспадарцы дарослым дапамагчы, і ў лес за спелымі духмянымі суніцамі збегаць, і паспрабаваць свой уласны рубель зарабіць, які і траціць было шкада. Тады і адбылося маё першае знаёмства з брыгадзірам, які ў бабуліным калгасе як раз і “камандаваў” паляводамі. Палолі мы з дарослымі цукровыя буракі, а потым адны ўжо палівалі капусту, бо лічыўся гэты другі занятак вельмі лёгкім. Але дасціпны брыгадзір і гэта не застаўляў без увагі. Калі нехта з хлопцаў ленаваўся і падліваў пад маладзенькае каліва капусты мала вады, ён прымушаў вярнуцца і падліць расліну ўволю. Быў гэты дзядзька гадоў ужо за пяцьдзесят, поўны, але рухавы, і вельмі “відушчы”. Праз некаторы час дзеці ўжо і не думалі схітрыць, усе працавалі, як “стаханаўцы”. А калі за некалькі дзён зараблялі рублёў па дзесяць на той “брэжнеўскі” час, дык вельмі радаваліся. Была сярод нас сціплая дзяўчынка, якая мела найбольш працадзён, не ленавалася, і купіла сабе потым прыгожы бліскучы гадзіннік. Уся вёска хваліла такую выдатную працаўніцу, яе ставілі іншым у прыклад, а немалая заслуга ў гэтым яе працоўным дасягненні была менавіта таго брыгадзіра, які быў не толькі адданым аграрыям, але і тонкім таленавітым псіхолагам, таму што сам працы не баяўся, часта браўся дапамагаць прама на градах, ды яшчэ і добрае слова мог сказаць менавіта тады, калі чалавек ад манатоннай працы ўжо падаў духам.
І вось яшчэ адно маё знаёмства з такім жа неардынарным брыгадзірам адбылося праз дзесяцігоддзі ў СВК “Цецяроўка”. Вельмі прыязна выказаліся пра гэтага чалавека ў сельгаскааператыве. Брыгадзір вытворчай брыгады паляводаў вытворчага ўчастка “Кватары” Дзяніс Новікаў спачатку зусім не збіраўся станавіцца вяскоўцам. Наадварот, пасля заканчэння школы ў Свіслацкім раёне падаўся ў прафтэхвучылішча Ў Гродна вучыцца на фатографа. Як і многіх з нас, яго прывабліваў сапраўдны цуд адлюстроўваць на паперы прыгожыя твары людзей або маляўнічыя краявіды. Але потым мара саступіла месца больш рэальным спадзяванням. Сям’і патрэбна было жыллё, а ў СВК “Цецяроўка” на Бераставіччыне з гэтым праблем не было. Дзяніс закончыў завочна Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, атрымаў вышэйшую адукацыю. У сучаснага брыгадзіра шмат разнастайных абавязкаў. Ён арганізуе належнае планаванне, бо без гэтага зараз немагчыма ніякая плённая работа. Нават хатнім гаспадыням у духу часу эканамісты і фінансісты раяць планаваць свой час і бюджэт, і сапраўды, хто прымае іх карысныя парады да ведама, застаецца задаволены. А брыгадзір, гэта тое ж самае, што руплівы гаспадар на давераным участку работы. Займаецца спецыяліст таксама ўлікам і справаздачамі, уся вытворчая дзейнасць праходзіць у полі яго зроку. Дарэчы, сочыць такі адказны чалавек і за парадкам, рупіцца пра тэхніку бяспекі. Сем паляводаў у яго падначаленні, і як той яго калега, пра якога я ўзгадвала вышэй, Дзяніс да кожнага ўмее падабраць “ключык”, падбадзёрыць у нялёгкую хвіліну. Работа ў такіх працаўнікоў вельмі няпростая, зараз яны полюць кукурузу, здараецца ім абкошваць абочыны, дапамагаць на фермах, вясной яны збіраюць камяні. Нізка пакланіцца трэба такім руплівым працаўнікам, бо як шмат ёсць у свеце прафесій і работ, без якіх сапраўды не абысціся!
Дзяніс не толькі добры брыгадзір і прыязны чалавек, але яшчэ і клапатлівы шматдзетны бацька. У яго два сыны і дачка, што вельмі радуе. Лепшы адпачынак для таты з мамай – паездкі на прыроду з дзецьмі.
Так жывуць сённяшнія вяскоўцы. Нялёгкая работа, дом, сям’я, дзеці, звычайныя будні асвятляюцца ў іх спрадвечнай сялянскай працавітасцю, узаемнай падтрымкай. У такіх лю­дзей “ад зямлі” і гараджане могуць многаму павучыцца. У прыватнасці, вясковай сціпласці і дабрыні…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *