Афганская вайна ў лёсе Аляксандра Нялепкі

Актуально Лента новостей

Цяпер, калі мінула больш за 20 гадоў пасля вываду савецкіх войск з Афганістана, мы ўспамінаем аб гэтай вайне звычайна толькі напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Але ёсць людзі, якія не забываюць аб ёй практычна кожны дзень, бо афганская вайна пакінула не толькі жахлівы след у іх памяці, але і скалечыла фізічна.
Сярод усіх былых воінаў-інтэрнацыяналістаў нашага раёна, бадай, самую высокую цану за ўдзел у афганскай вайне заплаціў А.Б.Нялепка – малады 20-гадовы юнак вярнуўся дамоў без нагі.
Я заўсёды захаплялася яго нязломнай воляй, цягай да жыцця і нястрымнай энергіяй. Інвалід 2-й групы, тым ні менш, ён ніколі не сядзіць на месцы, пастаянна заняты, заўсёды ў яго на першым месцы – забяспечыць дабрабыт сям’і і парадаваць сваіх дзяўчат, а іх у яго тры – жонка Ірына Вацлаваўна і дачушкі-блізняты Вольга і Таццяна.
Сціплы па характары, Аляксандр Баляслававіч не любіць прыцягваць да сябе ўвагу, ды і ўспамінаць аб афганскай вайне не асабліва хоча. Аднак, мне ўдалося сустрэцца з ім напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і пагутарыць аб тых далёкіх гадах.
Сам Аляксандр Баляслававіч з Бераставіцкага раёна, нарадзіўся і вырас у в.Казлы. Пасля заканчэння школы паступіў вучыцца на механіка ў Жыровіцкі тэх-нікум, але правучыўся толькі год: у маі 1986 года яму споўнілася 18 гадоў і Аляксандр быў прызваны ў армію.
У вучэбнай часці, што размяшчалася ў г.Дзмітроў Маскоўскай вобласці, практычна з першых дзён ужо стала зразумела, што служыць давядзецца ў Афганістане. У школе кінолагаў ён разам са сваёй аўчаркай Пэры рыхтаваўся да адпраўкі ў Афганістан: трэба было навучыць сабаку знаходзіць міны.
Праз паўгода яны разам прыбылі ў афганскі горад Чэрэкар, месяц акліматызацыі, і вось ужо служба ў сапёрным батальёне ў роце размініравання на базе, што размяшчалася на аэрадроме непадалёк ад г.Баграм. Кожную раніцу Аляксандр з Пэры выязджалі на аэрадром, абследавалі яго, каб не было мінаў. Даводзілася бываць і ў далёкіх камандзіроўках: у гарах правяралі афганскія машыны, выяўлялі ў іх небяспечныя грузы і зброю. Цяжкія ўспаміны пакінула аперацыя “Хост” зімой 1987 года, калі прыходзілася не толькі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях, але і некалькі месяцаў жыць проста ў траншэях.
Вайна – гэта заўсёды страшнае выпрабаванне, а тут яшчэ і цяжкія кліматычныя ўмовы адбіралі ўсе сілы ў салдат. Уявіце сабе, як пераносіць спёку ў +50 С у поўным абмундзіраванні, у бронекамізэльцы і з аўтаматам. Ноччу зімой маразы да -10 С, а скура на пальцах трэскалася ад перападу тэмператур. А яшчэ вельмі дрэнная вада даводзіла да таго, што салдаты хварэлі дызентэрыяй, малярыяй. Не абмінула гэта і Аляксандра Баляслававіча. І што самае страшнае – побач заўсёды была смерць: сябры гінулі і ў баях, і без іх. Помніцца Аляксандру, як вярталіся з задання ў часць, і саслужывец проста са-скочыў з машыны на абочыну і падарваўся на міне…
4 мая 1988 года тэрмін службы Аляксандра закончыўся, ён ужо чакаў адпраўкі дадому. А 24 мая ротны папрасіў сяржанта Нялепку адправіцца ў баявы выезд з разведчыкамі, за гэта было паабяцана, што дамоў паляціць першым рэйсам. Гэты дзень Аляксандр Баляслававіч ніколі не забудзе. Ехалі на бронетранспарцёры, спёка была, жалеза награвалася так, што Пэры не магла ўсядзець на брані, прыйшлося падаслаць ёй бушлат. Пры вяртанні назад трапілі пад абстрэл, завязаўся бой. Ад выбуху БТР перавярнула, а Аляксандр, які знаходзіўся ў адкрытым люку, за імгненне толькі і паспеў пера-кінуць правую нагу, а левую цяжкі браніраваны люк проста адрэзаў. Болевы шок, дрыжачая над ім ад страху Пэры, пасля гэтага Аляксандр яе ўжо больш і не бачыў…
Затым былі шпіталі ў Кабуле, у Краснагорску Маскоўскай вобласці, пратэзаванне, доўгая рэабілітацыя.
Дамоў вярнуўся толькі перад Новым годам, з ордэнам Чырвонай Зоркі, але без нагі…
Не зламала Аляксандра Баляслававіча вайна, не зламала і інваліднасць. Ён вырашыў жыць поў-ным жыццём, нягледзячы ні на што. Завочна працягнуў вучобу ў тэхнікуме, у хуткім часе пазнаёміўся з маладой настаўніцай, якая прыехала працаваць у Канюхоўскую школу, пажаніліся, атрымалі кватэру і пераехалі ў Вялікую Бераставіцу. Менавіта падтрымка любячай жонкі і дачушак дапамагае Аляксандру Баляслававічу жыць днём сённяшнім і адганяе страшныя ўспаміны з той далёкай, чужой вайны.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *