Бераставіцкі падворак шчыра вітаў гасцей у Дзятлава

Актуально Лента новостей

2Свята ўраджаю – дажынкі – для беларусаў асаблівае. Яно прасякнута глыбокай павагай да людзей, якія працуюць на зямлі. Па традыцыі, акрамя падвядзення вынікаў спаборніцтва на жніве і ўшаноўвання перадавікоў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, свята дажынак суправаджаецца кірмашамі, выступленнямі народных фальклорных калектываў, выставамі вырабаў майстроў і рамеснікаў, гульнямі і забавамі.
Да абласных “Дажынак-2015”, што праходзілі 13 лістапада ў г. Дзятлава, кожны раён Гродзеншчыны падрыхтаваў уласны падворак і культурна-забаўляльную праграму. Бераставіцкі – не выключэнне.

1 25 20151113_125431 20151113_130551 20151113_133824 20151113_143027 20151113_143441 DSC01844 image (1)Стылізаваны пад сялянскую хату падворак, на якім праходзіла імправізаванае вяселле, наладзіў СВК “Цецяроўка”. Дзятлаўчане і шматлікія госці горада проста не маглі прайсці міма: іх вабіў пах смажанага на ражне парасяці і юшкі, якімі частавалі ўсіх жадаючых. Тут можна было пагрэцца гарачай гарбатай. Гаспадыня і Гаспадар падворка ­­– мастацкі кіраўнік філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці Алена Бутрыла і загадчык філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Кватары Сяргей Касьян – шчыра запрашалі да сябе гасцей, праводзілі гульні і конкурсы, ладзілі танцы. А задавалі тон святу і ўзнімалі настрой задорныя фальклорныя і эстрадныя нумары ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”, удзельніц аматарскай творчасці аг. Пагранічны Надзеі Кобрынец, Нэлі Касьян і Ніны Хамко, работнікаў культуры Антона Бажко, Аляксандры Каравай, Алены Бутрыла і Сяргея Касьяна. Словам, на бераставіцкім падворку было вельмі весела і мнагалюдна. Без перабольшання, ён быў адзін з самых каларытных на свяце, пра што сведчылі шматлікія водгукі гасцей. І заслуга ў гэтым – сельгаскааператыва “Цецяроўка” і нашых артыстаў.
“Бераставіцкія музыкі” выступалі не толькі на падворку, але і на галоўнай сцэне абласных дажынак, дзе сваёй творчасцю дзяліліся з гледачамі лепшыя калектывы Гродзеншчыны. Наш ансамбль выканаў сем песен. Бераставіцкія прадстаўнікі ўдзельнічалі і ва ўрачыстым шэсці пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2015 года. А работнікі культуры неслі каравай і сноп.
Акрамя гэтага, на гульнявой пляцоўцы “Дзіцячы гарадок”, што размясцілася на мясцовым стадыёне, работнікі аддзела па рабоце з моладдзю Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці правялі гульнявую праграму для дзяцей пад назвай “Восеньская мазаіка”. Маленькія жыхары Дзятлава з задавальненнем удзельнічалі ў вясёлых конкурсах і віктарынах разам з роставымі лялькамі з Вялікай Бераставіцы.
У выставе-продажы вырабаў народных майстроў Дамоў і цэнтраў рамёстваў Гродзеншчыны свае саламяныя і гліняныя вырабы, роспіс па дрэве, дробную кераміку і іншае прадстаўлялі загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, майстар саломапляцення Тамара Касьян і майстар народных промыслаў Наталля Галавач. Выстава бераставіцкіх майстроў вылучалася сваёй рознапланавасцю, а прыгажосць і якасць вырабаў прыцягвала шмат пакупнікоў.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *