Адданы сваёй справе

Сельское хозяйство Тема недели

Да людзей, цалкам адданых сваёй справе,  я адношу і хлебаробаў. Пра такіх звычайна кажуць, што прыкіпеў. Гледзячы на іх, ты разумееш, што праца на зямлі, як пісаў А. Глобус, “не менш значная за дыпламатычныя пасады і кіраўнічыя рэгаліі”. А я б дадала, яна куды больш значная.

Аб гэтым добра ведае і экіпаж з КСУП “Пагранічны-Агра” ў  складзе камбайнера Дзмітрыя Кухарчыка і яго памочніка Аляксандра Шыплюка. Для ўдзельніка ўборачнай кампаніі прастойваць на незжатай ніве — недазваляльная раскоша. Але выключэнне з правіл ёсць. Звычайна гэта абедзенны перапынак, радзей – час-другі пасля начной навальніцы, пакуль лёгкі ветрык абвее колас. У час, калі прырода робіць сваю справу, я маю магчымасць пагаварыць з героем публікацыі.
Свой уклад у агульны каравай краіны Дзмітрый Кухарчык уносіць ужо не першы год. Пасля заканчэння ў 2004 годзе Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа была армія. Адразу пасля службы прыйшоў працаваць ў КСУП “Пагранічны-Агра” механікам, а з 2010 года займае пасаду вядучага інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка на тым жа сельгаспрадпрыемстве.
— У такіх людзей любоў да тэхнікі ў крыві, – уключаецца ў размову Васіль Шкулепа. – Памятаю, як будучы яшчэ падлеткам, ён прыбяжыць на поле. Трымаючы ў руках некалькі спелых і духмяных яблыкаў, глядзіць на мяне сваімі “па-дзіцячаму” наіўнымі вачанятамі. А я ж усё разумеў, яблыкі нібы сімвалічная плата за тое, што дзядзька Васіль пакатае “малога” на камбайне (усміхаецца).
Зараз гэты непаседа вырас і ўжо сам кіруе падобнай тэхнікай. Пад час уборачнай кампаніі працуе на “Палессі”, восенню – на буракаўборачным камбайне. На 14 жніўня экіпаж намалаціў ужо 1050 т зерня, пры гэтым на сельгаспрадпрыемстве абмалочана 2504 га зямель, што складае 76% ад агульнай плошчы. Ураджайнасць – 40,9 ц/га.
Дарэчы, бацька Дзмітрыя Аляксандравіча таксама старанна працуе камбайнерам на жніве КСУП “Пагранічны-Агра”, кіруючы “Лексіёнам-580”, а малодшы брат – загадчыкам майстэрні. Вось яна пераемнасць ва ўсёй сваёй красе.
— Напэўна, кожны чалавек да сваіх абавязкаў падыходзіць з вялікай адказнасцю, — гаворыць Дзмітрый Кухарчык. – Для хлебароба ўборка – напружаная пара. Ад ранку і да золку ты выкладаешся на поўную, пасля працоўнага дня знясілены рвешся дадому, бо цешыць думка, што там цябе чакаюць жонка Лена і тры сыны — Сашка, Данік і Жэнька. Напаўняючыся іх падтрымкай і любоўю, ты зноў гатовы на новыя здзяйсненні і новыя рэкорды.
Папраўдзе, я таксама люблю пару жніва, акутана яна нейкай своеасаблівай рамантыкай. Выйдзеш на прыгорак і адчуваеш ледзь улоўныя павевы ветрыку, які гуляе ў тваіх валасах, паднімеш вочы – і цябе заварожвае чысцюткі блакіт неба, а дзесьці ўдалечыні, нібы “залаты” дождж, напаўняе кузаў машыны зерне. Варта ўсяму гэтаму скончыцца, як ты адчуваеш, чагосьці не хапае. У тваёй душы. У тваім жыцці. Нібы знікла святло і цёмна стала навокал.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *