Бераставічанка Марыя Габрусевіч адзначыла 100-гадовы юбілей

Общественные объединения

Жыццё пражыць – не поле перайсці. Гэтая народная мудрасць вельмі трапна падкрэслівае, што жыццёвы шлях кожнага чалавека не бывае просты, на ім сустракаецца шмат выпрабаванняў, радасных і горкіх падзей. І можна толькі ўявіць, колькі ўсяго давялося перажыць чалавеку, які дасягнуў векавога юбілею, як жыхарка вёскі Валотынь Марыя Габрусевіч.

Марыя Габрусевіч, у дзявоцтве Федарук, нарадзілася 13 верасня 1919 года ў вёсцы Ярмолічы. Бацьку свайго яна не ведала, ён загінуў на руска-польскай вайне неўзабаве пасля яе нараджэння. Да 10 гадоў дзяўчынка гадавалася пры бабулі, якая жыла з сынам і нявесткай. Гэта былі вельмі нялёгкія часы, бо сям’я жыла небагата, і лішні рот у хаце часта выклікаў незадаволенасць нявесткі. Таму бабуля тайком падкармлівала ўнучку. Марыя Максімаўна за гэта пранесла ўдзячнасць бабулі праз усё жыццё. Калі яе маці  паўторна выйшла замуж,  Марыя перайшла да яе ў Валотынь, дапамагала расціць малодшых сясцёр. У школу дзяўчынка амаль не хадзіла,   польскую школу наведвала ўрыўкамі, бо было шмат працы   на гаспадарцы, таму чытаць яна і сёння не ўмее, практычна непісьменная.

У 20 гадоў Марыя Максімаўна выйшла замуж за аднавяскоўца, яе муж, Віктар Міхайлавіч, быў старэйшы на дзесяць гадоў. Каханне ў маладых было вялікае, ды толькі доля нялёгкая. Хутка пачалася Вялікая Айчынная вайна, якраз у год яе пачатку ў Габрусевічаў нарадзілася  старэйшая дачка Вольга, затым праз два гады сын.  Адразу пасля вызвалення родных мясцін ад немцаў мужа забралі на фронт, Марыя Максімаўна засталася адна з дваімі малымі дзецьмі на руках. Цяжка працавала, і перажыванняў хапала. Тым больш, што вайна закончылася, а ад мужа не было ні вестачкі, не вяртаўся дамоў.  Потым аказалася, что закінулі яго яшчэ пад кітайскую граніцу, ваяваў у Манголіі, быў паранены.

Нялёгкімі былі і пасляваенныя гады. Разам з мужам працавалі ў калгасе, ды так старанна, што і Віктар Міхайлавіч, і Марыя Максімаўна атрымалі званні заслужанных калгаснікаў.

У сям’і нарадзіліся яшчэ  дачка і сын.

— Я багатая, — кажа стогадовая юбілярша. – Я нарадзіла чатырох дзяцей, маю  9 унукаў і  ўжо 13 праўнукаў.

У 1950 годзе вёска Валотынь амаль уся згарэла, хату страцілі і Габрусевічы. Пабудавалі пасля пажару невялічкую хатку, але вялікай сям’і ў ёй было цесна. Таму ўзялі заём і пачалі будаваць  большую, шмат грошай давялося выплочваць, і сям’я была ў многім абмежаваная. Марыя Максімаўна ўсё жыццё працавала на ферме ў Валотыні, гадавала цялят. Нават калі выйшла на пенсію, яшчэ некаторы час працавала на ферме, а потым пайшла ў брыгаду паляводаў. Уявіце сабе, што нават у 75 гадоў у яе былі яшчэ ўсе выхады ў калгасе.

Ўжо 40 гадоў, як Марыя Максімаўна засталася адна, муж памёр, няма ўжо і аднаго сына.  Спачатку яна жыла адна ў Валотыні, не хацела са сваёй хаты адыходзіць, але калі стала  падводзіць здароўе, пераехала да дачкі Зінаіды ў Свіслач.

— Я часам кажу: “Мама, табе ўжо сто гадоў, нават не верыцца!” – рассказвае Зінаіда Віктараўна. – На гэта яна толькі ўсміхаецца і адказвае: “Я чужых гадоў не забрала, усе мае…”

І хоць Марыя Максімаўна цяпер знаходзіцца ў  Свіслачы, на Бераставіччыне пра заслужаную калгасніцу не забылі. І ў соты дзень нараджэння да яе з падарункамі і віншаваннямі завіталі старшыня Эйсмантаўскага сельскага Савета Ганна Болдак і старшыня прафкама КСУП “Варанецкі”  Жана Янушка.

А вядучы спецыяліст па рэгістру насельніцтва групы па грамадзянству і міграцыі Бераставіцкага РАУС Галіна Ігнацюк  прывезла Марыі Габрусевіч новы пашпарт, які абавязкова  выдаецца ў сувязі з дасягненнем 100-гадовага ўзросту.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *