Бераставіцкая дзіцячая школа мастацтваў развіталася з выпускнікамі

Лента новостей

Кветкі, падарункі, граматы, фотаздымкі, цёплыя словы падзякі, апошняе выступленне на сцэне школы, развітальная песня выпускнікоў — усё гэта прыкметы адыходзячага навучальнага года і традыцыйнага справаздачнага канцэрта, чароўнымі гукамі і акордамі якога Бераставіцкая дзіцячая школа мастацтваў праводзіць сваіх выхаванцаў у добры шлях.

Па традыцыі з прывітальнымі словамі да вучняў, іх бацькоў і гасцей у зале звярнулася дырэктар школы Ірына Аляксандраўна Баер. Яна акрэсліла самыя важныя і яркія падзеі ў жыцці школы. А іх было нямала. Восень запомнілася яскравымі канцэртамі лаўрэатаў міжнародных конкурсаў — студэнта Вышэйшай школы выканаўчага майстэрства ў г.Фларэнцыя, піяніста Кірыла Кядука і саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, баяніста Ўладзіслва Плігаўкі. Свае званні “ўзорнага” і “народнага” паспяхова пацвердзілі два калектывы школы — дзіцячы хор “Кампанэлі” і вакальны ансамбль настаўнікаў “Канцона”. На працягу года вучнямі і настаўнікамі быў дадзены шэраг канцэртаў для дашкольнікаў і пачаткоўцаў райцэнтра, працаўнікоў СВК “Малабераставіцкі элітгас”, РУСП “Масаляны”, СВП “АграМір”. Разнастайнай была канцэртная дзейнасць дзіцячага ўзорнага духавога аркестра “Tutti”. Духавікі выступалі ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы на абласным семінары настаўнікаў, у бераставіцкім касцёле на Каляды, у Вялікабераставіцкай і Малабераставіцкай сярэдніх школах, на Дзень Перамогі, адкрывалі летні канцэртны сезон на сцэне амфітэатра і г.д.
Паспяховым для шэрагу вучняў стаў сёлетні ўдзел у абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах. Так, першыя месцы прывезлі ў раён Павел Сізоў і Карэн Саакян з абласнога конкурсу імя Горскага. Прызам сімпатый гледачоў адзначана работа вучаніцы мастацкага аддзялення Дар’і Коўган па выніках Рэспубліканскага конкурсу плаката “Небяспека — СНІД”. Другое месца заняў твор таксама вучаніцы мастацкага аддзялення Вольгі Стрыга на Рэспубліканскім конкурсе “Красавік”.
Дарэчы, у гэтым годзе мастацкае аддзяленне выпускае сваіх першых навучэнцаў. І парадавацца поспехам сваіх вучняў на свята прыехала іх першая настаўніца Вольга Раманоўская.
Пасля завяршэння ўрачыстай часткі справаздачнага канцэрта, уручэння пахвальных лістоў, грамат, пасведчанняў аб заканчэнні школы, падарункаў адбыліся выступленні лепшых вучняў і калектываў школы. І, як звычайна, музыка, якая лілася са сцэны, несла святло, радасць, стваральную энергетыку, а дапаўняла пазітыўны настрой выстава творчых работ вучняў мастацкага аддзялення пад назвай “Папараць-кветка ўзышла” , якая і цяпер дзейнічае ў фае школы.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *