Ад выстаў да краязнаўчых падарожжаў. Тыдзень беларускага пісьменства і друку на Бераставіччыне

Лента новостей

Тыдзень беларускага пісьменства і друку ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага распачаўся прэм’ерай кніжнай выставы “Летапіс пісьмовай культуры” і галерэі гістарычных асоб “Галасы з даўніх вякоў: Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Сымон Будны”.

Выстава знаёміць з гісторыяй кнігадрукавання на Беларусі. Асаблівая ўвага на ёй надаецца ролі ўладальнікаў Вялікай Бераставіцы 16 стагоддзя ў станаўленні беларускага кнігадруку.
У філіяле “Дзіцячая бібліятэка” для вучняў 4-х класаў Вялікабераставіцкай сярэдняй школы было арганізавана краязнаўчае падарожжа па Вялікай Бераставіцы пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”. Падчас сустрэчы дзеці даведаліся пра гісторыю нашага роднага мястэчка, пра яго знакамітых землякоў і помнікі архітэктуры і культуры. А да шасцікласнікаў супрацоўнікі філіяла завіталі на ўрок і разам з імі адправіліся ў літаратурна-гістарычнае падарожжа “Друкаванае слова на Беларусі”, прысвечанае Дню беларускага пісьменства і гораду Іванава, дзе праходзіла рэспубліканскае свята. Вучні прынялі ўдзел у віктарынах і конкурсах “Асветнікі зямлі беларускай”, “Мой народ”, “Людзі. Падзеі. Факты.”, “Лепшы знаўца гісторыі і культуры”.
У філіяле “Канюхоўская інтэграваная сельская бібліятэка” адбыўся літаратурны круіз “Мовы друкаванай чароўныя словы”. Падчас мерапрыемства юныя чытачы разам з бібліятэкарам прааналізавалі сувязь беларускага друкаванага слова з яго славянскімі вытокамі, з гісторыяй беларускага народа.
У філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” ў рамках гістарычнага падарожжа пад назвай “З крыніц гістарычнай спадчыны” наведвальнікі даведаліся шмат цікавага пра буквар, 400-годдзе якога сёлета адзначаецца, і пра яго факсімільнае выданне. А для самых маленькіх чытачоў – першакласнікаў Малабераставіцкай СШ –
быў праведзены ўрок інфармацыйнай культуры. Вучні атрымалі першапачатковае ўяўленне аб бібліятэцы, пазнаёміліся з правіламі яе карыстання, а таксама з фондам перыядычных выданняў і мастацкай літаратуры для дзяцей малодшага ўзросту.
***
Мерапрыемствы ў рамках Тыдня беларускага пісьменства адбыліся і ў іншых філіялах райбібліятэкі.
Падрыхтавала
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *