Ардэнаносец і яго жонка

Лента новостей

Вёска Лявонавічы так блізка туліцца да аграгарадка Стары Дворац, што ўспрымаецца хутчэй за ўсё адной з яго вулачак–ціхай, спакойнай, у цяністых прысадах. Асфальтаваная дарога, скіраваўшы ў поле каля Старадварэцкага ФАПа, збегла на масток праз рэчачку і, тут жа нырнуўшы ў вёску, неўзабаве прывяла мяне да хаты Майсаковых. Пры-знацца, даўно хацела сустрэцца з гэтымі людзьмі. Прозвішча Ва-сіля Хрысанавіча, у свой час перадавога мясцовага механізатара, ардэнаносца, не сыходзіла ў перыяды пасяўной ці ўборкі з раённай Дошкі гонару. Любоў Міхайлаўна два дзесяцігоддзі бездакорна ўзначальвала мясцовае паштовае аддзяленне. Такой работніцай была, што людзі і сёння добрым словам успамінаюць.  Яшчэ, ведала я, сям’я Майсаковых і ў вёсцы, і ў акрузе паважаная, каханне, лад ды згода пануюць у ёй. А тут надарылася і нагода: залаты юбілей вяселля ад-значалі ў пачатку ліпеня Васіль Хрысанавіч і Любоў Міхайлаўна. І вось я на іх падворку, гутарым за доўгім сталом пад цяністай грушай.
—Вы да нас далікатна завіталі, калі ўжо закончыўся  “мядовы” месяц,—жартуе гаспадыня.—А ведаеце, мы і срэбны юбілей адзначалі. Гарманіста ў Кордзіках нанялі, сябры дружбантамі і дружкамі сталі. Вось так, з музыкай ды вясельным “поездам” і прайшліся па Старым Дворцы. Людзі з хатаў выходзілі, глядзелі, віншавалі ды дабра жадалі. Усім запомнілася тая падзея. А хто, думаеце, яе арганізаваў? Дзеці. Такая ўжо завядзёнка ў сям’і: любіць адзін аднаго і дарыць адно другому радасць. А ўжо які залаты юбілей яны нам падрыхтавалі! Мы з бацькам у рэстаране тым ся-дзелі сярод гасцей, як, не раўнуючы, князь з княжною і толькі віншаванні прымалі:
—А якім жа было сапраўднае вяселле?—цікаўлюся. —І як пачыналася ваша рамантычная гісторыя?
Гаспадары ў думках азіраюцца на свае маладосць і сталасць.
…Час—здзіўляючая рэч. Падчас так спрэсоўвае па-дзеі ў жыцці аднаго чалавека, што не верыцца: няўжо гэта было? Так здарылася і з пакаленнем Васіля Хрысанавіча і Любові Міхайлаўны.
Ён родам з Аршаншчыны. Па тым краі вайна кацілася страшная. І маленства сваё Васіль Хрысанавіч памятае ў зямлянцы—бежанцы ўцякалі ад фронту і страшэнных баёў. А вярнуліся ў вёску—замест новага дома, што ставілі перад вайной, убачылі яму ад бомбы. Ізноў капалі зямлянку…
Здароўе таткі не вытрымала, ад інсульту памёр. А маці, з трыма дзецьмі на руках, паехала шукаць ратунку на яго радзіму. У Старым Дворцы быў калгас, ім і далі пакой у панскім чвараку.
А яшчэ дзяцінства запомнілася і яму, і яго Любе, халодным ды галодным.
—У маіх бацькоў нара-дзілася адзінаццаць дзяцей, жыло шасцёра,—кажа жанчына. –Мы хутаране. Работы, помню, было—рабіць не перарабіць. А жылі ўсё роўна бедна.
—Ведаеце нашы каменныя фермы, панскія яшчэ? Во там кароўнік быў,—успамінае.—Цяпер дзяўчына ў 16 год якая, скажыце, работніца? А я ўжо 22 каровы даіла, ды тройчы ў дзень. А студзіць малако ў крыніцу вазілі. Наставім бідонаў на воз, адна ўпражэцца ў аглоблі—астатнія ёй памагаюць. Усё больш на ўласныя рукі тады спадзяваліся. Сухія кармы на плячах насілі, а брагу—ў вёдры і на каромысла. Уручную і стойлы прыбіралі.
Васіль Хрысанавіч таксама з маленства ведае цану хлебу, працы, капейцы, заробленай уласным мазалём. На палявыя работы хадзіў з… 12 год. У гэта не верыцца, але хлапчук упраўляўся з парай коней: араў, баранаваў, ездзіў на жняярцы, сечку рэзаў.
Беднасць, нястача—рэч горкая, але яна і вучыць, фізічна і духоўна загартоўвае. Так лічаць, зведаўшы гэта на ўласным вопыце, мае субяседнікі. Невыпадкова, мусіць, Васіль Хрысанавіч такі дужы (бывала, цэнтнер лубіну—пад руку і занясе куды хочаш, кажа жонка), такі рабацяшчы, цягавіты. Бо на ім трымалася сям’я бацькава, потым–свая ўласная.
—Школу я заканчвала вячэрнюю,— кажа Любоў Міхайлаўна.—Так хацелася паступіць вучыцца далей! Але не давалі на тое ў калгасе даведкі.
Неяк Люба даведалася, што ў Гродне ёсць ФЗО. Паехала і…не знайшла, хоць і ў людзей пыталася, такой установы. Стаяла на вуліцы і плакала… У тэхнікум паступіла, калі ўжо сын нарадзіўся.
А рамантычная гісторыя іх пачалася каля панскага чварака. Якія там тады танцы ладзіліся! Моладзь з усіх навакольных вёсак збіралася. Яны ж адно ў адным убачылі свой лёс—маладая даярка і дэмабілізаваны салдат.
—Так і жывем во ўжо паўвека,—шчасліва ўсміхаецца гаваркая Любоў Міхайлаўна.—Вяселле ладзілі, а як жа. У царкве на запаведзь перад шлюбам падалі. А я ж перадавая даярка, камсамолка. Прыехаў у калгас старшыня райвыканкама Воранаў і, між усім іншым, мяне вы-        клікаў: “Чаму вянчацца ўздумала?!” Машыны ў царкву ехаць нам з Васем не далі, у Ваўкавыску наймалі. І абвянчаліся, а як жа інакш?—шлюб жа бярэцца перад Богам і перад людзьмі. Я пяю ў царкоўным хоры, то во надумалася яшчэ раз вянчацца—пасля паўвека гэта можна, і трэба, рабіць.
Муж і жонка не проста жылі ў згодзе, гадавалі дзяцей, працавалі ў калгасе і на сваім падвор’і. Яны дбалі, каб сям’я была моцнай, аўтарытэтнай, каб ніхто пра яе не мог сказаць ніводнага кепскага слова. Аўтарытэт нажываўся і руплівай працай. У Любові Міхайлаўны за тыя 10 год, што была даяркай—цэлая шаліноўка грамат. Да іх дабавіліся тыя, што за работу на паштовым аддзяленні ўручалі. Васіль Хрысанавіч, закончыўшы вучылішча механізацыі, на бульдозеры рабіў, потым—на “Беларусах”. У дзве змены, бывала, выходзіў: днём сее, вечарам арэ. Цанілі яго ў калгасе. На курсы бульбаводаў па-слалі, дык ён такі навык у гэтай справе набыў, што ўраджай клубняў рос з году ў год. Летам на камбайн сядаў, і тут у перадавіках быў. Потым на хімапрацоўку раслін механізатар спатрэбіўся—каму ж як не вопытнаму Майсакову даверыць? 10 год “аттрубіў” на той хіміі, кажа жонка. Не дзіва, што і ўзнагароды шматлікія знаходзілі гэтага працаўніка—сярод іх і ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Пашаны.
Лідэр у сям’і, хутчэй за ўсё, яна, жонка. Пры гэтым апошняе слова заўсёды за разважлівым, талковым гаспадаром. Але ўсякую работу—так павялося—яны робяць разам. У лес, бывала, едзе Васіль Хрысанавіч, і жонка з ім. Сена бяруць у полі—прычэп такі накладзе, што ён “з небам гаворыць”. Падрасталі дзеці і станавіліся памочнікамі. Як і бацькі, яны гэткія ж старанныя, усе адукацыю атрымалі.
—Валодзя аграрны універсітэт на выдатна закончыў,—з гонарам кажа маці. — Цяпер  на  Брэстчыне старшынёй сельсавета працуе. Наташа ў нас медыцынскі работнік, а Ларыса закончыла ў Цюмені архітэктурна-будаўнічы універсітэт. Так што мая мара—вучыцца—усё ж збылася: у дзецях.
…Паўвека таму яны сышліся, каб жыць у каханні, каб працягваць свой род, каб мець моцную сям’ю. І сёння шчаслівыя: калі з’едуцца ў Лявонавічы, да бацькоўскай хаты ўсе дзеці, шасцёра ўнукаў, двое праўнукаў—улетку і за гэтым доўгім сталом пад грушай цеснавата сям’і з васемнаццаці чалавек. Ці трэба жадаць чаго большага ў жыцці? Толькі здароўя сабе і ўсім сваім крывіначкам. Гэтага просіць у Бога Любоў Міхайлаўна.
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *