Алекшыцкія стыпендыяты

Актуально Общество

У выпускным, адзінаццатым, класе Алекшыцкай сярэдняй школы сярод дзяўчат займаліся толькі два юнакі. Але гэтымі маладымі людзьмі школа можа па праву ганарыцца. На працягу вучобы яны паказвалі не толькі высокі ўзровень ведаў, але і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці навучальнай установы, уносілі свой уклад у скарбонку дасягненняў школы, якая, дарэчы, даволі багатая на перамогі ў разнастайных конкурсах і спаборніцтвах.

30 мая, на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, на юнакоў была звернута асаблівая ўвага. І нездарма.

Пасведчанне аб узнагароджанні трэцяй прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў за перамогу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах атрымаў Дзяніс Фартэль. Павіншаваў яго з гэтым дасягненнем і ўручыў пасведчанне старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык.

Яшчэ адну стыпендыю – Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду – прывезла ў Алекшыцкую школу Наталля Кудлаш, дырэктар раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.

У рамках акцыі “Анёл у тваім сэрцы” сярод дзяцей – інвалідаў, сірот і дзяцей з мнагадзетных сем’яў, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучобе, спорце, інтэлектуальнай і творчай дзейнасці, праводзіўся конкурс на атрыманне Дыплома і стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. Упершыню за многія гады сярод 5 лепшых вучняў вобласці гэтай катэгорыі сёлета апынуўся і прадстаўнік Бераставіцкага раёна – Анджэй Бах з Алекшыцкай СШ.

За высокія вынікі вучэбнай працы і актыўную жыццёвую пазіцыю Наталля Кудлаш уручыла Анджэю дыплом і стыпендыю ў памеры трох базавых велічынь.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *