Бераставіччына адзначыла 69-ю гадавіну вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Актуально Лента новостей

У аўторак, 16 ліпеня, прад­стаўнікі працоўных калектываў гарпасёлка сабраліся каля помніка воіну-вызваліцелю, каб аддаць даніну павагі ўсім загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Па традыцыі ў гэты дзень каля мемарыяла Славы адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны знамянальнай для ўсёй Бераставіччыны падзеі – 69-й гадавіне вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Са словамі віншавання да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык. Ён адзначыў, што 16 ліпеня – асаблівая дата ў гісторыі раёна. У гэты дзень бераставіцкая зямля была вызвалена ад гітлераўцаў. Падзея гэтая – і свята, і памяць, і гісторыя адначасова. Бераставіччына знаходзілася ў нямецкай акупацыі тры доўгія гады. Але яе жыхары не скарыліся захопнікам, змагаліся ў падпольных групах і ў партызанскіх атрадах. У барацьбе з фашыстамі свае жыцці аддалі 24 партызаны і 8 падпольшчыкаў, гітлераўцы знішчылі 634 мірных жыхароў раёна. У вызваленні Бераставіччыны ўдзельнічалі воіны розных баявых падраздзяленняў. Нашы населеныя пункты ўпаміналіся ў справаздачах аб баявых дзеяннях 10-ці стралковых дывізій 3-й арміі пад камандаваннем генерала Гарбатага. На бераставіцкай зямлі загінулі 878 воінаў-чырвонаармейцаў. Яны пахаваны ў брацкіх магілах, і памяць пра іх подзвіг навечна застанецца ў нашых сэрцах, хоць многія імёны салдат і да сённяшняга дня застаюцца невядомыя. Міхаіл Віктаравіч падкрэсліў, што гераічныя баявыя і працоўныя традыцыі франтавікоў працягвае маладое пакаленне. Усіх нас аб’ядноўвае адна мэта – зрабіць нашу краіну яшчэ больш прыгожай і багатай. Словы ўдзячнасці ў адрас ветэранаў выказалі таксама старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Алена Сілкова і выконваючы абавязкі начальніка пагранічнай заставы “Галынка” Яўген Гукасян. Прывітанне ад моладзі прагучала таксама ад школьнікаў, якія адпачываюць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі”. А дырэктар Пагранічнага ЦДК Юлія Раманенкава прысвяціла ветэранам і ўсім жыхарам гарпасёлка патрыятычную песню. На працягу мітынгу ўрачысты настрой стваралі і вядучыя Мікалай Баярчук і Аляксандра Міцкевіч. Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання, да помніка воіну-вызваліцелю былі ўскла­дзены жывыя кветкі.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *