Бераставіцкія аграрыі гаспадараць эфектыўна

Лента новостей

IMG_5534Мінулы год сваёй працяглай спёкай стварыў праблемы для сельскагаспадарчых вытворцаў усёй рэспублікі. Аграрыі з-за аб’ектыўных прычын не змаглі атрымаць чаканую належную эканамічную выгаду. Немагчыма з упэўненасцю сказаць, што і ў гэтым годзе надвор’е не будзе падносіць свае непажаданыя сюрпрызы нашым руплівым земляробам. Яны імкнуцца супрацьпаставіць такім “капрызам надвор’я” сучасныя эфектыўныя тэхналогіі, стараюцца працаваць з належнай аддачай.
Якія ж у гэтым годзе віды на ўраджай? Вось што расказаў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Аляксандр Курыла:
— Вільгаці ў глебе на палях гаспадарак Бераставіччыны пакуль дастаткова. Калі пройдуць яшчэ веснавыя дожджыкі, гэта таксама добра. Своечасова трэба будзе правесці эфектыўныя тэхналагічныя прыёмы – закрыццё вільгаці, перадпасяўную апрацоўку глебы, затым прыступіць да сяўбы сучаснымі камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі. Для пачатку сяўбы і прарастання насення неабходны пэўны “плюсавы” тэмпературны мінімум. Напрыклад, для прарастання яравога ячменю патрабуецца сярэднесутачная тэмпература паветра – 1-2 градусы, для аўса – 3-4, для пшаніцы – 4-5. З павелічэннем тэмпературы паветра вышэй за звычайны ўзровень расліны развіваюцца хутка. Пры захаванні сучасных эфектыўных тэхналогій “віды на ўраджай” добрыя. У СВК “Цецяроўка”, напрыклад, самыя вялікія плошчы пад сельгаскультуры ў раёне, а прыкладна кожнае чацвёртае зерне належыць гэтай гаспадарцы.
Наперадзе напружаная гарачая пара. У СВК “Цецяроўка” пад азімыя збожжавыя адведзена 2055 гектараў глебы. Яравых плануецца пасеяць 1866 гектараў з кукурузай на зерне. “Каралева палёў” таксама дапамагае ўмацаваць эканоміку сельгаска­аператыва. Без яе ўжо немагчыма ўявіць дагледжаныя палі ў гаспадарках.
Пад цукровыя буракі адвялі ў гэтым годзе ў СВК “Цецяроўка” 200 гектараў, пад бульбу – 25. Шматгадовыя травы займаюць тут 739 гектараў, а пад кукурузу на сілас адведзена 795 гектараў.
Насенне сельскагаспадарчых культур тут выбіраецца перспектыўных гатункаў. Элітны насенны матэрыял купляецца і часткова ёсць у наяўнасці ў гаспадарцы свой, а тэхніка кожны год рыхтуецца загадзя. Механізатар Алег Дзегцяроў (на здымку) мясцовы, любіць сваю малую радзіму і маляўнічыя мясціны. Ён, як і іншыя прадстаўнікі такой нялёгкай прафесіі клапоціцца, каб тэхніка была спраўнай. За ім замацаваны айчынны трактар Беларус-3022. Старанны механізатар будзе заняты на ворыве, культывацыі. Усё, што яму даручаць, Алег стараецца выконваць якасна.
Пачынаюцца нялёгкія веснавыя клопаты. Няхай надвор’е спрыяе нашым землякам, і чарговае жніво апраўдае іх чаканні!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *