Бераставіцкі раён моцны ў малочнай жывёлагадоўлі

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0012У краіне дзейнічае Рэспублі­канская праграма развіцця малочнай галіны на 2010 – 2015 гады. Пастаўлена важная задача – атрымліваць 10 мільёнаў тон малака ў год, а пагалоўе давесці да аднаго мільёна 600 тысяч кароў. Як адзначыў нядаўна Прэмьер – міністр Міхаіл Мясніковіч, заданне па прыросту колькасці малочнага статка за 2013 год не выканала ні адна вобласць. У нашым раёне такі паказчык за мінулы год выкананы.

Малако і вырабы з яго спрадвеку былі і застаюцца адной з галоўных састаўных частак правільнага харчавання дзяцей і дарослых. Яшчэ нашы вясковыя бабулі гаварылі сваім унукам: “Піце малако, будуць моцныя зубы і косці”. Кальцый неабходны не толькі для якіх — небудзь асобных органаў, а для ўсяго арганізма. І не толькі гэты каштоўны мікраэлемент утрым­ліваецца ў дастатковай колькасці ў малочных прадуктах, але яны яшчэ і сапраўдная скарбонка бялку, тлушчу, вітамінаў, а таксама неабходных і карысных мінералаў. А попыт на такую прадукцыю ва ўсім свеце будзе заўсёды, і толькі павялічваецца з ростам насельніцтва. У нашай краіне шмат робіцца для інтэнсіфікацыі малочнай жывёлагадоўлі, у мадэрнізацыю ўкладваюцца вялікія сродкі. Экспарт прадукцыі ўмацоўвае эканоміку рэспублікі. З кожным годам асвойваюцца новыя рынкі збыту, напрыклад, айчыннае сухое малако ахвотна купляюць нават у Паўднёвай Амерыцы. А нядаўна на славутай традыцыйнай Міжнароднай выстаўцы “Зялёны тыдзень” у Германіі была прадстаўлена прадукцыя з Гродзеншчыны – з ваўкавыскага ААТ “Беллакт”. Маглі госці пакаштаваць і сыр аднаго з перапрацоўчых прадпрыемстваў з Віцебскай вобласці. Магчыма, у будучым і ААТ “Малочны Мір” зможа прадставіць еўрапейскім гурманам які-небудзь адмысловы гатунак сыру — у іх жа так шмат перамог у разнастайных міжнародных конкурсах.
Наш раён традыцыйна моцны ў малочнай жывёлагадоўлі. Тут створаны трывалы падмурак для далейшых дасягненняў, ператвораны ў жыццё многія ўдалыя задумкі. Добрым словам можна ўспомніць, напрыклад, ветэрана працы, былога намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзмітрыя Дзмітрыевіча Віхарава. Ён літаральна аддаваў душу ўкараненню сучасных тэхналогій у жывёлагадоўлі Бераставіччыны. Гэта і часцінка яго мэтанакіраванай працы ляжыць у аснове сённяшніх поспехаў раёна. Шмат гадоў нашы аграрыі супрацоўнічаюць з вучонымі, кансультуюцца з імі, пераймаюць лепшае і перадавое. Вытворчасць на бераставіцкай зямлі вядзецца па эфектыўных тэхналогіях, радуюць вока прыгожыя сучасныя малочнатаварныя комплексы. Валавы надой за мінулы год да­сягнуў 617294 цэнтнераў, што на 18417 цэнтнераў больш, чым у пазамінулым. Атрыманы рост па валу ў тым ліку і за кошт павелічэння пагалоўя.
Пахваліць за добрую работу можна жывёлаводаў РУСП “Масаляны” – там атрымана 8377 кілаграмаў малака ад каровы (плюс 247 кілаграмаў), СВК імя Варанецкага – 8318 кілаграмаў (плюс 101), СВК “Алекшыцы” – 8241 кілаграм (плюс 229). Мы можам ганарыцца нашымі руплівымі землякамі, якія пераўзышлі васьмітысячную планку па такім важным паказчыку. Можна сказаць, што яны працуюць на ўзроўні фермераў развітых краін. Няшмат гаспадарак у рэспубліцы змаглі гэтага дабіцца. На жаль, ёсць яшчэ ў краіне і такія, дзе надой на карову меншы за 2000 кілаграмаў.
У нашых сельгаскааператывах важкі “плюс” у вытворчасці малака атрымліваюць у многім дзякуючы строгаму захаванню тэхналогій. Кармы якасныя, жывёлу добра кормяць, даглядаюць і дояць. Таму маюць і адпаведную аддачу.
У СВК “Малабераставіцкі эліт­гас” у мінулым годзе надаілі на карову 7000 кілаграмаў, і ў іх самая вялікая прыбаўка ў раёне ў параўнанні з 2012 годам — 397 кілаграмаў.
“Тры кіты” вызначаюць фундамент, на якім грунтуюцца высокія надоі. Вучоныя сцвярджаюць, што гэта дастатковая колькасць якасных кармоў і збалансаваныя рацыёны для кожнай з груп жывёлы, правільнае ўтрыманне і даенне кароў, мэтанакіраваная селекцыйная работа. Каб рухацца наперад, рэзка павышаюцца патрабаванні менавіта да якасці кармоў.
Мне цікава было пагутарыць з прадстаўніком гаспадаркі, дзе тэорыя ідзе побач з практыкай, і дзе змаглі не толькі ўтрымаць свае мінулагоднія пазіцыі, што ўдалося далёка не многім сельгаскааператывам краіны, але і значна палепшыць надой ад каровы. Намеснік старшыні па жывёлагадоўлі СВК “Малабераставіцкі элітгас” Міхаіл Болбат закончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. У Міхаіла Яўгенавіча зараз два дыпломы аб вышэйшай адукацыі, у 2010 — ым годзе ён атрымаў яшчэ адну спецыяльнасць “эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі пашырыла яго кругагляд, дапамагло арганізацыі вытворчасці ў сельгаскааператыве. Асаблівая ўвага ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” надаецца здароўю жывёлы. Гэта сапраўдны залог добрых вынікаў, важнае і прыярытэтнае пытанне. Буйная рагатая жывёла падзелена на групы, для кожнай з якіх, у адпаведнасці з фізіялагічнымі патрэбамі, складаюцца аптымальныя рацыёны. Гэтым займаецца галоўны заатэхнік Сяргей Горбач. А праверыць, ці здаровая кароўка, можна з дапамогай біяхімічнага аналізу крыві. Такое даследаванне пакажа, ці дастаткова ў арганізме жывёлы магнію, кальцыю, каратыну, бялку. Адпаведна прымаюцца дзейсныя меры, каб палепшыць харчаванне, узбагаціць яго неабходнымі рэчывамі. Праводзяцца таксама аналізы кармоў.
Расказаў мне Міхаіл Яўгенавіч і пра тое, якая ўвага надаецца ў гаспадарцы мацыёну жывёлы. Любой жывой істоце, як і чалавеку, для правільнага абмену рэчываў неабходны рух на свежым паветры. Кісларод незаменны для здароўя, таму на жывёлагадоўчых аб’ектах у гаспадарцы гэтай праблеме надаецца пільная ўвага. У полі зроку спецыялістаў і прафілактыка мастытаў. Прадуктыўнасць жывёлы вельмі зніжаецца пасля гэтага каварнага захворвання. Лепш прыкласці ўсе намаганні, каб яго не дапускаць. Калі інфекцыі пастаўлена надзейная заслона, можна разлічваць на добрую аддачу.
Работа ў такой важнай галіне, як жывёлагадоўля, не бывае лёгкай. Як і ўсюды, ёсць у інтэнсіўнай жывёлагадоўлі свае праблемы. Крок за крокам тут трэба шанаваць і берагчы тое, што ўжо зроблена, і, абапіраючыся на моцную каманду аднадумцаў, рухацца наперад.
— Хочацца адзначыць лю­дзей, якія сваёй руплівай працай умацоўваюць нашу агульную справу, — гаворыць Міхаіл Яўгенавіч. – Гэта галоўны заатэхнік гаспадаркі Сяргей Горбач, ветурач — гінеколаг і загадчык малочнатаварнага комплексу “Малая Бераставіца” Канстанцін Рагалевіч і Алеся Жук, ветурач і загадчык малочнатаварнай фермы “Кулі” Міхаіл Пянькоў і Ганна Бельмач, а таксама аператары машыннага даення і цялятніцы прафілакторнага перыяду гэтых аб’ектаў. Шчырае ім дзякуй за добрасумленнасць!

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *