Аб’яднала афганскае братэрства

Лента новостей

Воіны-інтэрнацыяналісты Леанід Качан, Сяргей Васіленка, Мікалай Марцішчанка, Юрый Краснаслабодцаў, Сяргей Гіжук

Далёкая афганская вайна адышла ў гісторыю. Большасць з нас ведае пра яе толькі з кінафільмаў і кніг. Супярэчлівая, незразумелая, цяпер яе часта называюць бессэнсоўнай. Але яна была, і цана, якую давялося заплаціць за яе, вялікая: жыцці больш за 15 тысяч маладых савецкіх салдат, якія яна адабрала. І калі мы толькі можам здагадвацца, якой яна была на самай справе, то праўду пра яе ведаюць тыя, хто пад кулямі падымаўся ў атаку, хто ў страшэнную спёку дзяліў адзін глыток вады на дваіх, хто замярзаў на горных перавалах, хто праводзіў сваіх сяброў у апошні шлях у “чорным цюльпане”, хто і сёння ўздымае тост за загінуўшых на афганскай зямлі таварышаў. Юнакамі яны прайшлі пекла вайны, выконваючы свой грамадзянскі абавязак і застаючыся вернымі салдацкай прысязе, знаходзілі ў сабе сілы заставацца людзьмі побач са смерцю і не хавацца за спіны таварышаў. Сярод іх былі і прадстаўнікі бераставіцкай зямлі, якія і сёння жывуць побач з намі, аб’яднаныя салдацкім братэрствам і агульнымі інтарэсамі, якія прадстаўляе раённая арганізацыя “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў я сустрэлася з яе старшынёй Сяргеем Васіленкам, каб пагаварыць аб тым, чым сёння жыве арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў.
-На сённяшні дзень, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч, — наша раённая арганізацыя налічвае 35 ветэранаў афганскай вайны, якія жывуць у розных вугалках Бераставіччыны. Яны прайшлі Афганістан у розныя часы, у розных званнях, але тое, што выпала на іх долю ў час афганскай вайны, аб’яднала мацней, чым сваяцкія і сяброўскія сувязі, гэта сапраўднае афганскае братэрства.
На шчасце, усе прызваныя з бераставіцкай зямлі юнакі вярнуліся дадому жывымі, двое з іх маюць ордэн Чырвонай Зоркі, многія ўзнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”.
І сёння наша першачарговая задача – падтрымаць нашых таварышаў, абараняць іх інтарэсы. Жыццё ёсць жыццё, і здараюцца цяжкія дні, калі мы трацім сваіх баявых сяброў.
Раённая арганізацыя не застаецца ўбаку, мы аказваем пасільную дапамогу ў арганізацыі пахаванняў. Вядома, грамадская арганізацыя не мае ўласных грашовых сродкаў, усё трымаецца толькі на энтузіазме нашых таварышаў.
Вялікую ўвагу ўдзяляем і патрыятычнаму выхаванню маладых людзей, сустракаемся са школьнікамі, расказваем ім пра нялёгкае ваеннае жыццё і мужнасць нашых баявых таварышаў, якія добрасумленна выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, прымаем удзел у Зорнай эстафеце на Дзень Перамогі і провадах на службу будучых салдат.
Гаварыць пра афганскую вайну і боль, які яна нам прынесла, цяжка. Але і маўчаць пра яе не трэба. Трэба помніць пра падзеі тых страшных дзён, каб не дапусціць іх паўтарэння і аберагчы ад іх будучыя пакаленні.
Кожны год у дзень вываду войск з Афганістана мы абавязкова збіраемся разам. Гэта святы дзень, у які мы ўспамінаем ваенныя будні, сваіх баявых таварышаў, памінаем загінуўшых. І выказваем ўдзячнасць тым, хто выстаяў ў афганскай вайне, пераадолеў свае фізічныя і маральныя траўмы, нягледзячы на іх знайшоў сваё месца ў жыцці. Нашы сустрэчы толькі пацвярджаюць: сяброўства, братэрства воінаў – інтэрнацыяналістаў з гадамі толькі мацнеюць, і хоць афганская вайна адыходзіць у гісторыю, людзі, якія прайшлі яе вогненнымі дарогамі, будуць заўсёды несці памяць аб яе падзеях у сваіх сэрцах.
Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *