Баба Зося і Кацечка, або Роздум пра сувязь пакаленняў

Лента новостей

Баба Зося и КацечкаПадчас журналісцкіх паездак па раёне мне пашчасціла ў адной з аддаленых невялікіх вёсачак пазнаёміцца з яшчэ адной старой вясковай жанчынай з нялёгкім лёсам. У яе жыцці – уласна кажучы, як і ў жыццях усіх нашых вясковых доўгажыхарак – быццам у люстэрку, адлюстроўваецца няпростая гісторыя роднага краю. Яны жылі ўсімі тагачаснымі падзеямі. Гаравалі, атрымліваючы з вайны пахаронкі, падымалі, недаядаючы і знясільваючыся, грамадскую і ўласную гаспадаркі. Былі добрымі жонкамі і матулямі, “ставілі на крыло і выводзілі ў людзі” дзяцей. Цаны няма гэтым жанчынам.
Пра тую маю новую знаёмую я некалі пісала ў газеце. Але ў маім блакноце, а па большай частцы ў памяці, засталіся назіранні-ўражанні і ўспаміны асобнага кшталту, і яны да гэтай пары саграюць мне душу. Падчас нашай тагачаснай сустрэчы побач з бабуляй была яе праўнучка Каця. Дзяўчынка гадоў васьмі, сціплая, з зацікаўленым уважлівым позіркам. Назірала я за абедзвюма з замілаваннем: старая і малая з такой любоўю, увагай і клопатам адносіліся адна да адной, што гэта не магло не крануць.
Пацікавілася, дзе жыве праўнучка і ці часта прыязджае ў госці. І бабуля, якая дагэтуль апавядала пра сябе вельмі неахвотна, аж расцвіла ад шчасця. І прадстала перада мною ў зусім іншым ракурсе: мудрай выхавальніцай і дарадчыцай, філосафам і захавальніцай роду сваёй сям’і. Яе праўнучка таксама ахвотна і жвава ўключылася ў гутарку. Памятаючы, як тады няпроста было ўгаварыць бабулю напісаць пра яе ў газеце, – пярэчыла: «Навошта гэта?! Жыла, як усе, жыла, як магла, то хіба пра гэта пісаць трэба?» – сёння я не называю сапраўднага прозвішча і імя ні яе самой , ні яе праўнучкі. Ды і не гэта галоўнае. Для мяне важна іншае: здолець перадаць сутнасць і святло адносін паміж чалавекам, які знаходзіцца на самым схіле жыцця і – зусім юным, які толькі-толькі ступіў на сваю доўгую жыццёвую дарогу. Паспрабую.

І.
… З прыходам летняга цяпла 87-гадовая баба Зося адчувае прыліў новых сіл. Як жартуе сама, пад цёплымі сонечнымі промнямі яе старэчыя косці, спруцянеўшыя за зіму, зноў робяцца гнуткімі, і ёй зноў прагна хочацца жыць, тупаць па сваім падворку. Але ўся радня ведае: справа ў іншым. Кожную вясну, бы тая птушачка з выраю, спяшаецца да бабулі яе гарадская праўнучка Кацечка. Ні для каго не сакрэт, што старая і малая – сяброўкі не разлі вада. І што бабулін двор для Каці – самае ўтульнае, камфортнае і цікавае месцейка на свеце. Тут у абе­дзвюх ёсць свае сакрэты і свае таямніцы.
Трэба заўважыць, што ў Зосі ёсць і яшчэ праўнукі, але жывуць яны надта ж далёка і, на вялікі жаль, прыязджаюць вельмі рэдка. А самая малодшая, Кацечка, якая жыве таксама няблізка і ў вялікім горадзе, з усёй дзіцячай непасрэднасцю і ласкай горнецца да бабулі. Яна для дзяўчынкі – той самы блізкі і самы дарагі чалавек, які шмат ведае і разумее, якому можна даверыць нават самае дарагое і патаемнае. Бацькам Каці ў гарадской спешцы ні на што не стае часу, а бабуля мудра і няспешна вучыць яе пільна і з цікаўнасцю ўглядвацца ў цудоўна-таямнічы навакольны свет, прымячаць літаральна ўсё, што навокал, каб потым зрабіць свае высновы.
Старая жанчына і дзіця разумеюць адна адну з паўслова. І гэта не дзіўна: нават суседкі прымячаюць, што Зося і яе праўнучка Каця падобныя не толькі характарамі, а і знешне яны – быццам дзве кроплі вады. Бабка не раз і не два казала ім: гляджу, ведаеце, на Кацечку, і, як у люстэрку, бачу сябе ў маленстве. Бо расла такою ж дапытліваю і гарэзліваю.
Не нацешыцца бабка з праўнучкі. Быццам ласкавае сонейка яе Кацечка: і прыхільная, і вясёлая, і цікаўная. А шчабятуха якая – не расказаць! Насумаваўшыся за зіму ў адзіноце, старая слухае не наслухаецца яе гамонкі. Распытвае, як малой жывецца ў тым горадзе, з кім яна там сябруе, як вучыцца. Раней дзяўчынка дзялілася сваімі ўражаннямі дзіцячага саду, а апошні час гэтак жа ахвотна дзеліцца школьнымі.
ІІ.
…Вось і гэтай вясною, калі ля веснічак спынілася легкавушка, і ў двары раздаўся дзіцячы галасок-званочак, старая радасна войкнула і паспяшалася яму насустрач.
– Мая ж ты Кацечка, маё ж ты сонейка, – туліць-цалуе яна дзяўчынку з доўгімі, пшанічнага колеру валасамі, а ў самой ад узрушанасці вільгатнеюць вочы.
А тая абшчаперыла прабабулю рукамі, і яны абедзве, старая і малая, замерлі ад шчасця.
…І дзяўчынка ўжо віхрам нясецца па падворку. Абягае-аглядвае ўсё, па чым узімку сумавала ў гарадской кватэры. Распытвае бабулю, ці прыляцелі ў шпакоўню на папяроўку шпачкі, ці спявае ў алешніку іх салоўка і ці “ставяць” ужо ў балоцечку свае адмысловыя канцэрты жабы-квакухі…Тая, выціраючы слёзы замілавання, ледзь паспявае адказваць цікаўнай праўнучцы.
Наперадзе ў абедзвюх – цэлае лета шчасця. Малая жыве прадчуваннем , што зноў пачуе чаруючыя аповеды пра жыццё самой бабулі і пра тое, як жылі Каціны продкі, чым яны займаліся, якія выпадкі з імі здараліся. Расказчыца з бабулі адмысловая! Слухаючы, дзяўчынка быццам трапляе ў той даўні-даўні час, і ёй здаецца, што ўсе падзеі яна бачыць сваімі вачамі. Вясковыя сяброўкі Каці таксама любяць паслухаць. І дзяўчынцы гэта вельмі прыемна. Яна ганарыцца сваёй бабуляй.
Дзеці сядаюць на шырокай лаўцы пад старой цяністай ліпай, якую – расказала ім бабуля Зося – пасадзіў яшчэ яе дзед. Усім цікава: колькі ж год гэтай ліпе, ствол якой яны і ўтрох не могуць абняць? Пачуўшы, што дрэву сто гадоў, дзетвара аж прыціхае ў моцным здзіўленні.
ІІІ.
… І вось цячэ-плыве бабулін успамін. Сяброўкі ўжо многае ведаюць з Кацінай радаслоўнай. Напрыклад, як яе прадзед ваяваў у Першую сусветную вайну і якую доўгую і цяжкую стрэльбу “цягаў” па ўсім фронце – бярданкай тая стрэльба называецца. Бабуля Зося кажа, што ў бушлаце, які прынёс яе татка з вайны, яна, малая, пасвіла каровы, і нават самы моцны дождж не мог прамачыць яго!
А праз нейкі час юныя слухачкі ўжо весела рагочуць. Пакуль Кацін прадзед ваяваў, яго сям’я апынулася ў бежанстве аж на рацэ Волзе. І вось аднойчы матуля бабы Зосі, выйшаўшы на вуліцу, убачыла, што на возе вязуць вялізнага парсюка. Але чаму гэта ў яго хвост, як у рыбы? І такі доўгі, што аж па зямлі цягнецца. Жанчына спалохалася і пабегла расказаць пра такое дзіва дзіўнае сваім родным. А тыя аж за жываты схапіліся ад смеху: гэта, маўляў, сом, якога злавілі ў Волзе. У нашай мясцовасці такіх шырокіх рэк і такіх вялізных рыбін няма, вось і не ведала кабета, што вязуць па вуліцы.
Той удалы ўлоў падзялілі і раздалі па хатах…
Кацечка шчыльней туліцца да старой і раз-пораз пазірае на сябровак: маўляў, вось якая класная ў мяне бабуля!
Цікавых гісторый у старой Зосі цэлы кораб – іх сапраўды хопіць на ўсё лета! І дзякуючы бабуліным расказам Каця ганарыцца сваімі продкамі. Да прыкладу, старэйшым братам прадзеда, які быў, аказваецца, вясковым настаўнікам. Толькі вучыў ён дзяцей не ў школе, а ў хатах. Было гэта, кажа бабуля Зося, вельмі даўно. Каця прымярае на сябе такую навуку і рашае: не, так вучыцца нецікава. І кажа пра гэта бабулі, а тая тлумачыць, што школы тады ў вёсцы не было, ды і каб была, то дзеці не мелі ўзімку цёплай вопраткі, каб бегаць на тыя ўрокі.
А Кацінага прадзеда людзі абралі першым старшынёй калгаса. Аднак Каці надта ж дзіўна, чаму гэта вяскоўцы цэлыя тры дні і тры ночы не маглі вырашыць, аб’ядноўвацца ім у калгас ці не. Бабуля Зося, у якой дагэтуль выдатная памяць, надзвычай артыстычна і ў асобах перадае рэплікі- сумненні сваіх землякоў. І даступна растлумачвае, чаму ж яны сумняваліся, чаму не спяшаліся аб’ядноўваць свае ўласныя гаспадаркі.
Дзяўчынка ўважліва слухае гэтыя жывыя займальныя расказы – яна пакуль яшчэ не падазрае, што гэта і ёсць гісторыя роднага краю, якую хутка будзе вывучаць у школе. Бабуля даступна і займальна распавядае гэтую гісторыю цераз прызму лёсаў сваякоў і сяльчан.
ІV.
… Асобнае месца ў бабуліных расказах займае Вялікая Айчынная вайна. Дзяўчынка ўжо ведае, што ў акупацыю жыць у вёсцы было вельмі страшна, у любы час маглі прыехаць немцы і расправіцца за непаслушэнства. У каменданцкі час людзям не дазвалялася хадзіць па роднай вуліцы. Браты бабы Зосі ваявалі, і адзін з іх застаўся ляжаць у чужой зямлі. Яшчэ яна расказвае, што паштальён зрэдку прыносіў у іх хату салдацкія пісьмы-трохкутнікі. Як яны чакалі тых лістоў з фронту, як выглядвалі таго паштальёна!
Адзін з трохкутнікаў бабуля зберагла. Аднак дастае яго з куфэрнага прыскрынку ў вельмі рэдкіх выпадках – толькі тады, калі праўнучка моцна-моцна папросіць. І Каця ўжо разумее, чаму: бабуля разгладжвае рукой моцна пажоўклы ліст ад загінуўшага маладзенькага брата, і вочы яе вільгатнеюць, а сэрцу ад душэўнага болю робіцца млосна.
…У драўляных рамках на сценах пакояў – мноства старых здымкаў. Для дзяўчынкі гэта цэлы скарб: яна распытвае, хто на іх сфатаграфаваны, просіць расказаць пра лёс кожнага. І бабе Зосі гэтая цікаўнасць праўнучкі як бальзам на душу. Найчасцей яны размаўляюць пра мужа бабулі – Кацінага прадзеда.
– Маё ж ты дзіцятка, – уздыхае старая жанчына, – гэта ж каб быў ён жывы, то гэтулькі табе расказаў бы… Бо цяжкім быў яго лёс: парабкаваў у Нямеччыне, ледзь не патануў на Балтыйскім моры.
Каця ў каторы раз углядваецца ў твар свайго прадзеда, якога яна ніколі не бачыла, і бабуліны расказы разгортваюцца перад ёю, бы кадры з кінафільма. Асабліва ўрэзаўся ў памяць эпізод, што адбыўся з яе прадзедам у самым канцы вайны. Ворагі пагрузілі парабкаў на баржы і адправілі ў адкрытае мора. А тут – бамбёжка, вада вакол уздымаецца высокімі сценамі і пераварочвае тыя баржы. Колькі людзей там загінула… Кацінага прадзеда выратавала шчаслівая выпадковасць: ужо скаціўшыся да самай вады ён здолеў ухапіцца рукамі за нечую нагу ў чаравіку. Чалавек моцна за штосьці трымаўся, і гэта вырашыла лёс іх абодвух.
Пасля вайны прадзядуля ажаніўся, выгадаваў трох дзяцей, пабудаваў дом. Ён быў, ведае ад бабы Зосі дзяўчынка, чалавекам надта добрым, спагадлівым, працавітым і пражыў доўгае дастойнае жыццё.
V.
…Нядаўна ў сваім горадзе Каця была ў этнаграфічным музеі. Ім, вучням, паказвалі там калаўрот і ткацкі станок, саматканыя посцілкі, абрусы, ручнікі. Гэтыя музейныя экспанаты не былі для дзяўчынкі нечым экзатычным. Бо калаўрот з прасніцай, снойніцу і кросны яна даўно бачыла ў бабулі Зосі. Каця любіць, калі на святы ложкі пакрываюцца саматканымі дыванамі, а стол – бялюткім абрусам з брыжамі. Тады старая бабуліна хата ўвачавідкі прыгажэе і маладзее, самабытнасць яе ўбранства стварае асаблівую ўтульнасць і па-сапраўднаму святочны настрой. А яшчэ перад кожным святам Сёмухі Каця з бабуляй абавязкова адпраўляюцца ў бліжэйшы лес, каб расстарацца крыху зялёных галінак. І да чаго ж цудоўны водар разліваецца тады па аздобленых галінкамі пакоях…
Бабуля дзяўчынкі – адмысловая майстрыха, яна і цяпер яшчэ прадзе на калаўроце, а Каціна мама вяжа з тых нітак цёплыя шкарпэткі. Сапраўдныя рарытэты для дзяўчынкі – два бабуліны куфэркі, распісаныя прыгожымі ўзорамі. Яны стаяць на гарышчы і там ёсць рэчы, якія ткала яшчэ матуля бабы Зосі. Іх дзяўчынка бярэ ў рукі з асаблівым хваляваннем. І, падобна, сямейныя рэліквіі ў бабулінай хаце літаральна на кожным кроку.
… Завяршаўся спякотны летні дзень. Каця збірала з лаўкі падушкі, якія баба Зося вынесла на сонца яшчэ зранку. Несучы адну з іх, здзіўлена заўважыла:
– Якая ж лёгкая і мяккая гэтая падушачка! Чаму ж, бабулечка, не спіш на ёй?
Старая адказала: “Берагу яе, Кацечка, як сямейную рэліквію – так, здаецца, ты называеш даўнія рэчы?
І распавяла такую гісторыю:
– Сям’я маёй бабулі Евы жыла надта бедна. І калі Ева падабралася, як кажуць, “пад дзеўку”, бацькі адправілі яе служыць у суседнюю вёску – да багатага яўрэя. У яго было многа курэй, і дзяўчына даглядала іх, пасвіла, збірала яйкі. З цягам часу надумалася яна назбіраць пер’я на падушку. У бедных сялянскіх хатах спалі тады на саломе. Еве ж захацелася зрабіць сабе вясельны пасаг, як у заможных нявестаў. Толькі як? Пра тое, каб украсці пер’е, не магло быць і гаворкі: за гэта каралі надта строга. І дзяўчына пачала цішком збіраць пяро на сваю падушку. Калі куры ў час лінькі пачыналі губляць пер’е, яна азірнецца, каб ніхто не бачыў, і падбярэ перынку, схавае яе за пазуху.
– Не памятаю, колькі год так збірала – можа, два, а можа, і болей, – апавядае баба Зося. – Аднак у рэшце рэшт, расказвала мне мая маці, сшыла добрую падушку. З ёю і замуж ішла, і такому шыкоўнаму пасагу ў вёсцы зайздросцілі. Калі ж вырасла дачка – гэта значыць мая мама, перадала свой пасаг у спадчыну ёй, А пасля вайны і я, Кацечка, прынесла гэтую падушку ў хату твайго прадзеда. Зімы тады стаялі халодныя, маразы трашчалі моцныя – нават вада ў вядры каля парога замярзала. І як жа выручала мяне гэтая мяккая ды цёплая падушачка! У такую марозную пару сваіх нованароджаных дзетачак на ёй гадавала.
VІ.
… Дапытлівая дзесяцігадовая Кацечка ўпітвае бабуліны аповеды, як губка. І, безумоўна, такім прыцягальным і даверлівым узаемаадносінам паміж старой жанчынай і яе малой праўнучкай няма цаны. Яны фарміруюць характар дзяўчынкі, заахвочваюць яе змалку заўважаць тое, на што без разумнай і ўмудронай багатым жыццёвым вопытам бабулі яна, пэўна, і ўвагі не звярнула б. А яшчэ прымушаюць быць уважлівай да навакольнага свету і ўсяго, што ў ім дзеецца, задумвацца над сённяшнімі і даўнімі падзеямі і людскімі ўчынкамі. Упэўнена, што з цягам часу дзяўчынка не проста ацэніць бабуліну навуку – гэтая навука стане для юнай асобы прышчэпкай ад усяго кепскага, не вартага чалавечай годнасці, засцеражэ ад дрэнных кампаній і непрыгожых учынкаў.
Жыццё сучасных маладых людзей і падлеткаў проста нельга ўявіць сёння без камп’ютара і інтэрнэта. І многія бацькі рады гэтаму: дзеці маюць занятак і ні ў чым не перашкаджаюць. Бясспрэчна, інтэрнэт – вялікае тэхнічнае дасягненне ХХІ стагоддзя, гэта сапраўды самы вялізны зборнік інфармацыі, які прадастаўляе самыя свежыя навіны вузкай і шырокай тэматыкі. А сацыяльныя сеткі – той галоўны магніт, з-за якога падлеткі суткамі ліпнуць да манітора, дзе прадастаўляецца многа магчымасцей.
Аднак разам з шырачэнным колам такіх магчымасцей прыходзяць і беды… Бо ў пэўнай ступені інтэрнэт – гэта падмена рэальнага свету, а яшчэ маса інфармацыі без цэнзуры. Самае ж галоўнае, што ён дае ілюзію ўсёдазволенасці і беспакаранасці – тут жа ўсё можна! І нездарма сёння грамадства б’е трывогу: у інтэрнэце існуюць клубы самазабойцаў, наркаманаў і клубы, якія абучаюць пачынаючых тэрарыстаў. І зусім невыпадкова сёння ў тым жа інтэрнэце ўсё часцей разгараюцца дыскусіі наконт неацэннай ролі ў выхаванні дзяцей менавіта старэйшага пакалення. Бо якраз яны, нашы бабулі і дзядулі – носьбіты і захавальнікі сямейных каштоўнасцей і традыцый і з вялікай ахвотай гатовы перадаць іх сваім праўнукам. Ды і хто, як не яны, могуць, і лічаць сваім абавязкам, падтрымліваць цесную сувязь пакаленняў, праўдзіва і жывапісна апавядаць юным пра жыццё іх продкаў, пра гісторыю іх роду? Да ўсяго, у сілу мудрасці і пражытых гадоў нашы бабулі і дзядулі валодаюць і больш трывалай, чым сучасныя маладыя таты і мамы, душэўнай раўнавагай, большым цярпеннем, а любові да праўнукаў у іх сэрцах – цераз край…
І калі ў вас ёсць такая шчаслівая магчымасць – часцей адпраўляйце сваіх дзяцей да сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль.
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *